1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Пайшлі далей.

Бяскішкін (ціха). Ваўчаня нейкае.

Бяскішкіна. Авяр’янчык,у хлопчыка сустрэча. Ты забыў, як ты сам быў закаханы. Як мы сустракаліся. Божа, гэтыя мужчыны так хутка забываюць. Аддавай ім пасля гэтага сэрца – усё жыццё будзеш няшчаснай.

Бяскішкін. Хлопец стаў зусім другі са мною. I Вярыга гэты там.

Бяскішкіна. Авяр’янчык мой, баранчык мой. Дурны, смешны пуця. Ну пацалуй мяне хоць у вочкі.

Бяскішкін. Ты, матухна, дурная да святасці.

Зніклі.

Сяргей. Можа, і дарэмна, але не магу як раней ставіцца да іх. (Паўза.) Калі гэта праўда – жыць па-ранейшаму немагчыма. I дом, і Янка, і сябры, і Наташа – усё прэч. У вочы глядзець людзям нельга будзе. Тым, хто не для хлеба, не для жратвы... А Анэля спазняецца. Хвілін на... сорак. Добра як.

Непрыкметна падышла А н э л я.

Анэля. Сяргей!

Сяргей. Ты... Прыйшла ўсё ж. Добра, сядай поруч.

Анэля села. Паўза.

Глядзі, горад які прыгожы. I цішыня. Мне здаецца, не будзе больш такіх вечароў...

Анэля. А чым ён адметны? Пакуль існую я, пакуль існуеш ты – усе яны будуць аднолькавыя.

Сяргей. А горад?

Анэля. I горад звычайны. Падумаеш, Кейпстаўн які знайшоў.

Сяргей. Праўда твая. Вочы кожнага бачаць па-свойму... Давай.

Анэля (падае яму паперы). Бачыш, вось спіс аблігацый па нумарах. Гэта рабочыя канатнай арцелі. Бачыш, Яніна Іванова? I нумар бачыш? А зараз вось табе выразка з газеты аб выйгрышы твайго бацькі. Бачыш нумар?

Сяргей маўчыць, сціскаючы паперы.

Гэта мне Зіна з ашчаднай касы зрабіла. Словам, вазьмі ўсё гэта, паглядзі ў вольны час.

Сяргей маўчыць.

I не пакутвай, дурань. Усе разумныя людзі так жывуць.

Сяргей. Ты і для сябе лічыш магчымым такое?

Анэля. Магчымасці не было. Я не хачу, вядома. Будзе магчымасць – пражыву без гэтага.

Сяргей. А я з гэтым жыць не магу.

Анэля. Дурны, хто будзе ведаць? (Паўза.) Разумееш, Сяргей, ты мне дужа заўсёды падабаўся. Пародзісты такі, вытрыманы, аб’ектыўны. I не падабалася мне толькі, што ты на свет глядзіш, як на сходы, на якіх сядзяць толькі мудрацы і героі.

Сяргей. Толькі так і варта глядзець.

Анэля. А мне не падабаецца, калі глядзяць на свет іначай, чым я. Чым ты лепшы? Чаму ты павінен нюхаць жыццё з другога боку? Мне радыёла, а табе сімфанічны аркестр? Хо! Людзі нараджаюцца роўнымі.

Сяргей. Роўнымі... перад сваім сумленнем.

А н э л я. Не падабалася мне, што ты заўсёды маеш рацыю, што ў цябе плачуць на плячы, што тваё слова для сяброў – апошняе слова. Ідзі ты лепей да звычайных людзей, як я, як другія. Жыві з імі. У нас разумеюць і даруюць усё.

Сяргей. А ці трэба дараваць такое?

Анэля. Ды разумей ты людзей, якія яны ёсць!

Сяргей. Я ведаю, дзеля чаго ты гэта зрабіла. Я мярзотнік, таму што я сын мярзотніка.

Анэля. Сярожка, што ты кажаш?! Чорт такі!

Сяргей. Я сын мярзотніка, які крычаў на сходах аб сумленні, а жыў на крадзеным. Нават музыку на крадзеным пісаў. Але людзі не такія. Усё, што ты мне сказала, даводзіць толькі тое, што я не чалавек, а не тое што зусім няма людзей.

Анэля. Дастаеўшчына нейкая. Б’е кулакамі ў грудзі.

Сяргей. Чаму дастаеўшчына? Рэчы трэба называць сваім імем. Ханжа ёсць ханжа, хлус ёсць хлус, і Тарцюф ёсць Тарцюф.

Анэля (устае). З табою сёння зусім нельга гаманіць. Што ж, пагаворым потым. Усё будзе добра. Толькі не дазваляй гэтай сваёй знаёмай глядзець на сябе, як на Бога. Усе людзі. Бывай.

Пайшла. Сяргей устаў, але ногі амаль не трымаюць яго, і ён зноў сядае.

Сяргей. Ах, татка, татка! I пра мяне не падумаў, забыў... Якімі ж мне вачыма зараз... у вочы глядзець? Герой, крыштальны чалавек – ужо зусім не крыштальны, словы мае – балбатня, праўда мая – манa. Пераацэнка каштоўнасцей? Пазнавата. I ніхто не паверыць, што я не ведаў. Што ж ты, скажуць, сляпы быў? Музычку пісаў? (Адкрывае кнігу, якую трымаў у руках. Чытае.) “Трэба памятаць, што буйны росквіт старажытнай Грэцыі, яе архітэктуры, тэатра і музыкі быў магчымы толькі дзякуючы падману, гандлю і...” (Закрыў кнігу.) Эх ты... грэк. (І раптам дробныя дрыжыкі пачынаюць калаціць яго, кніга падае ў снег. Ён хапаецца рукамі за галаву.) Татка... татка... татка. Што ж ты так? Я ж люблю цябе. Як жа я магу любіць цябе?!

На бульвары з’яўляецца Наташа, падыходзіць да лаўкі, хвіліну глядзіць на Сяргея.

Наташа. Сяргей, што гэта з табою?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26