1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12

Сіняя-сіняя

– Дзякуй, адхаліб, - сказала дзяўчынка, праглынуўшы ўсё, што заставалася на дне. - Ты раскажы мне, адкуль ты. Дзе ляжыць твая зямля? Мне трохі сумна.Яна яшчэ і патрабуе.– Ды што табе сказаць? Мая зямля далёка адсюль. Яна непрыгожая і вельмі бедная. Ты бачыла жыхароў пячор у Бені-Зяльтане? Пад зямлёй людзі, козы, авечкі, куры. Нішто не змянілася з біблейскіх часоў... Дык вось, нас таксама загналі пад зямлю.Яму было цяжка гаварыць. Рот і глотка былі нібы з наждаку.– Зусім пад зямлю? - звонка спытала яна.– Ну, не зусім, а так...– А якая яна, твая зямля?– Я ж кажу: каменні, каменьчыкі, камяніскі, камяні. І ўсё гэта россыпам на зямлі. І яшчэ балоты. Вялікія балоты.– І вада горкая, як у Тайбе?– Не, вада салодкая. Толькі рудая, бо настоена на травах... Тайбе маленькае, а нашы балоты цягнуцца ледзь не сто гамадаў за намі.– О-о! - прыкладала яна да шчок далонькі. - Як жа вам пашанцавала! І колькі ж гэта вярблюдаў можна з іх напаіць, пакуль не застанецца гразь?!– Гм, тысячы тысяч, і яны ніколі не вып’юць.Яна глядзела на яго недаверліва, і ён паправіўся:– Ну, можа, і менш.– Якія вы шчаслівыя. Падумаць толькі, колькі ж гэта балот! І людзі з іх п’юць?– Не, людзі гэтым грэбуюць, як “пакрытыя” - вярблюджым мясам. Людзі п’юць з крыніц.– І доўга трэба ісці ад адной да другой?– Найбольш гадзіну. Часам толькі некалькі крокаў ад адной да другой.– А між імі пясок?– Не, між імі трава. Як у аазісе ля самай студні.– І, значыць, уся твая зямля, адхаліб, зялёная?Яму не хацелася гаварыць пра так званую “сваю зямлю”, але так дзяўчынка лепей забывалася пра смагу. І таму ён гаварыў, нібы каменьчыкі ў глотцы варочаў.– Зялёная. А калі вясной глядець з узгоркаў, то нават сіняя.– Сіняя? - захоплена спытала яна. - Сіняя-сіняя?– Сіняя-сіняя, - сказаў ён.Не казаць жа дзяўчынцы, што гэтую сінюю зямлю залілі крывёй, выпалілі. Што яна чырвоная і чорная.– А вярблюды? - спытала яна.– У нас замест іх коні.– А фінікі?– У нас замест іх яблыкі.– Гэта лепей, - сказала яна. - Ад фінікаў хочацца піць. А яблыкі сакаўныя.Ясюкевіч даўно ужо, з вялікай трывогай, чуў недзе далёка, за змрочным чырвоным гарызонтам, а потым бліжэй і бліжэй нейкія дзіўныя гукі, спявучыя, перарывістыя, нібы залатое пілавінне падала на срэбны шчыт. Нябачны хор маленькіх, з пясчынку, чалавечкаў цягнуў сваё “а-а-а-а”. Спачатку весела, потым сумна, да болю, потым нібы з адчаем і галашэннем.Што гэта было? Звінелі званочкі на дняпроўскім поплаве? Спявалі сірэны між падводных губак ля камяністых, амытых сіняй вадою скал?І раптам ён з жахам, ад якога ўпала сэрца, зразумеў. Спявалі пяскі. Спявала сваю песню, летучы на крылах пясчанай навальніцы, Смерць.І раптам голас пяскоў нібы нехта адсек, і знемаганне разлілося над усімі, а жах распасцёр свае крылы, таму што далягляд ужо зацягнуўся чырвона-чорнай смугой.Закурылася верхавіна дзюны. А потым і другія, ніжэйшыя, пачалі струменіць у небе дымныя языкі. Шэрыя, яны паступова рабіліся бурымі, а потым чорнымі, цягнуліся вышэй і вышэй, да чырвонага, нібы к заходу, шара ў вышыні.На ўсім абшары пяскоў варушыўся чорны тысячалапы павук, нібы выпускаючы ўгору дрыготкія шчупальцы, каб спаймаць імі сонца. Цякучыя, зменлівыя, агідна жывыя, яны паўзлі і паўзлі з вяршынь, згіналіся, варушыліся, паўзлі вышэй і вось ужо амаль спляліся да сонца, а потым рыўком спаймалі яго.Дыхаць было нельга. Пятрок зняў верхнюю кашулю і захутаў ёю галаву дзяўчынкі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12