1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12

Сіняя-сіняя

– Матыль-матыль, нa мукі, за гарою тры ваўкі, - сказаў ён, успомніўшы сваё маленства.Матыль рухам галавы рассунуў тэліс і, толькі паказаўшы сонцу аблічча, расплюшчыў вочы.– Сіняя-сіняя? - прамармытаў матыль.– Сіняя-сіняя, - нібы ў даўнюю гульню гуляючы, сказаў ён. - Еш.Дзяўчынка прыпала да пляшкі.– Ты не пі многа, - папрасіў Пятрок. - Уначы будзе холадна. - А сам падумаў, што ўначы будзе ці не занадта горача.Пылок асеў. Разам з сонцам. Чыстае зеленаватае неба, трохі расплаўленае з аднаго боку, бяздонна распасціралася над пяскамі.– І тамарынд там сіні?– Тамарынду там няма, - сказаў ён. - Але там ёсць лясы. Нешта накшталт гэтых пальмаў, толькі зялёныя да паловы. І там іх - як зор на небе.– А яны сінія?– Бываюць. У месячныя ночы... І тады яны стаяць спакойна, а пад ветрам шумяць.– А што ёсць яшчэ?– І яшчэ ёсць рэкі.– Што гэта?– Ты ведаеш, што такое Іхархар?– Ведаю. Шырокая сухая лагчына.– Ну вось. А там лагчына шырынёю ў тры Іхархары. Толькі не сухая, а поўная вады. І вада гэтая не стаіць. Яна плыве, грукоча, цурчыць або проста і плаўна рухаецца наперад. Удзень на ёй гуляе сонца. Уначы ў ёй адбіваюцца зоры.Яна маўчала, нібы абдумваючы нешта. Першая зорка загаралася ў зялёным небе. Зорка не міргала - такое чыстае было паветра над маўчаннем Сахары.– Ты дарослы, - сказала Джаміля, - і мне няможна гаварыць такое даросламу. Але мне здаецца - ты хлусіш. Такога не можа быць на зямлі. Ты гэта, напэўна, каб мне было весялей. І яшчэ таму, што бацька так доўга не ідзе... А твая зямля, напэўна, проста пясок, дзе няма і лужыны. Сорам табе хлусіць. Людзі пустыні ніколі не хлусяць.– Я не хлушу, - сказаў ён. - Ты ж бачыла міраж? Гэта паветра прыносіць яго з іншых краін, дзе шмат дрэў і вады. Каб дзеці верылі. Ты ж бачыла? Рэкі, а над імі дрэвы.– Гэта міраж, - як дарослая, сказала яна.І тады ён стаў на калені.– Слухай, - сказаў ён. - Імем гэтага неба, тваім жыццём, тым, што я сёння зрабіў, я клянуся табе, што ўсе мае словы - праўда. Што сапраўды ёсць на свеце і балоты, і крыніцы праз кожны дзесятак крокаў, і рэкі і лясы, і такая зямля, што ўся сіняя.Яна доўга маўчала. Ён чакаў.– Я б хацела туды, - сказала яна. - Пэўна, гэта і ёсць рай Алаха. Чаму ж ты пайшоў адтуль, адхаліб?– Мяне выгналі злыя ворагі.– Я б такога ніколі не аддала, - ціха сказала яна.– Таму што ты ведаеш пустыню.– А ты?.. Не, я не аддала б..І тут гэтыя словы нібы нешта адпусцілі ў ім. Нібы прарвалася нешта даўняе, даўкае, гнятучае. І ён заплакаў. Бязгучна. Толькі слёзы каціліся па шчоках.– Раскажы, - ціха сказала яна. - Значыць, і гэтыя... рэкі... Значыць, і яны сінія?– І яны сінія, - гартанна сказаў ён. - Іх многа. А між іх стаяць лясы. І лясоў таксама многа. І паміж дрэў бяжыць многа ручаін. А замест пяскоў там паплавы, і на іх многа рознакаляровых кветак, а над кветкамі - арка-вясёлка. А часамі на ўсё гэтае падае снег... Ты не ведаеш, што гэта - снег. Ён падобны на белую воўну, што падае з нябес. На белую воўну з мільёнаў мехары.– А ён бывае сіні?– Бывае. Калі гарыць над ім месяц. Зірні, там усходзіць месяц.Месяц сапраўды ўсходзіў над пустыняй. І яна была пад месяцам бясконцая, як неба. А над ёю гарэлі, амаль не міргаючы, тысячы зор.Яна ляжала перад ім, бязмежная, як жыццё, азораная, залітая празрыстым святлом. Свяцілася кожнай дзюнай, нібы адлітай з таго ж крышталю, што і вочы малой. І ўсё гэта было бязмежнае, усеабдымнае і ўсёпаглынальнае, як час, як жыццё, як чалавек, як далёкая... далёкая... далёкая...

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12