1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Алесь (яму вельмі сорамна). Вы памыляецеся, Любоў Трахімаўна. Яна ёсць не толькі ў іх. Нязручная паўза.

А ты, Сяргей, не надзімайся, а лепей заводзь музыку. Марш!

С я р г е й. Добра.

Гучыць музыка. Ганна прыносіць паднос з бакаламі.

Ганна. Вып’ем, пакуль тое, за нашага хлопца.

Усе чокаюцца і п’юць. Весялей гучыць музыка. Увайшоў В я р ы г а і глядзіць на кампанію.

Сяргей. Максім Канстанцінавіч, вы! Як я рад.

Алесь. Давай да нас. Што будзеш піць? Віно? Ці, можа, праствейн?

В я р ы г а. Дзень добры. Я не буду піць, Алесь.

А л е с ь (падазрона). Чаго?

Вярыга. Сэрца дурыць. Расхваляваўся сёння.

Ён упарта не заўважае працягнутай рукі Бяскішкіна.

Ганна. А справы як?

Вярыга. Буду працаваць тут. Еду на поўдзень вобласці. Там завод будуецца.

Бяскішкін. Будуецца ўсё. Эх, каб быць маладзейшым!

Вярыга. “Гадуем!” “Будуем!” На табе, Сяргей, падарунак. Ведаеш, што такое?

С яргей. Н-не.

Вярыга. Рэліквія майго бацькі. Сёння быў у аднаго са старых сяброў і ўзяў. Мне ўсё адно не патрэбна.

Сяргей. А што такое?

Вярыга. “Матка жыцця”, компас, якім у нас год дзвесце таму карысталіся. Бачыш, у выглядзе храма. Пляскаты.

Бяскішкіна. Божа, нашто гэта дзіцяці?

В я р ы г а. Компас – не галоўнае. Бачыш, на сценках тры фігуркі і каля кожнай надпіс: “Вока прамое, вуха прамое, язык прамы – кроч смела”.

Сяргей. А што гэта на далоні ў чалавечка, які круціцца?

Вя р ы г а. Хрызапраз. Яны верылі, што калі ён пры чалавеку, – чалавек адрознівае здрадлівых людзей сярод добрых. I сам заўсёды чысты.

Сяргей. А як насілі?

В я р ы г а. Насілі на шыі. Бачыш, ланцужок.

Сяргей. Дзякуй вам, вялікі дзякуй.

Вяр ыга. Гэта табе дзякуй. I даруй, Сярожа. Сёння я еду, гэта табе... ад мяне...

Сяргей надзявае “матку” на шыю, пад сарочку, уздыхае. Вярыга сеў і адразу як сагнуўся.

Сёння друг расказаў мне гісторыю, пра якую лепей мне было не ведаць.

Ганна. Што такое?

Вярыга. Выявілася, што ў гісторыі са мною сапраўды быў данос... Ты шчаслівы, Сярожа, што зараз гэта немагчыма, што гэтага ніколі больш не будзе... А я бачыў гэты дакумент. Подпіс малазнаёмага, але ўсё ж знаёмага чалавека. Ён тады працаваў на маім заводзе, быў эканамістам.

Ганна.Бо...! (Асеклася, глянуўшы на Алеся.)

Бяскішкін. Глупства нейкае. Усё прайшло... пакінем.

Вярыга. Не, гэта не глупства. Пад дакументам подпіс: “А. Бяскішкін”.

Цішыня.

Крыўдна не гэта. Крыўдна нават не тое, што гэты чалавек жыве. Жыць павінен кожны. Мне не было б лягчэй, каб з ім нешта здарылася. Крыўдна другое: ён смярдзіць, ён атручвае і збівае з дарогі маіх сяброў, ён робіць так, што чыстыя юнакі не хочуць жыць... Ён усё яшчэ паскудзіць, гэты чалавек. Ён карыстаецца тым, што некаторыя стаміліся і вырашылі жыць для сябе... Вораг маіх сяброў, вораг чалавечай чысціні...

Бяскішкін. Хлусня! У вас няма права...

Вярыга. Я не хлушу. Ніколі.

Бяскішкін. Я таксама грамадзянін! Права няма...

Вярыга. Права на праўду заўсёды жыве.

Бяскішкін. Што ж гэта такое? Ганна Вадзімаўна!

Ганна. Бог з вамі, Авар’ян Аркадзевіч. Я недалёкая жанчына, але...

Бяскішкін. Алесь, што ты?..

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26