1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Наташа. Я ведаю. Анэля мне сказала.

Сяргей. Шкада, што я сам не паспеў сказаць.

Н а т а ш а. Таму я і маўчала. Хацела даць табе гэту магчымасць. Іначай ты ніколі не дараваў бы мне.

Сяргей. I табе быць зараз са мной? Табе, перад якой я хлусіў.

Н а т а ш а. Ты не адказваеш за чужыя грахі.

С я р г е й. Я еў крадзены хлеб. Гэтага досыць, каб ніколі не паважыць сябе.

Наташа. Гэта значыць толькі тое, што ад гэтага хлеба трэба адмовіцца. Краў не ты.

С я р г е й. Грахі бацькоў – мае грахі. Ён – гэта я. Я зараз усё ненавіджу: кнігі, музыку, цябе. Усім гэтым я займаўся на крадзенае.

Наташа. З горам сваім носішся? Хіба гэта па-мужчынску?

Сяргей. Мужчына я ці не мужчына – гэта я хутка давяду. Але зразумей і ты мяне. Усё, чым я жыў дагэтуль, што лічыў сваім, – усё гэта фальш. Любоў бацькі да мяне, шчасце маці і Янкі, бясхмарныя апошнія дні Альжбеты, мая будучыня, мае мары – усё будавалася на хлусні.

Наташа. Сяргей, ты ўсё ж любіш мяне.

Сяргей. Я цябе не люблю.

Наташа. Тое, што ты мне сказаў, не можа быць падставай для разрыву. Калі сапраўды кахаеш. Я не хачу цябе пакрыўдзіць. Ты вельмі добры – я ведаю. Але мае думкі, трывогі, – чаму ты аб іх не думаеш? Чаму не думаеш, – як цяжка мне?

С я р г е й. Кожны здыхае сам-насам. Кампанія для гэтага – без патрэбы.

Наташа. Громкія словы... Сярожа, ты ўсё адно лепшы за ўсіх. (Устае і сядае да яго.) Якія мне справы да таго, што яны скажуць, якімі вачыма паглядзяць? З табою мне паўсюль будзе добра. Ты светлы. У цябе разумны лоб, прамыя вочы. З табою – хоць у багну. Я ж буду ведаць, хто ты.

Сяргей. Я не хачу, каб ты... у багну. I што мне да таго, што ты будзеш ведаць.

Наташа. Сярожа, харошы мой.

Сяргей (амаль у непрытомнасці). Я не хачу! Пакінь мяне і ніколі, ніколі больш... Я не люблю цябе.

Наташа. Сяргей!.. Добра, Сяргей. Ты прыцярпіся, звыкні. Я абавязкова буду поруч.

Сяргей. Кожны здыхае сам-насам. Ідзі.

Альжбета (у дзвярах). I крычыць, і крычыць. Няўжо гэта нельга ціха? Сярожа, там да цябе гэтая халтама.

Сяргей. А, Анэля. Ну што ж, чым горш, тым лепш.

Н а т а ш а. Ёй нельга сюды. Зрабіць дому такое – і яшчэ прыходзіць.

Сяргей. Які дом, які сын гаспадара – такія і госці.

Альжбета. Хадзем, Наташачка, пакуль да мяне. Хай ён сабе тут, дурань, адзін куражыцца. Э-ех, Сяргей. Разумны ты, а галава ў цябе дурна-ая, накшталт гарбуза на градзе... За такія адносіны да дзяўчат цябе перад рэвалюцыяй проста застрэлілі б з пісталета на законнай падставе. Бывалі такія выпадкі. (Абдымае Наташу за плечы і ўводзіць яе.)

Сяргей. З пісталета на законнай падставе... I Наташу пакрыўдзіў. Усё ідзе да аднаго. Нават цікава... якой свіннёю можна стаць.

Анэля (уваходзячы). Адзін. Сумны стары хлопец. Добры вечар, Сяргей.

Сяргей. Добры вечар. Сядай у крэсла. Глядзі на агонь. Маўчы.

Анэля. Сяду. А маўчаць не трэба.

Сяргей. Усё адно нічога разумнага мы не скажам. Будзем лухту вярзці.

Анэля. Caballero, нельга сказаць, каб вы былі ветлівы.

Сергей. Я не іспанскі гранд, каб быць ветлівым. Радаслоўная не тая.

Анэля. Пакутваеш усё. Не думала, іначай маўчала б.

Сяргей. Першую добрую справу зрабіла і шкадуеш.

Анэля. Бачыш, нават ты, Сяргей, праўды не любіш. Эх, дарагі, плюнь. Жыццё такое кароткае. (Устае, ходзіць па пакоі, напявае ціхутка, з мімікай. Сяргей з цікавасцю, як за невядомай жывёлай, назірае за ёй.) На ўсякае глупства звяртаць увагу – некалі будзе жыць.

Сяргей. А што такое “жыць”?

Анэля. Смяяцца, кахаць... і не думаць над рознымі праблемамі. Людзі заўсёды аднолькавыя, і іх не пераробіш.

С яргей. I далей...

Анэля. Усё было на свеце (Сядае.) Насваволяць людзі, наробяць дурыкаў – катастрофа. А потым зноў пачынаюць развівацца і грашыць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26