1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Сяргей. Табе абавязкова быць з імі? Ты без іх не можаш? I надалей?

Алесь. Кінь дурыць, Сяргей! Што з табою?

Сяргей. Нічога, ты тады ідзі. Ідзі. Прыходзь з імі.

Алесь Пятровіч паціснуў плячыма, выйшаў.

“Сярожа, сынок... “не жыві”. Хоць бы пацалаваў мяне. Ну нашто, нашто, нашто ўсё гэта было? Брыдка жыць. Бы ў самае дарагое плюнулі.

Увайшла Альжбета.

Альжбета. Сярожачка, дык пакуль тое ды сёе, я ў царкву пайду. Ты смяешся над гэтым, а я Сергію Раданежскаму свечку пастаўлю.

Сяргей. Бабулечка, хіба вы Божая? Вы ж зямная. Як тая жанчына, што прынесла дзіця ў царкву, паднесла да “Страшнага суда”, паказвае на чорта і кажа: “Пацалуй божачку ў хвосцік”.

Альжбета. Эх, Сяргей, гарэць табе ў пекле за кашчунства. Ды, відаць, і мне тады трэба будзе ў пекла папрасіцца... Каб разам.

Сяргей. Бабулечка, родная, дай вам усяго добрага.

Альжбета. А свечку пастаўлю. Не пашкодзіць! (Хоча ісці.)

Сяргей. Бабця, пацалуй мяне.

Альжбета. Галубок ты мой. (Цалуе.) Любіць старую. Жыць табе за гэта яшчэ сто год, стаць вялікім і добрым. Каб сябры радаваліся і ў ладкі пляскалі, а ворагі дрыжалі. Каб сапраўдным чалавекам быць. (Пайшла. I зноў спынілася.) Я табе пірог твой улюбёны спякла. З макам. Не сумуй тут без мяне. (Выйшла. Грымнулі ўваходныя дзверы. Сяргей уздыхнуў.)

Сяргей. Ну вось. Усіх справадзіў. Дзве гадзіны – мне. Пагляджу лісты, напішу яшчэ Наташы – і ўсё. (Спыніўся перад прыёмнікам, узяў стамеску.) Зараз бацькаў стол адкрыю... I прыёмнік якраз скончыў. Янку будзе памяць. А як ён працуе? (Уключыў. Загучала музыка – Моцарт. Сяргей выходзіць з пакоя. Некаторы час сцэна застаецца пустой. Потым зноў з’яўляецца Сяргей са стамескай і рэвальверам у руцэ.) Арыштуюць? А хто ведае – чый рэвальвер. I потым... няхай лепей за сховы зброі арыштуюць, чым за махлярства. (Кладзе рэвальвер на стол, накрывае аркушам паперы.) Ну вось. I лісты тут. Перш за ўсё да сяброў. (Чытае.) “Дарагія сябры. Бывайце. Нікога не трэба вінаваціць у маёй смерці. Вы скажаце, што гэта баязлівасць. Няпраўда. Гэта вельмі страшна. Але ў мяне няма іншай дарогі, няма іншага выйсця. Гэта страшна, калі топчуць нагамі тваю веру ў чалавека. Я вельмі люблю вас усіх, я не хачу, каб на мяне глядзелі коса або з жаласцю. Я чысты перад вамі, перад людзьмі, хоць і трапіў у вялікую бяду. Вядома, каб была вайна – я знайшоў бы іншы шлях. Але зараз нельга зрабіць іначай. Калі чалавек стаіць на мяжы, за якой ляжыць страта самапавагі, – ён павінен адысці ад жыцця чалавекам, як салдат, які пускае ў сябе кулю, каб не здавацца ворагу. Сябры мае, ненавідзьце свалачоў, жывіце недарэмна і часам памінайце мяне добрым словам”. Здаецца, усё. Ага, “недарэмна” пішацца праз “е”. (Перабірае лісты.) Вось Альжбеце. “Бабулечка, даруйце мне. Бачыце, не дапамагла мне ваша малітва. Я ж няверуючы. Люблю вас вельмі, а вы любiце Янку і маці. Добрая мая, калі і жаль кагосьці кідаць, дык гэта вас”. М-м-м, так – усё добра. Маці ліст – таксама. Бацьку – самае галоўнае. Пакладу яго ў шуфляду стала. (Чытае.) “Тата, дарагі, прабач. Некалькі разоў заводзіў з табою размову аб гэтых брыдкіх справах, але ты не разумеў мяне, нават нагаварыў розных слоў. Не ведаю, што цябе давяло да гэтага, – і не цікаўлюся. Галоўнае тое, што ты, мой лепшы, мой вельмі добры чалавек, па якому я хацеў сябе будаваць, выявіўся такім. Уласна кажучы, па ўсіх дурацкіх хрэстаматыйных прыкладах я павінен быў “выкрыць” цябе. Каб я так мог – усё было б проста і не было б патрэбы ўжываць свінец. Але мне і ўсім нам усё гэта брыдка. Я не магу выкрыць і не магу павараціць цябе з тваёй дарогі. Я адыходжу і прашу цябе толькі аб адным: выгані Бяскішкіна, пакінь усе гэтыя справы, аддай як-небудзь грошы. Няхай ніхто ні аб чым не даведаецца. Жыві – як раней. Пашкадуй Янку, калі не пашкадаваў мяне. Жыццём маім, смерцю маёй, памяццю маёй заклінаю – зрабі гэта”.

