1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Сяргей. Вось я і гляджу, што ў цябе паводзіны, як перад патопам.

А н э л я. Усё адно ўратуюцца сем пар чыстых і сем пар нячыстых. Ты лепей глядзі, якая ў мяне сукенка новая.

Сяргей. Вузкая занадта. Плаваць нязручна будзе.

Анэля. Нічога, тонуць цяжкія рэчы. А я проста вясёлкавы мыльны шарык. I не хачу іншай быць.

Сяргей. I занадта лёгкі, каб на ім уратавацца.

Анэля. Па-сапраўднаму пакутваеш, Сярожанька?

Сяргей. Каму да гэтага справа?

Анэля. Мне. Цяпер ты ведаеш жыццё. I ведаеш, што розныя там Наташы ў цяжкі момант адступяцца. I толькі тая, хто ўсё даруе, застаецца з чалавекам.

Сяргей. Наташа зараз тут. Ты памылілася – яна не адступіцца. Але на гэта ніколі не пайду я. Розныя ў нас дарогі.

Анэля. Пэцкаць не хочаш? А я нічога такога не баюся. Гэта для тых, хто ўсё падзяляе на белае і чорнае.

Сяргей. I я такі.

Анэля. Бедны асколак. Вельмі кахаеш яе? Не варта. Гонару зашмат.

С я р г е й. Я цябе аб адным толькі прашу, Анэля, не руш гэту дзяўчыну. Яна чыстая, яна – светаносная. І не пaра мне.

Анэля. I не пaра нам з табой.

Сяргей. Я і так вельмі абразіў яе. Лішняя прычына для таго, каб не паважаць сябе.

Анэля. Сяргей, як ты ставішся да мяне?

Сяргей. Ніяк. Мая крама зачыняецца.

Анэля (з раптоўнай шчырасцю). Сярожа, ты яшчэ не ведаеш, як мне балюча за цябе. Ты вельмі ўражаны. Я думала, што ты лёгка прымірышся з усім. Божа, як я памылілася! Каб я ведала, каб я толькі ведала! Няўжо ты думаеш, што я згадзілася б з тым, каб зрабіць табе балюча?! Мне хочацца, каб гэтыя вочы былі заўсёды яснымі, каб рот смяяўся, каб табе было добра... Мне так часта было дрэнна ў жыцці. Я хачу, каб хоць табе...

Сяргей. Такое зычаць толькі добрым людзям.

Анэля. А мне ўсё адно, добры ты ці дрэнны. Ты ёсць ты.

С я р г е й. Чаму ты пытала, як я да цябе стаўлюся?

Анэля. Таму што зараз ты не павінен унікаць мяне.

С я р г е й. Так, гэта праўда. Ну і што ты сказала б, каб я сказаў, што ты мне... падабаешся.

Анэля. Я сказала б: “Хадзем да мяне, пакінь гэты дом, калі табе ўжо раптам так у ім абрыдла. Будзем разам”.

Сяргей. Што ж, ажаніцца?

А н э л я. Нашто, проста будзем удваіх. У мяне свой пакой, і бацькам да гэтага няма справы.

Сяргей. I далей.

Анэля. Я ж не трымаю цябе. Хочаш быць са мной – будзь. Не захочаш – дарога вольная. Нам будзе прыемна разам – вось і ўсё.

Сяргей. Не, Анэля, калі нехта прывязвае да жыцця – хай прывязвае на ўвесь час.

Анэля. Як хочаш. Тваё слова – апошняе.

Сяргей глядзіць на яе з вельмі добрай усмешкай.

Сяргей. Дзяўчына, з гэтага нічога не атрымаецца. Ты даруй мне. Ты добрая часам, ты часам нават шчырая. Магчыма, ты самая падыходзячая да мяне ў маім стане. Ды толькі я не магу. Кахаю. I значыць, дарога ў мяне – іншая.

Анэля. Да яе?

Сяргей. Не, да яе мне ісці немагчыма.

Анэля. Усё, атрымліваецца, было дарэмна.

Сяргей. Малайчына, што сказала. Праўда дарэмнай не бывае.

Анэля. Думай, сaballero, усё адно нашы дарогі сыходзяцца.

Сяргей. Гэта праўда, але часам бывае: ідуць-ідуць дарогі і раптам адна знікае. Недзе ў бур’яне.

Анэля. Мілорд, вы непапраўны. Накшталт таго хлопца, які стаў афіцэрам і падаў рапарт: “Не хачу быць Іванам, хачу быть Ягуарам”.

Сяргей. Анэля...

Анэля. Што?

Сяргей. У мяне да цябе ёсць просьба. Хутка ты даведаешся, што яна зусім асаблівая. Не такая, як другія.

Анэля. Якая?

Сяргей. Не трэба быць такой. За ўсімі тваімі выбрыкамі страшная самота гуляе з гурбамі. Як вецер па снежаньскім полі.

Паўза.

Анэля. Бывайце, Сяргей Ягуаравіч.

Знікла. Сяргей пахітаў галавою.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26