1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12

Сіняя-сіняя

Дзяўчынка глядзела на яго, як на таго, хто з’явіўся з казкі. Абхапіла калені ручанятамі, паклала на іх падбародак, схіліла галаву. І ў яе ўскінутых трывожных вачах, як тысячы светлячкоў, адбіваліся зоры.– Раскажы, - ціха папрасіла яна.І ён расказваў. І паступова знікала вымушаная беднасць мовы, знікаў некуды семнаццацігадовы душны праклён, знікала чыгунная туга. Ён расказваў, і перад абмытымі вачыма, далёкае, жывое, уставала тое, што ён тысячы разоў бачыў і адначасова нібы пазнаваў першы раз.Крыжы на ростанях, вёскі ў барвяных каралях арабін, чырвоная шыпшына ля дарог, начлежныя коні ў тумане. Балоты, імшары, балоты. Мястэчкі сярод сініх лясоў, мосцікі над начнымі ручаінамі.Сінія-сінія-сінія паплавы.– Я б хацела туды.– Ты паедзеш туды, - сказаў ён.– Добра, - перарывіста сказала яна.Пятрок захутаў яе і паклаў пад мур. Хай сабе паспіць. Стаяла цішыня.– Сіняя-сіняя, - сказала Джаміля.І адразу замурлыкала. Ціха-ціха.Ён сядзеў над ёю і пазіраў, як яснее над бязмежнасцю трапяткая смуга чароўнага ззяння.Недзе там, за пустыняй, за морам, была другая зямля. І ён не мог без яе. Яе не было тут, але яна была.З атлусцелымі панамі, з бяздушнымі ўладарамі душ, з хлуснёй, са спаласаванымі мужыкамі, з апляванай, забароненай мовай.Але яшчэ і з паплавамі, і з сінімі вербалозамі на берагах рэк. Няхай няшчасная, няхай забітая і абылганая, але свая, найлепшая ў свеце, сіняя, чыстая, як першае каханне, да якога не прыліпае ніякі бруд, як бы ён ні цягнуўся.Джаміля думала, што ён з’явіўся з казкі... Гэта праўда... І трэба ратаваць казку, пакуль яна казка, а не пустыня. Трэба біцца за яе нават з самім д’яблам і памерці на яе зялёных лугах, прыгажэйшых за ўсё на зямлі.Вяртанне. Толькі вяртанне. Няхай там нікога няма. Камусьці трэба пачаць.Ён вытрымае тут і два, і тры дні. Ён вытрымае тут... колькі спатрэбіцца. Ён не можа не зрабіць гэтага. Таму што ён не можа аддаць у рабства кудысьці на Чад або ў Танжэр, у другі канец вялікай нявольніцкай дарогі, гэты камячок жывой плоці, які вярнуў яму радзіму.Радзіму, якую таксама нельга аддаць.І нават калі заб’юць, ён памрэ з думкаю пра дзяўчынку і з думкаю пра яе, багацейшы, чым за ўсе семнаццаць пустых год.“Сіняя-сіняя...”А над бясконцасцю, шырэй за якую ён зараз быў, ляжала нерухомае, урачыстае і невымоўна пакутнае святло.За градою дзюн пачулася чыстае плясканне мазолістых вярблюджых ног.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12