1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Янка. Даўно. Яна ў сваім пакоі сядзіць.

Ганна. Пакліч ты яе.

Янка. Стукаў – не адказвае.

Ганна. Што за фантазіі?!

Янка. Фантазіі старых людзей трэба паважаць. У старых больш нічога не застаецца.

Ганна. Хто табе гэта глупства сказаў?

Я нка. Ты.

У гэты момант у гасціную ўвайшла Альжбета, апранутая, у хустцы. Яна нясе сак. За ёю Сяргей цягне чамадан і вузел.

Альжбета. Нясі, Сярожа, уніз. Таксі чакае. Праважаць мяне не трэба. Я ў сястры буду. Захочаш – адшукаеш.

Сяргей. Бабулечка, даруй мне. Ты да мяне пяройдзеш жыць. Пачакай трошкі.

Альжбета. Я чула, Сярожа. Ты даруй, я чула тваю размову з Наташай. Але я не пайду да цябе. У маладых сваё жыццё, нашто ім аглядацца на шкарлупіну, з якой яны вылупіліся. Дзякуй табе за сэрца добрае, суцешыў ты мяне.

С яргей. Але я, я не магу. Ты мне бліжэй за маці. Яна не ўсё так зразумее.

Альжбета. Грэх, Сярожа. Не смей так, я раззлуюся. Маці – яна маці.

Сяргей. Слова гонару, толькі год пачакай. Я ўзаб’юся на ногі. Я настойлівы. Я кажу – значыць, усё будзе.

Альжбета (усміхаецца). Ну, праз год, магчыма, і я вам спатрэблюся. Ідзі, сынок, ідзі.

Сяргей нясе рэчы. Альжбета агледзелася, уздыхнула.

Ганна, хадзі сюды.

Ганна Вадзімаўна ўвайшла ў пакой, пляснула рукамі.

Ганна. Францаўна, што гэта з вамі? Куды?

Альжбета. Да сястры.

Ганна. У госці? А як жа дзень нараджэння Сярожы?

Альжбета. Назаўсёды.

Ганна. У чым справа? Чым я цябе пакрыўдзіла?

Альжбета. Не мяне. Я і памерці думала тут, але не магу. Сярожанька сёння ледзь жыцця не рашыўся з-за Алесевых гешэфтаў. Сярожаньку не дам крыўдзіць. Сябе не шкадуеце – пашкадуйце семя сваё.

Ганна (плачучы). Хіба я вінна? Столькі год разам... з ім. I ты мяне не шкадуеш.

Альжбета. Шкода цябе, ды не так, як сябе. Угавары свайго, каб жыў, як чалавеку належыць, строга. А то навучыўся, гіцаль, ад гэтага Бяскішкіна, набраўся, як сабака блох. (Паўза.) I табе параду дам. Уходзь і ты, Ганна. Лахі пад пахі і далей ад граху.

Янка. Бабуля, бабуля, а я як? Што ж я?

Альжбета. Толькі цябе і шкада, малы ты мой, светлае маё золата.

Увайшоў Сяргей і стаў за спіною Альжбеты, якая лашчыць Янку. Альжбета павярнулася.

А, і ты ўжо тут. Я цябе, Сярожанька, спіною чую. Будзе з табою дрэнна, а ў мяне за трыдзевяць зямель сэрца разарвецца.

Я н к а (плачучы). Хоць пра хлопца мне даскажы. Пра хлопца не дасказала.

Сяргей сядае на падлогу поруч з Альжбетай, якая сядзіць на зэдліку. Нянька абняла хлопцаў.

Альжбета. Дык вось...

Янка (усхліпваючы). Трошкі далей ад месяца і бліжэй сонца.

Альжбета. Што ты, пачатак казкі даўно скончыўся. Дык вось, у хлопчыка не было нічога. Але ён не баяўся, ён быў храбры хлопчык. Ён біўся, ведаў і паражэнні. I ўсё ж ён перамог, бо ён быў мужным. Ён стаў слаўным, вызваліў бацькоў і ажаніўся на каралеўне. (Устае.) Бывай, Гануся.

Ганна (плачучы). Што мне рабіць? Ён бацька маіх дзяцей, ён загіне без мяне. (Абняліся.)

Альжбета. Які з яго толк, калі ён яшчура на шафу паставіў... Хай пазбавіцца ад яго – зрабі так, дачушка ты мая. Бывай, сынок, бывай, мой родны. Не праважай мяне, Сярожанька. Я прыйшла сюды, калі цябе не было. Адна. I я пайду адна, быццам цябе няма. Так мне лягчэй. (Яна ідзе не аглядаючыся. Хлопнулі дзверы.)

Янка (заліваючыся слязьмі). Гэта ты, Сяргей, гэта ты ўсё. Брат яшчэ. (І ён стрымгалоў бяжыць у сталовую.)

Г а н н а. Асірацелі мы, Сярожа. I ты пойдзеш?

С яр г е й. Мама, добрая мая. Ты не ўсё разумееш, але так трэба, трэба.

Ганна. Чаму, сынок, я ўсё разумею. Была калісь і твая маці разумнай. Ідзі, калі трэба. Сынaм – свае дарогі.

С я р г е й (абдымае яе). Родная мая, добрая, я проста бачу, што вы зрасліся з ім, – не адарвеш без крыві. Мне было цяжка адарвацца, а табе... Але я прашу цябе... Там лісты да яго. Зрабі так, каб ён мог глядзець у вочы людзям. I Янку, Янку беражы. Гэта расце такі чалавек!

Ганна. Гэта расце другі Сярожа. I таму Сярожа вельмі любіць брата... Але Сярожа не павінен забываць бацькі.

Сяргей. Матулька, як я магу забыць?! Я – гэта ён, яго рукі, яго вочы, яго сэрца.

Ганна. Ты вельмі падобны на яго. Ён быў такім год дваццаць таму. Сынок, жыццё жорсткая штука – гэта нават я сваім маленькім розумам разумею. I не так розумам, як любоўю да вас.

Званок у дзверы. М аці пайшла адчыняць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26