1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Сяргей (уздыхае). Нічога, усё добра. У мяне была вельмі непрыемная размова з Анэляй.

Наташа. Што яна сказала табе ўчора, Сярожа?

Сяргей. Нічога.

Наташа. Няпраўда. Ты адразу стаў іншы, стрыманы. Я вярнулася з Янкам, усміхнулася табе, і ты ў адказ на маю ўсмешку апусціў вочы. Амаль спалохана. Выйшла потым на кухню, а самой неяк так дрэнна стала: “Ну чаму ён так апусціў вочы?”

Сяргей. Табе здалося.

Наташа.Мне ніколі не здаецца. Гэта калісьці, яшчэ пазаўчора, я была задумлівай, летуценнай і наогул як з неба звалілася. Гэта смешна, але я шмат пачала разумець. (Паўза.) Што-небудзь змянілася, Сярожа?

Сяргей. Нічога.

Наташа. Ты кахаў яе калі-небудзь?

Сяргей. Не, слова гонару, – не.

Наташа. Я ведаю. Яна проста сказала табе нешта вельмі брыдкае. Яна зайздросціць светламу погляду на людзей. Таму, што сама не можа. А людзі амаль усе харошыя. Як Вярыга, як Альжбета, як Алесь Пятровіч...

Сяргей. Не трэба аб гэтым... Я доўга думаў, на каго Анэля падобна? На Няхаеву з “Самгіна”. Так-так. А сам я на каго?

Наташа. З Няхаевай у яе толькі і агульнага, што фальш. Няхаева – кураня, а гэта яшчэ сябе пакажа. Рыжая дзеўка, злая, з маленькім вострым тэмпераментам. Вельмі асцярожная. Практычная да цынізму. Прагная. Подлая. Нягледзячы на шкоднасць, выклікае чамусьці шкадаванне да сябе... Марыць прысмактацца да чагосьці свежага, яркага, шчодрага, таленавітага, выгаднага, каб усё жыццё загадкава ўсміхацца ў арэоле яго ззяння.

Сяргей. Вельмі па-жаночаму сказана. Але ты пакінь. Яна складаная, і ў яе ёсць іскра ў душы і цяга да лепшага. Яна рэзкая – гэта добра. Толькі хлусіць нельга, а праўду можна нават рэзка казаць. Няшчасная яна. З дзяцінства абдзеленая і сям’ёй, і людзьмі, усім. Але праўду – кажа.

Наташа. Яна табе праўду кажа, бо кахае цябе. Няўжо ты гэтага не бачыш? Яна ўзняцца да цябе не можа, дык яна цябе прыніжае.

Сяргей. Лухта! Кахаюць не так... Наташа, хто такі Бяскішкін?

Наташа. Ён рыпучым смехам смяецца. Не ведаю я, хто ён. Але што ёсць у ім нешта цёмнае, нячыстае, нешта вельмі-вельмі дрэннае – гэта факт.

Сяргей. Ну вось і ўсё. Ясна.

Наташа. Сяргей, што здарылася? Скажы мне, калі ласка. Ты такі сухі, такі халодны. Ты проста, відаць, па-сапраўднаму не кахаў мяне.

Сяргей. Не кахаў. I не магу кахаць. Як сцяна паміж намі.

Наташа. Ты маніш, Сяргей, ты хлус. А вочы яшчэ не навучыліся брахаць.

Сяргей. Чаму гэта такая ўпэўненасць?

Наташа. Ты проста не можаш не кахаць мяне. Вось што. I я цябе кахаю.

Сяргей. Калі ласка, забараніць не магу. Але не падыходзім мы адзін да аднаго.

Наташа. Я пайду, Сярожа. Ты вельмі ўзрушаны, зараз ты накрычыш на мяне, а я тады магу пакрыўдзіцца. Мы пасварымся. Нашто гэта? Лепей я зайду да цябе заўтра.

Сяргей. Як хочаш.

Наташа пайшла.

Родная ты мая, светлая, добрая. Што б ты пра мяне сказала, каб даведалася, хто я такі?!

Ідуць бульварам А л е с ь П я т р о в і ч, Г а н н а В а д з і м а ў н а і В я р ы г а.

Як парад які прымаю. (Адвярнуўся да жывой агароджы, але яго ўжо заўважылі.)

Алесь Пятровіч. Сярожанька, чаго ты тут?

Сяргей. Галава баліць.

Алесь Пятровіч. I ў мяне, з пахмелу. (Смяецца.)

Вярыга. Было выпіта. А поп адзін мне казаў: “Многае піццё ёсць грэх вялікі і падаронага нам Панам Богам грэшнага цела шкоднае знішчэнне, онае ж раней Госпада і паўз волю яго ніхто не разбурыць”.

Алесь Пятровіч. Такія думкі толькі з пахмелля ў галаву прыходзяць. Ты спытаў бы ў яго, ці не прымаў ён напярэдадні царкоўны кагор? Хадзем, брат, дахаты. Твой поп сказаў бы: “Дзеля ўлагоджвання чэрава, якое з дзвюх гадзін не емшы”. Пайшлі, Сярожа.

Сяргей. Я не пайду.

Алесь. Не дуры, Сярожа. Што з табой? Закахаўся няўдала – параду дам. Са стыпендыі зрэзалі – глупства, пражывём. Якія ў цябе яшчэ няшчасці могуць быць?

Сяргей. З манастыра ўходжу. У Бога перастаў верыць.

Алесь. З якога манастыра?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26