1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12

Сіняя-сіняя

Апошнія вершнікі з крыкам і гартанным лямантам адхлынулі за дзюны і праваліліся, зніклі за імі, як жоўта-белая лава... Як вада... Не, як апошнія языкі самуму.Настала цішыня.Ён ляжаў на пяску, гэтай разагрэтай, нясцерпна гарачай патэльні. Ад дзюнаў яго аддаляла нізкая, у палову сажня вышынёй, паласа: разбураны мур борджа1. Тут усё было разбурана: муры, дзве халупы для людзей і стайні. Над крыніцай варушылі калючымі крыламі дзве пальмы. На такіх бываюць найлепшыя фінікі «дзеглатнур». Яны маціцовыя, як поласць дняпроўскай ракавінкі. Найлепшыя фінікі.Толькі не тут.Бо крыніца заплывае. Бо мур ужо разбураны з трох бакоў, і ён ледзь паспеў нацягаць плітняку і зрабіць у адным з куткоў яшчэ два невялікія муры, свой маленькі бордж, наводдаль ад вады і дрэў. Зрабіць прыстанак для іх у яго не было часу. І гэта была сапраўды патэльня, і ён ляжаў на распаленым пяску, а руля ягонай стрэльбы была яшчэ гарачэйшая за пясок. Перад ім, на пяску, каля самай грады дзюнаў, ляжалі ў нежывой паставе два вярблюды, аднагорбыя мясцовыя драмадэры. Адтуль часам патыхала смуродам: вярблюд дрэнна пахне, калі некалькі дзён не п’е. Вельмі дрэнна пахне.Трохі наводдаль ад жывёл ляжаў чалавек у блакітнай доўгай блузе і шараварах, перацягнутых у таліі чырвоным поясам. Як і пры жыцці, галава, рот і нос таргві2 былі пад белым пакрывалам. Бачныя былі толькі вочы. Дакладней - адно вока, бо другое разам з паловай аблічча танула ў пяску. Гэтае вока глядзела. Яно было, як жывое, чорнае і драпежнае. Ён не хацеў страляць па туарэгах. Але другія суткі без вады - гэта ўжо занадта. Спачатку ён страляў па вярблюдах, гэта павінна было пераканаць таргві ў тым, што ён не хоча ім зла, хоць яны і нападаюць.Вунь той, што ляжыць там, упаў з забітай жывёлы і не кінуўся ўцякаць. Таргві самыя смелыя людзі пустэчы. Гэты самы проста ўзяў і пайшоў на яго, узняўшы меч. Валюхаў нязграбна, як качка, і дзіўна размахваў рукамі: таргві дрэнна ходзяць, зусім як маракі.Бог на сваім высакародным мехары3, гном - на пяску.Дзяўчынка закрычала так страшна! А таргві як адурэў, і быў ужо зусім блізка, і мог уварвацца з мячом ці кінуць дзіду. Дзяўчынка крычала....І вось цяпер чалавек ляжыць нерухома. Круглы шчыт са шкуры антылопы адкаціўся ўбок. Правая рука з каменным бранзалетам з серпенціну адкінута. Нясцерпна зіхацяць на поясе і шыі амулеты. А меч, што адляцеў амаль да ног, абутых у вярблюджыя поршні, блішчыць у пяску, як струменьчык вады.Нават у мёртвага ў яго высакародная пастава. Чырвоны плашч на шырокіх плячах, як заламаныя крылы. Напаўзакрытае белае аблічча, магутныя ногі. І меч ззяе ўбаку, як струменьчык вады. Рыцар часоў агульнага гандлю, чыгуначных спекуляцый і шыбеніц. Чалавек, які здольны з’явіцца не там, дзе яго чакаюць, а там, дзе ён хоча. Жах пустыні. Граза схватак. Уладар пяскоў. Труп....Дзяўчынка варухнулася за спіной.– Адхаліб, піць.– Пачакай, Джаміля, - сказаў ён шорхлым голасам. - Пацярпі. Дам, калі будзе зусім дрэнна.Ён адчуў роспач. Узвысіў шорхлы голас і крыкнуў па-арабску тое, што ўжо крычаў сёння, можа, дваццаць разоў і што цяпер, пасля злашчаснай сутычкі, зусім не мела сэнсу.– Таргві! У імя Аманаі, у імя Аджэн!4 Ідзіце да крыніцы!Пустыня маўчала. Яна не верыла. І яна мела рацыю.“Веру. На добрай дыстанцыі ружэйнага стрэлу”.Ён не збіраўся страляць, але яны гэтага не ведалі. Яны атакавалі - і ён забіў аднаго. Веры не было.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12