1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Сяргей. Толькі б вытрымаць. Яшчэ гадзіна.

У перадпакоі смех, галасы. Уваходзяць маці, Алесь Пятровіч, Бяскішкіны.

Алесь. Вечар добры ў хаце засватанаму кавалеру. А дзе Вярыга?

Ганна. Пайшоў па справах, ты ведаеш, па якіх.

А л е с ь. Ага, цік-кава. А павараціся, сын. Што гэта ты так сціпла апрануты?

Бяскішкін. Не вопратка красіць чалавека. Малады, зграбны, як таполя, нашто яму... Ну, віншую, Сяргей, жадаю сто год, грошай гару...

Бяскішкіна. Віншую, Сярожанька... У-у, такі дуся смешны. Ганна Вадзімаўна, вы не верце, што ён святым глядзіць, яму дзяўчаты на бульвары спатканні прызначаюць.

Бяскішкін. Чоткі на руцэ, а дзеўкі на вуме. Зна-аю я такіх.

Ганна. Ну хопіць, хопіць, праходзьце. Сядайце на канапу.

Сяргей застаецца твар у твар з бацькам.

Алесь. Чаго ты так глядзіш, сыне?

Сяргей. З імі ўсё ж... Як увайшлі, дык па пакоі быццам торбу з удодамі пранеслі.

А л е с ь. Дасціпны занадта стаў. Пабывай спачатку на кані і пад канём, а там ужо мяркуй аб людзях.

Сяргей. Татка, яны ж дрэнь!

Алесь. А ты што за станавога кучара кум, каб старэйшых судзіць. Глядзі, Сяргей.

Сяргей. Занадта змяніліся вы. Не думалі пра “старэйшых”, калі ў семнаццаць год палкaмі камандавалі.

Алесь (уздыхнуў), Гэта, сыне, было і прайшло. Была калісь і мая праўда, ды заржавела.

Сяргей. Бацька!..

Алесь. Нічога, нічога, сынок, ідзі. Наташа не прыйдзе?

Сяргей (суха). Я нікога не зваў.

На канапе ідзе жвавая размова.

Бяскішкіна. Гэта жах, што робіцца! Кватэра перайшла яму ад незаконнага бацькі, і малады чалавек, пасля яго смерці, прыйшоў у маральнае разлажэнне. Такія выбрыкі пачаліся! Ён не хоча ведаць нас, чытае толькі гістарычныя раманы. Да яго ходзяць жанчыны... I хоць бы каханне, гэта, ведаеце, жанчына заўсёды даруе. Але ў іх спрэчкі. I аб чым? Аб праўдзе ў паэзіі.

Б я с к і ш к і н. Не дадумаў нябожчык бацька. Тады трэба было лупіць смаркача, як упоперак лаўкі мог легчы. А зараз позна. Распусціўся народ, невядома, што толькі будзе!

Алесь. А Альжбета дзе, сынок?

Сяргей. Альжбета пайшла з дому. Яна не хоча болей тут жыць.

А л е с ь (уражаны, але спраўляецца з сабою). Што, яшчур ёй абрыднуў?

Сяргей. Не, людзі.

Галаснейшай робіцца размова на канапе.

Бяскішкіна. Але пляменніка я забыць не магу. Падумайце, ледзь сфарміраваўся чалавек, не ведае, што такое каханне, і чытае кнігі пра нацыянальны інтэрнацыяналізм. I ў раманах мова ідзе, – як бы вы думалі, пра што? Пра тое, як татарскі хан папрасіў у нейкага князя Фёдара жонку на памяць. Якая разбэшчанасць! I яшчэ пра нейкіх дзекабрастаў. Што за звер такі, дзе-ка-браст.

Сяргея перасмыкнула.

Алесь. Што з Альжбетай, Ганна?

Бяскішкіна. Ну скажыце, магла б гэта я папрасіць у нейкай жанчыны на памяць мужа?! Не і яшчэ раз не.

Ганна. Яна... пайшла. Мы... потым пагаворым. Я не хацела раней.

Бяскішкін. Нарэшце, даўно пара. Зажылася, стары стаў збан.

Бяскішкіна. Прыйдзе і наш час, усе пойдзем “пад вечны своды”. I пра нас скажуць: “Маўр зрабіў сваю справу”. Божа, як усё хуткаплынна!

Сяргей. Няньку не чапайце... прашу вас.

Бяскішкіна. Божа мой, Сярожанька, я ведаю, у цябе чулае, рамантычнае сэрца. Але ж ты інтэлігентны чалавек! Што можа ў цябе быць агульнага з гэтай мужычкай?

Сяргей. Гэта мужычка выхавала старэйшага брата. Яна калыхала яго калыску і плакала над яго магілай. Яна насіла мяне. У яе рукі, як кара. Не чапайце яе!

Бяскішкіна. Божа, я і забыла, што ў цяперашняга пакалення такая жыцценароднасць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26