1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Сяргей і Янка выходзяць.

Вярыга. Вялікі перапынак быў у гэтай дарозе, бабуся.

Альжбета. Ну хопіць, хопіць.

Вярыга. Як Алесь, Ганначка? Нешта ён... не такі.

Ганна. I мне, Максім, не падабаецца мой Алесь. Ён і наогул прыціх пасля гісторыі з табою. А гады чатыры таму – як здарылася з ім нешта. Стаў снулы, як рыба.

Вярыга. Ён? Рыба? Кавалерыст былы – рыба? Летуценнік – рыба? Кінь глупства, Ганна!

Ганна.Я і сама яго не пазнала, як ты прыехаў. Вочы гараць, смех малады. А раней... (Махнула рукою.). Лепей скажы, як у цябе.

Вярыга. Завод вялікі. Дыхнуць няма калі.

Ганна. Што ж ты адразу не прыехаў?

Вярыга. “Адразу” – работу прапанавалі. А я так знудзіўся па працы – смецяром пайшоў бы, не толькі дырэктарам.

Ганна. I перспектывы якія?

Вярыга. Дзе праца, там і перспектывы. Ёсць чуткі, што перакінуць на Беларусь.

Ганна. I як ты?

Вярыга. Буду працаваць. Гэта шчасце – праца.

Ганна. Другі раз не ажаніўся?

Вярыга. Позна, дарагая. Месяц таму стукнула мне пяцьдзесят шэсць год, і з гэтай прычыны велій шум учыніўся і многае піццё прайсцякло.

Ганна. Ты б памірыўся з ёю. Яна з гэтым, другім, разышлася. Дрэнь чалавек.

Вярыга. Я не злапамятны. Гераізму ад жанчын не патрабую. Магла не чакаць мяне, не такая ўжо я цаца. Але ніколі я ёй не дарую, што яна маю дачку ў чужыя рукі аддала. I згубіла з вачэй.

Ганна.Мы спрабавалі шукаць. Не знайшлі.

Вярыга. Куды там. Вайна.

Ганна. I далей як?

В я р ы г а. Буду жыць. Вазьму дзіця на выхаванне. Будзе з яго сапраўдны чалавек – не цюця якая-небудзь. А гэтага... я адшукаю. Проста каб паглядзець у паганыя вочы.

Альжбета. Што ён там напісаў хоць?

Вярыга. Што я хацеў аддаць Далёкі Усход японцам.

Альжбета. А Божа ж мой. Дык ты, бацюхна, хоць сапраўды не аддавай яго. Пашкадуй людзей.

Усе зарагаталі.

Плюнь. З-за таго, што на вяселлі жаніха пабілі, – ніхто яшчэ не скажа, што вяселле дрэнная рэч.

Вярыга. Родная вы мая. Я так і думаю.

С я р г е й (прыносіць на руках Янку). Іх вялікасць зусім гатовы да прыняцця ежы.

В я р ы г а. Ну дык як, Сяргей, напісаў двухтомную працу аб часцінках “мы” і “ны” ў старажытнаславянскай мове?

Сяргей (ставіць Янку на падлогу). Напісаў. У трох тамах. Трэці том – каментарыі і слоўнік. Падлічыў, што “і” сустракаецца ў кіеўскіх глагалічных лістках 75 тысяч 842 разы. “I з’явіўся Іван. I Пётр з’явіўся. I жаніх быў з імі, і ўмашчаныя былі валасы яго”.

Вярыга. Малайчына. У восемдзесят год будзеш акадэмікам.

Сяргей. Раней. У семдзесят восем год.

Вярыга. А ў вобласці навук мусікійскіх адукуешся?

С я р г е й. Адукуюся.

Ганна. У кансерваторыі хваляць.

Сяргей. За кансерватызм. Напісаў санату, а потым выявілася, што Бетховен сто трыццаць год таму напісаў менавіта такую ж.

Ганна. Не хлусі. Прафесар што пра яе сказаў?

Сяргей. Яму сто год, прафесару.

Альжбета. Дык ты нясі, Ганна, усё ў сталовую.

Вярыга. А навошта? Мы і тут паснедаем. Цяплей. I цягаць недалёка. Ану, Сяргей, дапамагай на стол накрываць.

Альжбета, Ганна і Сяргей накрываюць на стол. Янка стаў перад Вярыгам.

Янка. Вы Вярыга?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26