1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12

Сіняя-сіняя

Але там таксама рабства і народ, які здрадзіў паўстанню і не хоча думаць ні аб чым, акрамя кішэні. І няма ўжо сілы змагацца....Іх прыціснулі тады да Доўгай Кручы. І гарматы раўлі, вырываючы мяса, вырываючы людзей, сеючы змрок. А людзі сыпаліся са стромы, падалі ў ваду Дняпра, у сіне-зялёнае прадонне, імклівае і халоднае, аж казытала ў жываце. Вада несла трупы і жывых. А гарматы раўлі. Вось адна гахнула зусім побач.Пятрок расплюшчыў вочы. Не, гэта не была гармата. Проста грымнуў і разваліўся на дзве паловы вялікі камень непадалёку ад яго. Раскалоўся пад прамымі промнямі пякельнага сонца. Славуты “крык сонца” арабаў. Нават камяні не вытрымліваюць.Дзяўчынка зусім асалавела ад гарачыні, і ён зноў сеў, каб уласным целам зрабіць ёй цень.Сфінкс меў рацыю. Усё знікае, і борсанні пакаленняў ля яго вартыя жалю....Падпалілі трыснёг ля балацявіны, каб вярблюда не ўкусіла змяя. І агонь яшчэ шыпеў дзе-нідзе, а драмадэры ўжо кінуліся праз яго, і, плюхаючы, па пахі ўлезлі ў ваду, і пілі, пілі, пілі. І смурод патрывожанага імі серавадароду плыў хвалямі. А людзі капалі ямы ля берага, каб вада тачылася праз пясок, і пілі, пілі, хоць вада смярдзела, як пратухлае яйка. Гэта было два гады назад, калі яны з Брысакам паміралі ад смагі, ідучы да котлішча Тайбе.Сцежкі. Сцежкі. Пагойдваецца вярблюд. Угору, уніз, направа, налева. Горш, як карабель у дробны зыб. І на гарбе - бурда і тэліс з вярблюджай воўны, і механічна, як здані, ідуць у моры спапяляючага святла вярблюды...Афрыка, каханка мая! Ты забіваеш мяне!Тысячы блакітных і барвовых змеяў пад Танжэрам.Змеі і ў сухіх травах. Рагатая змяя, аспід-змяя Клеапатры. Але і тут са змеямі можна змагацца... Араб грэе над вогнішчам бубен... Ракоча нагрэтая скура... Стары плюе ў пашчу змяі, і тая кусае яго, а яму нічога... І ён глядзіць ёй у вочы, і травінка не падае з яе галавы, калі яна, зачараваная, ляжыць на зямлі... І ён закопвае змяю і скача на гэтым месцы, а потым адыходзіць на дзесяць крокаў і грае на дудцы, і змяя выпаўзае з зямлі да яго ног.Тут можна было змагацца нават са змеямі. Не тое што на радзіме.Тут, прынамсі, была барацьба. І берберыйскі леў ішоў зараснікамі алеандраў, акацый і вербаў на чалавека. А чалавек ішоў на звера.А ўначы чалавек сядзеў у засадзе ля загона для быдла, і чакаў, і слухаў стыхійнае, як далёкія грымоты, вурчанне звера ў зарасцях.“Тор-р, тор-р-р, тор-р-р-р”.Гукі набіралі сілу, як грамавы молат, варочаліся ледзь не над галавою, як гром. Леў ішоў, і нават цыкады сціхалі, пачуўшы раскаты рыку.“К-ха, к-ха, - нібы ў паміраючага, хрыпіць у грудзях, а потым: - Р-ра-тор-р, р-ра-тор-р”, - з перападамі і ўзлётамі, з хрыпам, стогнам, раскатамі і кашлем.І палёт цела над агароджай, бязгучны палёт, і сустрэчны ўдар стрэлу, нібы сцёбнулі смяротнай пугаю. І канец. І ён ляжыць, горды, распасцёрты, крутабокі і грывасты.З ільвом можна было змагацца. Не тое што там, на радзіме, з шакаламі ў мундзірах. Тыя джаляць, як аспіды.Не, ён не пойдзе адсюль. Яна, вялікая Палюбоўніца, узяла яго. Назаўсёды. Яму не вярнуцца назад, таму што ў Палюбоўніцы подласці няма, яна толькі забівае. Таму што ён чалавек без радзімы.– Адхаліб, - нясмела спытала дзяўчынка, - ты адкуль?Танюткія, як пруцікі, бронзава-чырвоныя ад сонца рукі сціснулі пляшку з рэштай вады.– Ты лепей папі, - параіў ён.Апошнія кроплі. Гэта ўсё. Канец. Праз некалькі гадзін - канец. Праз некалькі дзён іхнія трупы высахнуць, як косць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12