1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Бяскішкін. Гэты? Які вярнуўся? Змарнелы, з залысінамі. Як вы сабе хочаце, але гэта не ўзор мужчыны.

Вярыга. Гэта ўзор Мужчыны. З вялікай літары.

Бяскішкін.Уласна, чаму такі запал? Вам што да гэтага?

Вярыга.Я сам з такіх. Вы не адчулі майго прозвішча. Я – Вярыга.

Бяскішкін. Вя-рыга? Т-так.

Вярыга.Былі нават калісь трошкі знаёмы.

Бяскішкін. Тады ўсё зразумела. Я проста не думаў...

В я р ы г а. Не ўсё зразумела (ціха), і не варта вам, таварыш Бяскішкін, так дрэнна пра нас думаць. Мы спекуляваць на нашых пакутах нікому не дамо. Бывае дрэнь і сярод нас. Але як казаць пра тыповасць, дык часцей сярод тых, хто даносіў або ўмываў рукі.

Бяскішкін. Дык што тады Агееву рабіць прыкажаце?

Вярыга.Быць прыстойным і папрасіць прабачэння. Пасля таго, што ад Берыі выцерпелі, Агееву яны даруюць.

Бяскішкін. Ну, гэта ўжо глупства!

Вярыга. А я разумнага ад яго і не чакаў.

Нязручнае маўчанне.

Бяскішкіна. Але прабачце, якая ж у гэтым была трагедыя? Гэта непаразуменне. Усё добра, усё абышлося.

Бяскішкін. А Божа мой, ды маўчы хоць ты ўжо!

Вярыга. Гэта трагедыя. Таму што гэта... як сам сябе арыштаваў.

Бяскішкіна. Ну хопіць, хопіць, не будзем пра гэта. Дык у Сяргейчыка паслязаўтра дзень нараджэння?

Бяскішкін. Стукаць у дзверы нагамі.

Бяскішкіна. Ну і чаго ты хацеў бы?

Сяргей. Любоў Трахімаўна, нічога я не хачу. (Альжбеце на вуха.) Яшчура хіба?

Альжбета кісне ад смеху.

Бяскішкін. Дык мы пайшлі. А вы не нервуйцеся, таварыш Вярыга, гэта хутка пройдзе. Усё праходзіць.

Яны пайшлі з Ганнай. Паўза.

Альжбета. Што гэта з табою, Максімчык?

Вярыга. Так. Нельга заўсёды любіць людзей, Францаўна.

Альжбета. Гэта ён так цябе разнерваваў, гэтая гліста з яшчурам? А, каб у яго ціск быў “пяцьсот”.

Вярыга. Я не злуюся. Хіба гэта чалавек? Вяленая вобла.

З аслона

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Гарадскі бульвар. Заінелыя дрэвы. За імі – панарама начнога горада. Ліхтар кідае жоўты, хісткі конус святла на лаўку, на снежныя гурбы вакол, на помнік, які цямнее ў канцы алеі, між дрэў. Падае вельмі-вельмі рэдкі сухі снег.

На лаўцы Сяргей, наставіўшы каўнер паліто.

Сяргей. I няма чаго хвалявацца. Нічога ж яшчэ невядома. (Паўза.) I усё ж, брат ты мой Сяргей, нешта ёсць. Ты і сам адчуваў: не да ладу, нядобра ў доме. Толькі думаць пра гэта не думаў. Таму што сапля і мамчын сынок... Хоць бы Анэля хутчэй прыходзіла.

Бульварам ідзе сям’я Бяскішкіных.

Бяскішкіна. Бог ты мой, гэта Сярожа! Сярожа, родненькі, чаго ж ты так сядзіш? Гэта ж у цябе абавязкова будзе мільярдны ТБЦ.

Сяргей. Мне трэба пасядзець, Любоў Трахімаўна. Галава баліць.

Бяскішкін. Гэта ад кніжак. Мы ў твае гады не чыталі столькі і былі дубы. А ты сядзіш над гэтымі кнігамі ўсю ноч, як які-небудзь прадузяты Ганібал.

Бяскішкіна. I хоць бы раманы чытаў. У тваім узросце абавязкова трэба закахацца. Адразу характар робіцца іншым, адразу музыка ў душы.

Бяскішкін. Пайшла, паехала. Хадзем лепей да нас, Сяргей, вып’ем.

Сяргей. Я не п’ю. I прабачце, мне вельмі трэба пабыць аднаму.

Бяскішкіна. Божа, у хлопчыка спатканне! Хлопчык закахаўся. Ну хадзем, хадзем, Авяр’янчык. Агусінькі, Сярожачка. Памажы табе Божа.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26