Самая подробная информация зоотовары онлайн здесь.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12

Сіняя-сіняя

І ён запісаў:“Людзі, калі вас толькі панясе сюды пекла, - толькі на поўдзень, толькі туды”. Падумаў і закрэсліў. Людзям ягонага колеру скуры няма чаго рабіць на поўдні, у чужой краіне.“25 ліпеня 1880 года. У цяні - 40, на сонцы, дзе мы, - 62. Тэмпература глебы - 24. Нас засталося двох. Са мной Джаміля, васьмігадовая дачка шэйха з Уед-Рыра. Вакол туарэгі. Пяць дзён таму назад яны напалі на Уед-Рыр і тры ночы гналі нас па пясках. Загінуў шэйх з сям’ёю і ўсе ўдзельнікі экспедыцыі. Загінулі ад дзід і смагі. Падзякуйце за гэта ўраду, які блытае навуку і вайну, які скупіцца на разведчыкаў і пасылае замест іх медыкаў, батанікаў і гідраінжынераў. Учора загінуў Брысак. Напэўна, не дажыву да раніцы. Малю як аб апошняй літасці: дзіця, мабыць, пагоняць у рабства, і напэўна, на поўдзень. Выкупіце! Мая пенсія за год - у Гадамесе. Малю вас!.. Гэта апошні мой запіс”.Ён загарнуў кніжку ў брудную насоўку, прысыпаў пяском да самай сценкі, а на сценцы надрапаў вострым каменем крыж. Калі будуць аглядаць месца апошняй бітвы - здагадаюцца, мабыць, што раз крыж, то пад ім павінна быць нешта пахавана. Таргві не здагадаюцца: яны не хаваюць пад крыжам.– Што ты робіш, адхаліб?– Не звяртай увагі, - сказаў ён па-арабску. - І нікому не кажы пра гэта. Тут наш паратунак. Што б ні здарылася, тут наш паратунак.– Амулет?– Амулет.Дзяўчынка глядзела на яго з-пад доўгіх загнутых веек вільготна і сумна, чорнымі дзівоснымі вачыма. І крыштальныя каралі блішчалі зусім як яе вочы. Толькі вочы былі чорныя.“Тыповы берберскі твар, - падумаў Пятрок. - А калі ўжо казаць шчыра, самыя чыстыя берберы - таргві. Ці не дзіўна, што адны берберы рэжуць другіх?”Ён успомніў, як яны адстрэльваліся і як маўклівы шэйх страшна закрычаў, калі адсеклі галаву нашчадку. Хлопчык упаў. Шаўковыя шаравары на дзіцячых ножках трапяталі на ветры, а ў пантофель з чырвонага саф’яну паступова наносіла пясок, бо пантофель зваліўся з ножкі.Шэйха потым прабіла дзідай. Жонка ягоная несла дзяўчынку. Высокая жанчына ў доўгай чырвонай гандуры, яна прыкрыла Джамілю краем белага пакрывала, нібы вэлюм быў самай надзейнай абаронай. Магчыма, гэта было і так, бо ён, Пятрок, страляў, прыкрываючы іх, а калі азірнуўся - жанчына ляжала ніцма, і крыві не было відаць толькі таму, што гандура была чырвоная.А вершнікі імчалі на драмадэрах, гайдаючыся, як дзівосныя птушкі. І дроцікі ляцелі роем, і жанчына была мёртвая, а дзяўчынка засталася. Дзіўна, што адны берберы рэжуць другіх.Урэшце, што дзіўнага? Хіба на ягонай радзіме не было таго самага? Брат паўставаў на брата, бацька - на сына. А што рабілі з мужыкамі? А што з паўстанцамі? А што з афіцэрамі, калі спаймаюць? Загінуў Мацкявічус, загінуў Пацябня, Кастуся Каліноўскага павесілі, Загорскі бадзяецца невядома дзе і, можа, загінуў, маёр Кавецкі расстраляў паўстанца Волгіна.Паршывая зямля! Кaты і рабы!– У цябе дрэнныя думкі, адхаліб? - дзяўчынка смактала каралі.– Сядай да муру, нямытыя вочкі, - страшным агрубелым голасам сказаў ён, - тут яшчэ лапічак ценю.– Чаму нямытыя?– Дык чорныя ж.У яго, Петрака, ніколі не было ні жонкі, ні дзяцей. Гэтая паганая навалач там, на так званай радзіме, літасціва пазбавіла яго неабходнасці даваць ім на хлеб. У яго былі толькі жанчыны. Светлавалосыя ў Андалузіі; легкадумныя з Тэнерыфа; сонныя турчанкі з вузкіх вуліц Галаты; вольнанароджаныя жанчыны Гадамеса з мацерчатым чырвоным шарыкам на лбе; маўрытанкі з Феца і Танжэра.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12