1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12

Сіняя-сіняя

Першыя глыткі адбіліся болем у глотцы. Але вада кацілася ў глотку і, здавалася, нават ціха звінела, як струмень фантана ў крыштальны кубак. І ён піў, піў, піў, а над ім імчалі хамары пяску - самум піў разам з ім.Потым ён абмыў павязку вадою з пляшкі і зноў напоўніў пляшку з вядра. Ён радаваўся гэтаму, бо з пляшкі нічога не вып’еш.Заставалася яшчэ палова. Не менш як дваццаць пляшак. І тады Пятрок з цяжкасцю адарваўся ад студні і пайшоў у напрамку, які ён заўважыў.Павязка адразу высахла. Ён успомніў, як дыхалася ў тую хвіліну, калі абмываў яе. Як у напаленай печцы, куды нехта магутнай помпай наганяе пясок. Цяпер хоць пяску не было. Была проста печка. І ў левай руцэ быў зашморгнуты і перахоплены рукою - ніжэй зашмаргі - скураны мех. І ў жываце цяжка боўталася вада.Іхні з Джамілёй закутак раптам знік. Шум пяскоў напоўніў свет. Пустыня стагнала і калацілася, падымаючы ў неба з кожным уздрыгам усё новыя і новыя пласты сваёй паверхні.Ён стаў на калені і папоўз. Але і так яго раз-пораз згінала да зямлі. Тады ён папоўз лежачы. Дыхаць было немагчыма. Ён поўз з заплюшчанымі вачыма і толькі зрэдку, праз далонь, ля самых вачэй, глядзеў на дрыжачую стрэлку.Некалькі разоў яго ссоўвала назад, як чарапаху, як бязважкі лісцік дрэва. Ссоўвала разам з пяском. Але ён поўз і поўз.Ён плазаваў, адчуваючы, што памірае.Апошні кашмар прыйшоў раптоўна. Ён ляжаў і сутаргава соваў нагамі, а нехта прыклаў да ягонай галавы вялізную далонь і лёгка, як чалавек, што не дае паўзці сляпому кацяняці, затрымаў. Пятрок торгаўся так хвілін пяць - а можа, вечнасць? - торгаўся, абліваючыся халодным потам, пакуль не зразумеў, што гэта канец дарогі, што гэта не далонь невядомага, а іхні закутак, іхні маленькі бордж.Тры разы вецер зрываў яго з муру, аж пакуль яму не ўдалося перакуліцца ў яго. А там ён адшукаў рукамі напаўзасыпаны горбік, паклаў побач з ім цёплы ўжо мяшок, а сам лёг побач, захутаўшы мяшок і галаву краем тэліса з вярблюджай воўны. Вычысціў пясок з вушэй, заткнуў іх і сціх.Пясок імчаў над імі, паступова заносячы ўсё і ўся.І Пятрок адчуваў, што сэрца ягонае як не выскачыць з грудзей. Ён напіўся і не адчуваў смагі, але глотка - яна ўжо высахла. Яе, здавалася, пакрыў суцэльны балесны струп. Нешта падступала павольна-павольна. Як сон. А потым нібы нехта дзьмухнуў на свечку. І стаў змрок....Ён ачуняў раптам, адразу ж усвядоміўшы і небяспеку, і самум, і стрэлы з-за дзюнаў. А ўсвядоміўшы - сеў, скінуўшы з сябе тоўсты слой пяску. Была цішыня. Паветра ачысцілася. І толькі нібыта разам з вызваленым сонцам, якое спускалася за далягляд, асядала на зямлю чырванаватая смуга. Зацененыя бакі дзюнаў былі ліловыя, на баках ліловы колер пераходзіў у бэзавы, а на вяршынях, на якія клаліся апошнія промні, гарэла, паступова цьмянеючы, вадкае золата. Пустыня свяцілася, як сумная згасаючая вясёлка.Пятрок ведаў: з пачаткам ночы яны могуць прыйсці зноў. І ён паспешліва пачаў прыгаршчамі высыпаць пясок са свайго маленькага борджа. Вызваліў месца, дзе яны ляжалі, націснуў на мяшок: амаль поўны. І ўрэшце адкапаў з пяску маленькі запылены кокан. Адсунуў краёчак - спіць. Вейкі падрыгваюць. Доўгія, згінастыя. Пакруціў галавою: хай спіць, пакуль спадае гарачыня і пакуль яшчэ не захаладала нанач.Ён дастаў мяшочак з прыпасамі і пералічыў іх. Узяў дзве жмені мукі і замясіў іх на кроплі вады, разам з сушаным мясам. Паклаў фінікі. Нічога, пад’есці можна, а смага амаль не мучыць уначы.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12