1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Сяргей закрывае вочы.

Пакладзі, кажу, рэвальвер.

Сяргей кладзе рэвальвер на стол.

У бацькаў пакой нясі.

С я р г е й. Не баішся?

Наташа (з вызывам). Не баюся. Потым, калі захочаш, можаш узяць.

С я р г е й ідзе ў другі пакой. Наташа, хістаючыся, ідзе за ім, пабачыла куртку Сяргея на спінцы крэсла, узяла і прыпала да яе тварам. Плечы яе калоцяцца. Вярнуўся Сяргей, бачыць гэта, кладзе безжыццёвую руку ёй на плечы.

Сяргей. Не трэба.

Наташа (узяла яго за руку). Ну як мне быць? З надзеяй? Без надзеі? Ты... Адзін... Мне так добра з табой... Я адчуваю цябе, тваё сэрца, кожны рух тваёй душы.

Сяргей. Запляванай душы. Нашто ты ўсё гэта, любая мая?

Наташа. Сяргей, пойдзем адсюль, пойдзем з гэтага страшнага дома. Свет такі багаты. У ім людзі, праца, сонца, сіняе-сіняе мора, твае рукі. I столькі людской дабрыні, столькі святла. Там людзі спяваюць, пішуць. Там карціны, кветкі, там столькі ўсмешак. Там яшчэ столькі жыцця, што хопіць на ўсіх нас.

Сяргей хапае яе за плечы, прыціскаецца вуснамі да вачэй, цалуе. Ён не вытрымаў.

Сяргей. Любая мая! Ты думаеш, мне хочацца паміраць? Я не хачу!

Наташа. I не трэба, не трэба. Не трэба, мой харошы. Ты добры.

Сяргей. Пойдзем, пойдзем адсюль. З табою... Кахаю цябе.

Наташа. Пойдзем. Мы нікому ніколі не дамо нічога сказаць. Мы так будзем трымаць душы, што ўсе будуць перад намі скідаць шапкі.

Сяргей. Хай хтосьці паспрабуе кінуць табе дакор – глотку перагрызу.

Наташа. Ну вось бачыш. Ты моцны. Гэта была толькі хвіліна слабасці. Ты разумны, настойлівы, энергічны, таленавіты, – ты даб’ешся, чаго хочаш. Усё яшчэ наперадзе, усё будзе так, як захочаш, родны мой, любы... Мне снілася, што ты мне валасы расчэсваеш, і так пяшчотна, асцярожна.

Сяргей перабірае яе валасы.

Ну вось. I цішыня. I ўсё добра. Ты са мною, я з табою – чаго яшчэ?

Яны павольна апускаюцца ў крэсла і заміраюць. Цякуць імгненні, апошнія гукі паміраюць у рэпрадуктары. Цішыня.

С яргей. Ты са мною. I ўсё так проста. Так проста! Каханая мая.

Яны не заўважаюць нічога. Вусны ляжаць на вуснах. А ў дзвярах з’яўляецца Альжбета, скідае паліто і мармыча пад нос.

Альжбета. I ў царкве спакою няма. Ногі не стаяць. Душна. Цягне дахаты, быццам дзіцёнак хворы ўдома. Спяшалася, ды ногі не ідуць. Зажылася. (Пабачыла “сцэну” і стаіць у нямым замілаванні.) Ну вось, яшчэ Сярожачку ажаніць, дзетак дачакацца, вынасіць іх, каб самі тупаць пачалі. А там і ў Аўраамле пузічка. Мала прыемнага ў пузічку сядзець, ды – час. (Скідае боцікі.) Можа, дасць Бог і Яначку ажаніць. Тады ўжо зусім спакойна, пад бярозу. Усё ты, Божа, зрабіў, усё даў мне. Пражыла... (Моўчкі глядзгць на пару.)

Наташа (засмяялася). Ой, Сяргей, якая я дурная. У нас такі добры прафесар. Не праца, а ціхае жыццё. I яму нейкі пенсіянер-дзед прыслаў ліст, падзякаваў за насенне. I скончыў словамі: “Цалую вашы ручкі плоцкім пацалункам”. (Смяецца праз слёзы.) Праўда, Сярожа, дурная я?

С я р г е й (цалуе яе). Самая дурная і самая добрая. (Паўза.) Наташа, пасля гэтага я тут жыць не магу. Іначай хоць зноў за рэвальвер. Пойдзем адсюль. Будзем працаваць. Я ведаю, будзе цяжка, магчыма, нават галодна. Але гэта нічога... У цябе таксама нельга. Сябра прапаноўваў пакой на год – яго бацькі едуць за мяжу. Я вучуся, буду працаваць. Мяне абавязкова ўладзяць на работу праз кансерваторыю. Праз год возьмем да сябе Альжбету.

Наташа. Так. Калі ты пойдзеш?

Сяргей. Зараз збяруся. Сёння мой дзень нараджэння. Чакай мяне ў дзесяць гадзін вечара каля пад’езда. Я выйду.

Н а т а ш а (прыпадае да яго). А ты возьмеш ды і застрэлішся.

Сяргей. Застралюся... Калі ты разлюбіш мяне.

Зноў зліліся губы. Альжбета папраўляе хустку, уздыхае.

Альжбета. Вось табе і раіла скарыцца. Лёгка сказаць, дзіця і за рэвальвер. Дастукаўся, Алесь Пятровіч. (Думае аб чымсьці.) Дзяцей ізуверствам сваім забіць? Э, не. Ты думаеш, ты дзіця за руку бярэш? А ты мяне бярэш – за сэрца. Не дзеці жыццём сваім цябе ратаваць будуць. Паспрабую спачатку я.

Павольна згасае святло. За акном, пушысты, сіні-сіні, падае снег.

Заслона

ДЗЕЯ ЧАЦВЕРТАЯ

Зноў гасціная, зноў шафа з “яшчурам”. Але на гэты раз дзверы ў сталовую расчынены. Бачны сервіраваны стол. Гарыць люстра. У сталовай мітусіцца Ганна Вадзімаўна. Янка блытаецца ў яе пад нагамі. Англійскія часы адзванілі дзевяць гадзін.

Ганна. Бог ты мой, дзевяць гадзін. Бяскішкіны зараз прыйдуць. З ног збілася. А Альжбета як знікла куды.

Зноў дзвэнкаюць відэльцы і нажы.

Янка, ты не ведаеш, прыйшла няня з царквы?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26