1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Вярыга. А летам хоць можна вам да мяне прыехаць?

У яго такі самотны выгляд, што Наташа сумелася.

Н а т а ш а. Гэта можна. Абавязкова прыедзем.

Вярыга. I лічыць мяне блізкім можна?

Наташа. Можна... тата.

Вярыга. Ну вось... вось, значыць, як.

З пакоя выходзіць С я р г е й з маленькім чамаданам. На ім старое паліто.

Ганна. Ты хоць бы новае апрануў.

С я р г е й. Не магу, матулечка. Бывай, мая родная. Даруй за ўсё, мая прыгожая. А Янка дзе?

Але дзверы ўжо расчыняюцца. Я н к а робіць некалькі крокаў да Сяргея.

Янка. Гэта ўсё ты! Гэта ты на бацьку...

Сяргей. Развітваемся, Янка.

Янка. Я пакуль што не магу яшчэ адлупцаваць цябе, але хутка я вырасту, і тады я так, я так цябе адлупцую.

Сяргей. А я не магу пакуль што ўзяць цябе з сабой, але хутка я стану зарабляць, і тады я абавязкова вазьму цябе... абавязкова.

Янка. Я хутка вырасту, і...

С яр гей. Янка, братка, набі мяне. Ну... зараз.

Янка кідаецца на Сяргея і ўвесь калоціцца ў яго руках.

Янка. Сярожа, Сярожа, Сярожа.

Сяргей. Бывай, мой братка, бывай, мой малы чалавек. Бывай, маці.

Вярыга. Гэта мае дзеці. I твае, маці... Помні, што я прасіў. Ён вернецца да нас. Ён абавязкова вернецца.

Выходзяць. Сцэна пусцее. З рэпрадуктара ціхая музыка. Потым з перадпакоя вяртаецца Г а н н а, несучы Я н к у.

Ганна. Нічога, Яначка, нічога. Я не Альжбета, але я таксама раскажу табе казку, як жылі людзі трошкі далей да месяца і бліжэй да сонца. Яны вельмі цікава жылі, гэтыя людзі.

Панесла Янку ў сталовую. Зноў пуста. Зноў музыка. За вокнамі пачынае падаць густы сіні снег. У пакой нячутна ўвайшоў Алесь Пятровіч. Валасы яго мокрыя. Падышоў да дзвярэй Сяргея, хацеў пастукаць і апусціў руку.

Алесь. Ціха, як быццам усе памёрлі. Пусты дом. Хлопчык меў рацыю.

На парозе сталовай стаіць Г а н н а і глядзіць на мужа.

Ганна. Адны мы засталіся, Алесь.

Алесь. Дзе Сяргей?

Ганна. Пакінуў дом.

Алесь. Так, зразумела. Усё зразумела... Снег за акном. Зіма. (Ён падыходзіць да шафы.) Дзесьці жывуць такія яшчары. Ходзяць на шасці лапах... (І раптам хапае вазу і з усёй сілы б’е яе аб падлогу.) На табе, дрэнь!

I падае ў крэсла. Ганна падыходзіць да яго, гладзіць па галаве.

Ганна. Нічога, усё міне. Зараз усё будзе добра. Яны пройдуць, гэтыя дні. Яны пройдуць. Яны вельмі-вельмі кароткія, гэтыя зімнія дні.

За акном падае снег.

Заслона

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26