1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Сяргей. З жаночага.

Ганна. Сыне, ты якім гэта тонам размаўляеш?!

Алесь. Пакінь яго, Ганна... Калі ў розум прыйдзеш – вячэраць прыходзь, макітра чарапяная. Пайшлі, Вярыга.

В я р ы г а. Ідзіце. Я яшчэ з хвіліну тут пасяджу.

Алесь і Ганна пайшлі. Вярыга сядзіць на лаўцы і маўчыць.

Дай мне папяроску.

С я р г е й. Бярыце.

Вярыга. Мухі ў цябе ў носе завяліся, Сяргей, ці што? Ох, быў бы я тваім бацькам...

Сяргей. I лепей, магчыма, было б.

Вярыга. Гэта што, прыкажаце за камплімент прымаць?

С я р г е й. Жыць абрыдла.

В я р ы г а. Чаго? Ты ж учора ўсё так хваліў. Кнігі, інстытут, дзяўчат знаёмых...

С я р г е й. Дурны быў. Дзяўчаты на мяне і пляваць хутка не захочуць, у кнігах – хлусня, інстытут – пітомнік ясналобых ідыётаў... Якой вы думкі пра Анэлю?

Вярыга. Бачыў учора. Дурненькае дзяўчо, уяўляе, што яна штосьці значнае. Эх, Сяргей, усе людзі яе тыпу проста не ведаюць, што з сабою зрабіць, і таму ходзяць на галаве, даводзяць іншым, што яны індывідуальнасці. (Паўза.) Ты што, з Наташай пасварыўся? Не трэба, брат, гэта – Чалавек!

С яргей. Скажыце, можа чалавек, у якога нічога няма, ажаніцца?

Вярыга. Табе гэта нашто?

Сяргей. Проста так.

Вярыга. Вядома. Ну не зможа ён даць ёй “Волгу”, Сочы, туалеты. Гэта ўсё лухта, гэта з часам прыходзіць. Каб так думалі, дык і не жаніліся б ніколі, каб не сапсаваць сяброўцы жыццё. Будуць працаваць разам, будуць дзеці. А маці твайго дзіцёнка стае ў дзесяць разоў даражэй, чым проста жонка.

Сяргей. А можа ажаніцца на добрай чыстай дзяўчыне чалавек з нячыстым сумленнем?

Вярыга. Не. Гэта трэба зусім ужо свіннёй быць.

Сяргей. Вось і я кажу. А, скажам, такі выпадак. Ажаніўся чалавек, дзесяць год жыў у сям’і жонкі... Дзесяць год жыў у сям’і злодзея і не ведаў, што ён злодзей. Можаце вы паверыць?

Вярыга. Цяжкавата паверыць, Сярожа. Бадай што не можа такога быць.

С я р г е й (ціха). Ну вось. Ясна. I ўсе так думаюць.

Вярыга. Ды ў чым нарэшце справа? Што ты ходзіш кругом ды навокала?

Сяргей. Ні ў чым.

Вярыга. Ну глядзі. (Устае. Глядзіць на Сяргея.)

Сяргей. Я пасяджу яшчэ трохі.

В я р ы г а пайшоў.

Вось табе і ўсё. Усе шляхі закрыты. Кожны скажа: “У яго бацька... Меланхолік”... Брыдка неяк, халодна... Бо каб хто расказаў усім – ганьба была б. А расказаць трэба. Самому... Халодна як!.. I не раскажу я ніколі, таму што не толькі ненавіджу, а і люблю яшчэ яго... Бацьку прадаць – гэта... Што ж рабіць?

Пайшоў густы пульхны снег.

Халодна як. I дадому ісці не хочацца. Што там дома добрага?

Снег ідзе і ідзе. Сяргей сядзіць, скурчыўшыся. З рэпрадуктара над галавой плыве нейкая сумная лёгкая мелодыя. А снег падае, падае, падае без канца.

З аслона

КАРЦІНА ДРУГАЯ

Абстаноўка другой карціны першай дзеі. Вечар наступнага дня. Камін гарыць. На сцены і вокны кладуцца адбіткі. У крэсле перад камінам Алесь Пятровіч і Ганна Вадзімаўна. Глядзяць на агонь. Я н к а на дыване, на падлозе, майструе аўтамат. У дзвярах з’яўляецца Вярыга. Ён з марозу, паціскае рукі.

Вярыга. Мароз!

Янка кідаецца да яго з аўтаматам.

Янка. Стой! Мы цябе арыштуем!

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26