Паўза. Музыка.

Здаецца, добра. Зараз ліст Наташы, і канец. (Пгша.) “Мой добры, мой пушысты... Даруй мне мае словы. Я грубіў, бо іначай ты засталася б са мной. А так рабіць нельга. Не мне браць цябе за чыстую руку. Я адыходжу. Даруй. Зразумей мяне: без павагі да сябе, без веры ў людзей цяжка, немагчыма жыць.

Гучны, рэзкі тэлефонны званок. Сяргей маўчыць. Зноў цішыня.

Нягледзячы на ўсё, я кахаў і кахаю цябе больш за ўсё на свеце. Ты, мая любая, ты мая ясная, ты мой светлы і смешны прамень”. (Піша. Скончыў. Склаў ліст.) Ну вось, зараз бацькаў ліст да яго ў стол. (Падыходзгць да дзвярэй. У гэты момант зноў тэлефонны званок.) Звіні, звіні. (Пайшоў. Звініць, звініць у пустой кватэры тэлефон. I зноў цішыня. Сяргей зноў у пакоі.) Ну, на гэты раз усё. Дрэнны выхад, але што рабіць: адразу рассяку ўсе вузлы. Бацьку ўратую, маці, Янку. I будзе сумленне. I ніхто не пасмее плюнуць у мой бок. (Павярнуў ручку прыёмніка. Ціха пачынае скардзіцца музыка, як быццам праз слёзы кажа: “Нічога не зробіш”. Гэта першы канцэрт Мендэльсона. Сяргей бярэ рэвальвер.) Страляць – у сэрца. Бывайце ўсе. Вы харошыя, людзі. (Рэзкі званок. Сяргей накрывае рэвальвер паперай.) Тэлефон? Не, дзверы. Ч-чорт! Нічога, гэта не свой. Не трэба, каб чужы першым пабачыў, – дрэнна. Адкрыю, справаджу праз пяць хвілін. I яшчэ гадзіна застанецца.

Выходзіць. З пярэдняй даносяцца гукі размовы. Потым у пакой амаль урываецца Н а т а ш а.

Наташа. Ты дома. Я так і думала. Я двойчы званіла. Гэтыя гудкі ў пустой кватэры... Я месца сабе не знаходзіла. Чаму ты маўчаў? Чаму ты маўчаў? Чаму ты маўчыш?

Сяргей. Тэм для размовы няма. Ты надоўга?

Наташа. Магу пайсці. Ты незадаволены?

Сяргей. Заўтра, Наташа, заўтра. Заўтра ўсё будзе добра і спакойна.

