1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Сяргей. Калі гэта праўда – ёй было б вельмі балюча... Але гэта не можа быць праўдай... А зараз ідзі, вельмі прашу цябе.

Анэля (устае). Ты навучышся лягчэй глядзець на гэтыя справы. Ва ўсякім разе арэвідорчык міякарчык. (Пайшла.)

Некалькі хвілін Сяргей стаіць моўчкі, сціскаючы кулакі, потым павяртаецца да акна.

Сяргей. Няпраўда! Але такі ўпэўнены тон. I ўсё ж хлусня. Брыдкія плёткі. Я павінен ненавідзець сябе за тое, што слухаў. (Машынальна ўключае радыёпрыёмнік. Гучыць грыгаўская “Смерць Озэ”. Сяргей моўчкі сеў у крэсла. Думае.)

Вярыга. (уваходзячы). Слухаеш?

Сяргей. Бадай што не... Максім Канстанцінавіч, можа мой бацька схлусіць, падмануць каго-небудзь?

Вярыга. Я даўно не бачыўся з ім, Сярожа. Але думаю – не. Бачыш, у яго здаровая натура. Калі ён нават зробіць штосьці такое – ён хутка выправіцца, знойдзе сілы.

Сяргей. I я так думаю. А скажыце, гісторыя робіцца людзьмі дзеля кавалка хлеба?

Вярыга. Некаторыя лічаць, што так.

Сяргей. А вы як думаеце?

Вярыга. Як ты думаеш, Муса Джаліль пісаў “Маабіцкі сшытак” дзеля прэміі, якую яму дадуць праз 13 год пасля смерці?

Сяргей. І я так думаю... Максім Канстанцінавіч, вы доўга жылі. Як на вашу думку, здрабнелі людзі з часоў рэвалюцыі ці не? Разумееце, мне вельмі-вельмі патрэбна ведаць.

Паўза

В я р ы г а (глядзіць на Сяргея). Ты малады, Сярожа. Такія пытанні задаюць перад тым, як дзейнічаць.

Сяргей. I ўсё ж?

Вярыга. Здрабнелі? Не, і тады герояў было не больш. Справа ў тым, што іх памятаюць, іхнімі імёнамі называюць вуліцы. А процьма вялікая тых, што смуродзяць неба, знікае. Арыфметыка. У гісторыі застаецца той, хто робіць яе або процідзейнічае. А тыя, хто пры сём прысутнічае, бухаюцца ў Лету.

Сяргей. Дзякуй вам. Вы або дапамаглі мне, або забілі.

Вярыга. I калі гэта вырашыцца?

Сяргей. Заўтра вечарам.

Уваходзіць Альжбета.

Альжбета. Чаго вы тут седзіцё? Там Бяскішкіны з’явіліся, размаўляюць з Ганнай. Пра дзень нараджэння Сярожанькі.

Сяргей. Варта было нараджацца... Не хачу іх бачыць.

Альжбета. Ды і я таксама. Не, вы падумайце, яшчура прынёс. Ах, каб яму.

В я р ы г а (тонам вясковай кумы ля студні). Дзе гэта твой сын, кума?

Альжбета (падхапіла гульню). А сядзіць, любая.

Вярыга. I за што няшчасце такое?

Альжбета. Так, нязaшта. Д’ябал касіра на яго нанёс, ён яму ножыкам па гарлaх і чахнуў. Так, за нешта і сядзіць... Было б за што, а тое за поскудзь гэткую.

Абое рагочуць.

Ты усё ж, Сярожанька, не злуйся на Авяр’яна з-за яшчура.

У пакой уваходзяць Бяскішкін з жонкаю і Ганна.

Ганна. А вось і ён.

Любоў Трахімаўна.Цуд-доўны хлопец. Божа мой, яму будзе ўжо васемнаццаць! А ці даўно нашы мужы пакутавалі? I ён толькі што нарадзіўся, такі маленькі...

Бяскішкін. Пра старыя пакуты маўчаць трэба. Затое глядзі, які арол вырас. Усё зробіць, чаго бацькі не зрабілі.

Бяскішкіна. Ён нагадвае майго малодшага брата. Ён такі меланхолік, такі меланхолік. Узяў з шафы маю англійскую сукенку і пашыў сабе з яе штаны... Такі меланхолік!

Вярыга. Па-мойму, гэта не меланхолік, а проста злодзей.

Ганна. Пазнаёмцеся, гэта Максім Канстанцінавіч.

Усе знаёмяцца.

Стары друг мужа.

Бяскішкін. Вельмі прыемна.

Любоў Трахімаўна. Ведаеце, мы былі на вечары пісьменніка Агеева. Надзіва цікава. Ён так нашумеў сваім раманам, Агееў. Вы яшчэ не чыталі? О, вельмі шкада! Агееў – знаёмы Авяр’янчыка.

Вярыга. Я чытаў.

Бяскішкіна. Ну і як на вашу думку? Праўда, цікава? Такі там сімпатычны герой, старэйшы. I каханне з такон тонкасцю апісана, з такім веданнем жаночай псіхалогіі.

Бяскішкін. Правільны раман.

Вярыга. Раман добра напісаны. Але мне не падабаецца, як ён там вывеў Старчэўскага.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26