1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12

Сіняя-сіняя

Жабрак не плаціць нічога....І негрыцянкі, што гандлююць малаком у порыстых збанах. Малако заўсёды ледзяное, бо малочніцы паліваюць збаны ледзяной вадой....Пад сонцам, што нясе жыццё і смерць, варушыцца стракаты кірмаш. Фігі, камякі вострых прыпраў, масла, фарбаванае ў аранжавы колер, мяккі саф’ян, кошыкі валоскіх арэхаў... Негр мые ногі ў жолабе фантана... А калі ў Дагамеі прыносяць ахвяру сонцу, чалавек радасна скача з высокай скалы ў мора, у абдымкі цудоўнага, сіняга, прахалоднага, іскрыстага бога.Не, вяртання не будзе. Вялікая Афрыка забрала яго ў палон. У шэрым цараванні смерці, між пірамідаў, між вялікім Хеопсам і вялікім Хефрэнам ён падумаў аднойчы аб радзіме і аб яе лёсе - і гэта быў пачатак канца.Маленькая краіна, уся пісаная гісторыя якой налічвала восемсот год, з якіх трыста сама не ведала, хто яна такая. Вартыя жалю спробы нешта зрабіць, некуды кінуцца. Спробы дзеяння, падобныя на валтузню верабейкі ў веніках. Лухта і марнасць марнасцей!Ну і што? Ну, нават каб і адолелі чыгунную сілу? Каб адступіўся цар? Усё адно людзі гінуць і народы гінуць, і працэс гэты няўхільны, а на зямлі не застаецца нічога, акрамя магіл. І мізэрная, нязначная думка чалавека побач са сфінксам, побач з ноччу і цішынёй, побач з вялікім цараваннем магіл.Калісьці, вычытаўшы ў старадаўняй кнізе пра Усяслава: “Шастакрыльцы! Сыны Белабога! Наперад!”- ён разрыдаўся ў скураную вокладку.Ну і што? Многія тысячагоддзі стаяў сфінкс, пакуль не крыкнуў гэтыя словы бязведамны князь бязведамнай краіны. І вось ужо няма князя, няма ягонага сэрца і думак, а сфінкс стаіць. І вакол -труны.Усяслаў памёр, і хлопцы памерлі, і край, і сам ён, Пятрок, вось-вось памрэ. А сфінкс будзе глядзець і глядзець у ноч сляпымі вачыма з чырвонага граніту. Ягоныя вочы пацямнелі ад дыму войнаў, ад начнога змроку, ад відовішча мільёнаў мёртвых. Царствы і рэспублікі працякалі па твары зямным, і нічога не змянілася.Ён, Пятрок, сядзеў тады пад сфінксам і радаваўся, што рана ў грудзях прывяла яго ў пустыню, дзе чыстае паветра, да сфінкса, у Афрыку, дзе ён цяпер і застанецца.А тады месяц усплыў над пяскамі, і аблічча сфінкса стала зялёнае, як малахіт, а вусны расцягнуліся далёка ў бакі, нібы стварэнне знарок пакінула іх у сумнай і памяркоўнай да зла зямнога ўсмешцы.Калі, што было яму да таго, што ён, Пятрок, разам з сябрамі біўся і сплываў крывёю, што многіх павесілі? Ён столькі бачыў такога.І ўсё адно, усё адно ж наперадзе магілы і пяскі, што заносяць руіны царстваў. Каму лягчэй ад вартых жалю чалавечых намаганняў?...І так, праз усмешку сфінкса, стары ўсходні ад атруціў яго.Спякота стала нясцерпная, смага пякельная. Галаву гваздзілі тысячы малаткоў. Пятрок заплюшчваў вочы, але святло катавала і праз павекі. Нібы вар’ят, мастак пырскаў на свет пурпурам, барвай, атрутнай зелянінай. Колеры рэзалі, пілавалі, таўклі.Смерць прыходзіла не ў дабратворнай цемры, а ў шаленстве фарбаў і колераў, у расплаўленых плынях чыгуну, у пырсках палаючага фосфару, у вар’яцкіх патоках крыві і вадкага золата. Ён дыхаў цяжка і горача і адчуваў, як вяла замірае сэрца. Вяла і няўхільна, бо яно не магло гнаць па жылах адчувальна густую кроў. А смерць наступала і наступала ў пагрозным і страшным святле.Смерць у ліпені. Смешна, што ліпень! Дзе тут ліпы? Тамарыск ды вайя. І пустыня наперадзе. Якія ўжо там ліпы!...Цвітуць ліпы. Якая прахалода! Вялізныя, раскошныя, усе ў вясёлкавых россыпах рос. У чысцюткай сцюдзёнай расе, у звоне пчол.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12