1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12

Сіняя-сіняя

Там былі гарматы і шыбеніцы. Тут - жанчыны. Усё абрыдла, і ён уцёк сюды - збіраць расліны, мераць нікому не патрэбную зямлю, разведваць мясцовасць, у якой потым, праз трыццаць год, калі ягоныя косткі пабялеюць на сонцы, як мармур, стануць бурыць артэзіянскія студні.І знойдзе тут свой канец. І ўсюды на зямлі адна нудзьга і марнасць марнасцей.Толькі шкада Джамілі. Лёс судзіў яму адзін дзень пабыць бацькам. Ён ніколі не быў бацькам. Смага зрабілася нясцерпнай. Ад усеўладнага святла, ад знішчальнай гарачыні распухла і стала бронзавай скура. Засвярбелі спіна, карак, рукі, бакі. Ён ведаў, гэта высыпала на іх спякотная восыпка.Амаль аслеплымі вачыма ён глядзеў, як варушыліся ў слюдзяным трапяткім паветры султаны альфы, дрын і тамарыск - усе скурастыя, сухія ад звону, калючыя, як скура акулы, і шорсткія, як наждак.Якая яна, вада? Ён не помніў, якая яна на радзіме. Ён помніў, якая яна бывае тут. Саланаватая, з серавадародным пахам - у балацявінках велічынёй з далонь, чыстая - у калодзежах. Цемнаскурыя руара з касты ртасаў-ачышчальнікаў усё жыццё чысцяць студні. Па чарзе, з малітвай, ныраюць у ваду і сядзяць там часам да чатырох хвілін, а потым выходзяць і цягнуць скураное вядро з глеем і каменьчыкамі. Чатыры хвіліны ў вадзе!Во каб гэта быць ртасам!Але ён не ртас. І перад ім не калодзеж, а дзюны і гміра - дарожны знак, складзены з каменняў. І яшчэ пясок, да якога нельга дакрануцца голай далонню. І ўрэшце - неба. Неба, якое ўсё мацней адлівае пякельнай смяротнай і трывожнай барвай.У гэтай барве няма ўжо ні дзюнаў, ні неба, ні гміры - толькі пекла і смага. У гэтым пекле ўсё ж ёсць жыццё: і для фенека - рыжага звярка пустыні (вунь ён крадзецца праз гамаду да крыніцы, вясёлы і аблавухі, як першакласнік), і для чубатага пустыннага жаўрука, і нават для брыдкага варана з ягоным тлустым, зямлістым тупым целам.Усім воля. І фенеку, і жаўруку, і варану. Волі няма толькі для людзей. Як добра быць ртасам! Чатыры хвіліны ў ледзяной, глыбіннай, жывушчай вадзе!– Хочаш піць, маленькая?Узняла доўгія загнутыя веі:– Хачу, адхаліб.Глытае, закінуўшы галаву. Ён прымушае сябе глядзець убок.– А ты, адхаліб?– Не хачу.– А што будуць піць бацька і маці, калі прыйдуць?– Я ж табе сказаў - адпачнуць і прынясуць вады.– А таргві?– Бацька прывядзе людзей... Ты сядзь у мой цень.Дзяўчынка перапаўзла ў цень ад ягонага вялізнага цела і прыціхла.Так, усім воля. Нават таму вунь варану, які цягне між дзюнаў сваё тлустае цела.Волі няма толькі для людзей. А тут дарогу заступілі таргві.Уласна, чаму? Калі ён прыйшоў сюды пасля ўсіх сваіх бадзянняў, многія таргві сталі яго сябрамі, і ён сярод іх быў “адхаліб” - славуты лекар. І вочы ягоныя былі зоркі - Ітран, а душа - сонца, Тафука. Ён ніколі не баяўся хадзіць сярод іх з сябрам, Ган-Аджэнам.Ган-Аджэн чуў пах вады за пяць вёрст. Ён клаў свайго мехары і вывучаў чужы вярблюджы след.– Гэта ехалі не свае, адхаліб. Бачыш, памёт драмадэра? Яны і не ведаюць, што памёт - гэта паліва. Гэта маўры. І сярод іх быў белы. Бачыш, ён мачыўся стоячы. Чакай, вунь там яшчэ сляды, свежыя, пахнуць. Тыя людзі ішлі з пустыні і выйшлі на дарогу першага каравана праз гадзіну... Ідуць за імі. Не наганяюць. Адсюль да Туфата... Гэ-э, яны прыйдуць у Туфат уначы, калі маўры і белы палягуць спаць. І яны не спяшаюцца, хоць іхнія мехары даўно не пілі... Папомні маё слова, адхаліб, заўтра мы даведаемся, што ў борджы Туфат выразалі маўрытанскі караван, а за белага просяць выкуп.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12