Наташа. Мне крыўдна, што ты так і не зразумеў мяне... Ну што ж, я недзе чытала, што чалавек па натуры сваёй выключна самотны. I ўсё на свеце толькі адчайдушныя і марныя спробы пазбавіцца ад сваёй самоты.

Сяргей. Усё?

Н а т а ш а. А можа, і кахання няма? Нават лепшыя гавораць аб гранатавых бранзалетах, аб высокіх мэтах жыцця, а самі на кожным кроку здраджваюць свае словы і перакананні.

Сяргей. Я кахаю цябе... чуеш. Але – заўтра. Заўтра я скажу табе новыя словы, другія словы. Ідзі, прашу цябе.

Наташа. Добра, я пайду. (Накіроўваецца да дзвярэй і раптоўна спыняецца. Павольна павярнулася.) Сяргей, у чым справа? У цябе не такія вочы. (Паўза.) Чаму ты маўчыш? А-а! (Яна праслізнула паўз яго, кінулася да стала і, раскідаўшы паперы, узяла ў рукі рэвальвер.) Вось яно што. Я адчувала.

Сяргей. Кінь дурыць. Пакладзі на месца.

Наташа. Як я ў першы вечар не падумала?! Я ж ведала цябе.

Сяргей. Не выдумляй рaка на вярбе. Пакладзі.

Наташа. I лісты... Сярожа, родны, кінь, калі ласка, кінь! Ты пра маці падумаў? Пра Янку, пра Альжбету? Пра мяне, нарэшце? Ты думаеш усё разрубіць. Я не дам табе! Чуеш, не дам! Гэтыя лісты яны атрымаюць, з маіх рук. Я ім раскажу, да чаго можна давесці чалавека.

С я р г е й (рэзка). Аддай рэвальвер.

Наташа. Паспрабуй узяць. Спачатку я, а потым ты.

Сяргей спакойна падыходзіць і, пасля хвіліны барацьбы, бярэ рэвальвер.

С яргей. Існуе засцерагальнік! Ты не магла стрэліць. А цяпер слухай... Я цябе кахаю, я вельмі люблю жыццё. Але няўжо ты можаш перашкодзіць загінуць таму, хто гэтага хоча? Мне нельга жыць. Ёсць, нарэшце, сумленне.

Н а т а ш а. Ну вядома, ты і да мяне ставішся вельмі сумленна і высакародна. Якое пачварнае сумленне! Ён мне патрэбен, як паветра, і ён не думае, што я загіну, калі гэтага паветра не будзе.

С я р г е й. Ты ж на мяне плюеш у душы. Ці будзеш пляваць.

Н а т а ш а. Прарок! Дзяўчына так плюе на яго, што згаджаецца ісці за ім на край зямлі. (Паўза.) Хто будзе глядзець на цябе коса? Дурні і сволачы. Хто кіне табе дакор у несумленнасці? Махляры. Сапраўдныя сябры зразумеюць усё. Я пераканаю іх. Хто скажа, што ты нячысты? (Паўза.) I ты думаеш, што твой бацька, даведаўшыся аб усім, будзе такім, як раней? Хто будзе ранейшы? Ты? Я? Ён? Мы ў крыві вымыліся, мы ўсе косці сабе зламалі, душу вывернулі.

Сяргей. А далей як быць?

Наташа. Далей? Кінуць гэты дом. Жыць на стыпендыю. На нястачы патрэбна большая мужнасць. Бачыце вы, як гэта лёгка! Пяць хвілін страху – і Reguiem aeternam.

Сяргей. Я не баязлівец.

Н а т а ш а. Затое я баязлівіца. Жыць яму не хочацца! А мне страшна... (Плача.) Баюся! Не хачу. Вельмі люблю цябе.

Разгублены Сяргей падыходзіць да яе і нязграбна гладзіць па галаве.

Схавай сваю гармату. Стрэльнеш яшчэ ненарокам! Дурань! Дурань! Дурань непрытомны! Не аддам цябе, нікому не аддам. Не аддала гэтай, халтаме. Дык няўжо касой аддам?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26