1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Сяргей. Дурненькая. Цяжка табе будзе. Нявесела.

Увайшла Альжбета.

Альжбета. Ну як, пакуражыўся? I з гулёнай сваёй развітаўся? Родную душу знайшоў. Андрэй Кузьме родны Хвёдар.

Сяргей. Як Наташа?

Альжбета. Што табе да Наташы? Плакала дзеўка. Зараз з Вярыгам размаўляе. А ты – ёлуп. I чаго вы шалееце, чаго носам круціце. Як перад пагібеллю. Сэнсу ў галаве яловай зусім няма, адзін бзік.

С я р г е й. Францаўна, нічога вы не ведаеце. Цяжка мне, Францаўна.

Альжбета.Усё ведаю, сынок. I ад Наташы ведаю і ад Ганны. Загубіць цябе, Сярожанька, гэта казінае племя – дзеўкі.

Гладзіць яго па галаве. Сяргей рэзка прынік губамі да яе рукі.

Цяжка, ведаю. Дрэнна зрабіў Алесь. Я даўно заўважала. Гэта не на дабро, калі яшчура на шафу ставяць... А ты не судзі бацьку. Не нам людзей судзіць. Пекла няма, але кожнаму яшчэ пры жыцці адплаціцца.

Сяргей. Даруй мне, бабуля, за ўсё даруй. (Устаў.) Не магу я сядзець у хаце. Пайду, прайдуся. На вуліцы пагляджу на будынкі. Снягі такія, шэрань... Трэба наглядзецца.

Выходзіць. Альжбета соваецца па гасцінай, спынілася.

Альжбета. Перашкаджае чалавеку неадукаванасць і дурасць. Каб была разумнай – такое б яму слова сказала, так бы пераканала. Адразу стаў бы вясёлы. (Паўза.) Божа, Божа, судзі ты сам. Дзетак толькі пашкадуй.

Уваходзяць В я р ы г а і Наташа.

Вярыга. Адна, Францаўна? Сярожа пайшоў? (Сядае за стол.)

Альжбета. Пайшоў.

Вярыга. Падсудны! Не рабіць кіслай міны. Адказвайце лепей, як вы забілі чалавека. Рэчавы доказ – дручок з кулак таўшчынёй.

Альжбета (усміхаючыся праз слёзы). Нічога я не біў і не забіваў. А што на сенажаці біліся – гэта было. Дык ён на мяне, а я ўзяў танюсенькую хлудзіначку ды даў. А так нікога я не біў і не забіваў. (Заплакала.)

В я р ы г а. Альжбета Францаўна! Ну што гэта вы? Га?

Альжбета. Нічога, нічога, Максімка.

Пайшла. Вярыга ходзіць па пакоі, яўна ўзрушаны.

Вярыга. Наташа, гэта ўсё праўда?

Наташа. Праўда.

Вярыга. Што ж гэта дзяўчына так жорстка ўсё выклала? Якое ж гэта сэрца трэба мець? I што гэта за парода?

Наташа. Яна не адна такая. Іх многа. I зусім дзяўчаты, і дарослыя. Без радасці сустракаюцца, без гора разыходзяцца, лічаць сябе соллю зямлі.

В я р ы г а. Я не ведаю іх. I яны мне не падабаюцца.

Наташа. Ая пагарджаю імі. Такія здаровыя фізічна і такія жабракі духам, з такой здохлай душой. Яны нічога не ўмеюць – ні працаваць, ні любіць, ні выхоўваць дзяцей, ні, нават, быць шчаслівымі, калі ў іх ёсць усё для шчасця. Яны толькі жанчыны... Не бачыць добрых людзей, усе ў іх дрэнныя, – брыдка чуць. А мэта – пральная і транты. Ды яшчэ любяць пагаварыць пра тое, як лепш зберагчыся, і скардзяцца на мужчын, якія разбэсціліся... Незразумела, няўжо за іх у турмах паміралі, на шыбеніцах? I такія людзі!

Вярыга. Не за іх, дачушка, а за цябе.

Наташа. Калі мне асабліва цяжка, я іду паглядзець на іхнія няшчасці, такія смешныя. I іду ад іх шчаслівая, радуюся, што я не такая. А магла ж быць такой, як крот. Бр-р-р!!!

Вярыга. Не будзь як крот, маленькая. Глядзі. I ніколі не праглядзі чалавека. Гэта Вярыга сляпы стаў, нічога не заўважае. (Паўза.) Нешта, пэўна, усё ж здарылася ў душы.

З аслона

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

Пакой Сяргея ў кватэры Багуслаўскіх. Адно вялікае акно. Дзверы налева – у гасціную. Яны каля самага прасцэніума. Ля акна пісьмовы стол з кнігамі. Пасярэдзіне другі стол, невялікі, квадратны. Стаяць яшчэ тахта і фартэпіяна. На сцяне партрэты Багдановіча, Чайкоўскага. У куце на століку радыёпрыёмнік, каля яго кавалкі каніфолі, паяльнік, лямпы.

У пакоі Сяргей і Алесь Пятровіч. Вечар наступнага дня. За акном змяркаецца. У ліловым прысмерку гараць аранжавыя агні, сінее снег.

А л е с ь. Зараз палова шостай. Не знікай і не бегай высалапіўшы язык, як учора. Я пайшоў па Бяскішкіных. Будзем гадзін у восем.

Сяргей. Тата, не трэба ісці за імі.

Алесь. Чаму?

Сяргей. Я іх не люблю. Ад іх дрэнна, нячыста на душы. Гадка.

Алесь. Каму гадка, а мне матка. Не табе меркаваць аб іх, Сяргей.

С яргей. Татка, я вельмі прашу: як бы не пашкадаваць.

Алесь. Сярожа, сынок, што з табою? Скажы хоць ты мне. Я ўсё бачу, дрэнна з табою. I дом неяк прыціх. Ну што?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26