1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

В я р ы г а. Не буду. Дальбог, больш ніколі не буду.

Янка. Спужаўся?

В я ры га. Як жа ж не спужацца, брат. Такі страх! (Ён бярэ Янку на рукі.) Папаўся, брат. Вось я табе пакажу зараз, дзе доктар “ай” жыве. (Сядае з Янкам у другое крэсла.) Гуляў зараз па горадзе і з тваім мужам, Ганна, лаяцца буду.

Алесь. Ёй гэта добра. Эканомія сіл.

Вярыга. Наогул добры горад. Але што гэта ты пабудаваў на плошчы помесь Калізея з сіласнай вежай?

А л е с ь. А што, думаеш, сілас адной худобе патрэбны?

Вярыга. А Дом Саветаў? Дзе душа? Фу! Яйкавідны купал. Пярэдняя частка зрэзана і зашклёна. Карацей, чыстая геаметрыя: сячэнне парабалоіда плоскасцю, паралельнай восі.

Алесь. А ты, відаць, разважаеш, як пятроўскі баярын: “Багамерзасцем перад Господам Богам усяк, любяй геаметрыю”.

Вярыга. I помнік на гонар шасцісотгоддзя горада. Хто гэта прыдумаў? Балван на біцюзе. Хіба так трэба? Ведаеш, як бы я зрабіў? Не біцюга і не балвана, а рог магутнага зруба і на ім чалавек з сякерай. Толькі што сек, а тут выпрастаўся і глядзіць з-пад далоні: ці не ідуць ворагі, ці не час ператвараць сякеру з прылады ў зброю?.. Сярмяга, валасы пад раменьчыкам. Ані кальчугі, ані шлема. Мускулы і палатно.

Ганна. А што, добра.

А л е с ь. Божа мой, ды пашкадуй ты мяне. Абклалі, як мядзведзя. Ты што, не ведаеш, як нам даводзіцца. Усе разумеюць у мастацтве больш за цябе.

В я р ы г а. Не пашкадую. На дробязі разменьваешся, Алесь. А я цябе памятаю з такім узлётам, што на тысячу год хапіла б.

А л е с ь. Годы праходзяць, дружа. Не тыя мы сталі, што раней.

У пакой заходзіць С я р г е й. Пакруціўся. Сеў на канапе ў кут. Маўчыць.

Вярыга. I дарэмна. Нам зараз трэба ўсе сілы напружваць. Іншы час, іншыя нараджаюцца людзі. Народ стае такім самадзейным, што проста немагчыма ўявіць сабе іншае кіраўніцтва, не калектыўнае.

Ганна. Раней шмат што залежала ад нянечкі, а яна магла быць рознай.

А л е с ь. Перабольшваеце, людцы.

Вярыга. Ох, як будзе ламацца інертнасць людзей, Бог ты мой!

Сяргей (змрочна). Аб адным толькі не думаем.

Ганна. Аб чым?

Сяргей. Будуем, інертнасць не пераадольваем. А хіба будучыня толькі ў гэтым? Будучыня не толькі заводы. Яна – людзі. Як можа быць будучыня, пакуль ёсць шкурнікі, дрэнь дурная, злодзеі, баязліўцы?! Як ведаць, хто сумленны, а хто злодзей, каму верыць?!

Вярыга.На людзях не напісана “я чалавек”, як на нягодніку не напісана “я нягоднік, чыноўніцкая душонка, злодзей”. На іх напісана толькі тое, што першыя годна маўчаць і працуюць, а другія вякаюць, як кот у плоце. Таму працуй, не вякай і сам разбірайся.

Г а н н а. Сярожанька, чаго ты бушуеш? Іх не так і многа.

Сяргей. А я не хачу з імі агульнае мець. Не хачу жыць з імі ў адным... стагоддзі.

А л е с ь. Цябе ніхто і не прымушае. Не жыві.

С я р г е й асекся. Потым павольна пайшоў з гасцінай.

Ганна. Што ты робіш! З ім робіцца нешта вельмі дрэннае, а ты – так...

В я р ы г а. Не смей яго так, Алесь. Ён ільдзінка, ён чысты.

Алесь (глуха). Я люблю яго, Максіме. (Паўза.) Ты ведаеш, на каго ён намякаў? На мяне. Я сапраўды, не той, што быў, і хлопчык гэта заўважае.

Вярыга. У чым справа?

Алесь. А ты ўсё той самы. Прашу, каб не ўмешваўся, – не дапамагае. Ты малады.

Вярыга. Я занадта доўга не ўмешваўся, у мяне мала часу. Зараз я павінен жыць, умешвацца, дапамагаць, перашкаджаць... Але хопіць. У чым справа?

Алесь. Ох, ну добра, слухай. Пачалося ўсё з тваёй гісторыі. Ты сеў. Я не хлушу перад табой, я думаў: так і трэба.

Вярыга. Ты і не мог думаць іначай.

Алесь. Хоць мне было цяжка. Так цяжка, як быццам ударылі па маёй маладосці. Я верыў табе. I я не ведаў, каму верыць.

Ганна. Гэта тады, як ты ў Іспанію прасіўся?

Алесь. Так. З гэтым – не атрымалася. Я жыў, я прывык да сваёй думкі, да жыцця, да ўсяго. А потым выявілася, што ты меў рацыю, што я вінен перад дружбай, перад табой, перад сваім сумленнем. Яшчэ раней я вырашыў жыць для сябе. Што праўда? Дзе яна? Хто бачыў яе? А тут я канчаткова пераканаўся, што я раблю правільна. I я стаў абыякававым да ўсяго.

В я р ы г а. Дняпро пераплыў, а на беразе ўтапіўся.

Алесь. I вось сын кідае мне ў вочы дакор.

Вярыга. З-за гэтага Сяргей не будзе дакараць. Больш нічога не было.

Алесь. Больш?.. Нічога.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26