1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12

Сіняя-сіняя

– Прыхіліся галавою да муру, каленкі ўгору.Ён падторкнуў ёй пад бакі вярблюджую бурду. Даваў магчымасць трохі дыхаць, калі занясе пяском. Голую шыю ярасна, як шрот, секлі пясчынкі.“Смерць, - падумаў ён і не адчуў ніякага болю... Смерць, Афрыка”. Два словы зліліся ў адно і патанулі ў знікаючай прытомнасці.“Бяры, вялікая чараўніца, я не кіну цябе! Мне няма куда ад цябе. Хіба што туды, дзе гвалт, і шыбеніцы, і зверства, якому няма мяжы, і прыбіты народ... Да д’ябла... Я застануся. І ты прынікнеш да мяне і вып’еш мяне. Літаральна вып’еш. Хутчэй бы!” Ён зірнуў на дзяўчынку і ўбачыў чорнае вока, што з-пад далоні глядзіць на яго. Знізу і збоку.– Сіняя-сіняя? - з радасным недаверам спытала яна.– Сіняя-сіняя...Да д’ябла! Усё адно вялікая Афрыка ўзяла ягонае сэрца. Вялікая, магутная, сонная, і страшная, і пагрозлівая, калі часам устае. Сэрца. Другая радзіма.– І балоты сінія? - спытала дзяўчынка.– І балоты сінія. Захутай галаву.Яна захутала. Смешны маленькі камячок, кокан, з якога ці вылупіцца яшчэ дарослы матыль. А з кокана глуха:– І вада сіняя?– І вада.Ён схіліў галаву. І тут яго раптам нешта стукнула. Вада! Самум! Самуму яшчэ няма. Толькі верхавіны дзюнаў лятуць у неба і ловяць сонца. Але тыя, за дзюнамі, яны ж, напэўна, ужо рыхтуюцца. Напэўна, ляглі, напэўна, ахуталі галовы. Ах, чорт! Рызыкнуць апошні раз? Стаўка - верная смерць, на якую яму напляваць. Выйгрыш - жыццё для дзіцяці. Першаму навучыў яго сфінкс. Другому? А чорт яго ведае што!– Ляжы ціха, - сказаў ён. - Абяцай мне, што не будзеш варушыцца. У імя неба!– У імя неба, - сказала малая. - Дык сіняя-сіняя?!!– Сіняя, - сказаў ён і, захапіўшы пляшку, скокнуў цераз мур.Ніхто не стрэліў. Дый дзіва што, калі “яд паветра” быў ужо зусім блізка і ў небе стаялі ўжо не языкі, а чорныя слупы пяску.Пятрок дакладна заўважыў напрамак на ручным компасе. Потым аддзёр рукаў ад сарочкі і, апусціўшыся на калені, завязаў нос і рот.Дыхаць адразу стала цярпіма. Пясчынкі калолі да болю ў голую руку. Быццам тысячы іголак.І тады ён бегма прыпусціў у напрамку да дзвюх пальмаў. Яго несла як на крылах, і ўсё адно ён бег, задыхаючыся, топчучы закарэлымі чаравікамі пясок і жвір.– А-а-а-а, - шалёна выў пясок, нібы імкнуўся знішчыць усё жывое. Ён цяжка, да болю, гэхнуўся грудзьмі аб мур вакол калодзежа - дапамог вецер. Аж паветра вырвалася з лёгкіх.Кожную секунду чакаючы спіною стрэлу, ён прывязваў да скуранога рэменя, побач са скураным вядром, сваю пляшку. Яму здавалася мала. Ды яно і сапраўды мала. Самум можа дапамагчы, але самум і знішчыць. Хай вядро нагадвае торбу і яго можна зашмаргнуць - усё адно “подых смерці” за гадзіну можа выпіць усё, што ні ёсць у ім.Мяшок пакутліва доўга не тануў. А вакол гучаў ужо не стогн, а рык. Імчала нешта бязлітаснае, вялізнае, ад зямлі да неба.Ён пацягнуў рэмень, адчуваючы цяжар і пакутлівы боль, бо кроплі падалі ў глыбіню студні. Падалі. Падалі. Лепей бы яны падалі ў перасохлы рот. Рызыкуючы кожную хвіліну атрымаць кулю між вачэй, ён рэзка прыўстаў і выхапіў вядро з каменнай трубы. Чароўна цяжкае, мокрае, сцюдзёнае. Як пацалунак. Не было рацыі цягнуць яго поўнае. Давядзецца паўзці, расплюхаеш. А астатняе вып’е “яд паветра”. І ён, стаўшы на калені, сабою прыкрыўшы ваду, з лікаваннем сарваў з твару павязку і прыпаў да вады са стогнам і прагай, як да вуснаў. Да вуснаў адзіна каханай, якой у яго так і не было. Не было, але ён ведаў, што гэта бывае так.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12