1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Вярыга. Я Вярыга.

Янка. А чаму я вас не бачыў?

В я р ы г а. Гэта, брат, добра, што ты мяне не бачыў.

Янка. А вы герой? Вы ваявалі? Фашыстаў білі?

Вярыга. Фашыстаў не давялося. Паноў біў, белых біў. Не герой.

Ганна. Янка, адчапіся ад чалавека.

Я н к а. А наш татка ого які герой! Нават фота ёсць, на кані. У яго і рэвальвер ёсць. Не ведаю толькі, дзе зараз. Чорны такі. I залатая пласцінка.

Альжбета. Не плявузгай глупства! Дзе ты яго бачыў?

В я р ы г а (на вуха Ганне). Хіба ён нічога з ім не зрабіў?

Ганна (таксама ціха). Шкада, Максім. Помніш, ледзь вы вырваліся з абкружэння і адразу самі напалі. Тады табе яшчэ чырвоны сцяг далі.

Вярыга.А Алесь палкоўніка ў палон узяў. Ягоны рэвальвер. Асабісты падарунак Дзянікіна. (Засмяяўся.) Вядзе яго Алесь, а той крычыць: “Дажывеш да таго, што мая зброя ў вашых жа паліць будзе”.

Усе сядаюць за стол. З’яўляецца Алесь Багуслаўскі.

Алесь. Старой гвардыі – прывітанне. Заспаў я сёння... Здароў, Сяргей.

Вярыга. А ты больш спі. Я ўсё з’ем.

А л е с ь. Ды я толькі хапну чагосьці на зуб і пабягу. Работа. Ты даруй. Заўтра нядзеля, будзем з табой хадзіць, дзе захочаш.

Некаторы час чуцен толькі звон відэльцаў.

Вярыга. Як у цябе справы, старык?

Алесь. Справы? Справы... добрыя. Заняты вельмі. Ні хвіліны вольнай.

Вярыга. Таму і пытаю. Калі чалавек ні хвіліны вольнай сабе не пакідае, гэта значыць, што ён або вельмі працавіты, або... точыць яго нейкі чарвяк.

Алесь. Жыццём я задаволены. I ўсё ж... многа б я даў, Максім, каб другую палову жыцця іначай пражыць.

Вярыга. Раскажаш потым. Ты чаго гэта сяброў забываеш? Я табе пазваніў некаторы час таму. Сядзеў на перагаворнай, сядзеў. Аж мне паненка кажа: “Абанент на выклік не з’явіўся”. Абанент ты пасля гэтага, эмпірык і паўзучы дуаліст.

Альжбета. Ён якраз тады на цэлы дзень знік з дому. Машыну купляў. Я яго пасля гадзіну лаяла.

Вярыга. I варта было.

Алесь. Не слухай ты іх усіх. (Устае.) Прыглядайся пакуль што да ўсяго. Я табе ўсё-ўсё раскажу. Ведаеш, часам бывае цяжкавата.

Сяргей. Хутка вернешся?

Алесь. Напэўна, не. А ты не чакай мяне, старык. На падлёдны лоў дні праз чатыры паедзем. А зараз бегай, язык высалапіўшы. Вакацыі ж. Дык ты з дзяўчатамі, з сябрамі. Грошы ёсць?

Сяргей. Мала.

Алесь. На вось пакуль што. I вазьмі мой кітайскі гальштук. Будзеш па вуліцы ісці, а дзяўчаты будуць: “Рэгардэ, ма шэр, сястрыца, кель жолі гарсон ідзе”. (Паклаў руку яму на лоб.) Эх, сынок... Бывайце.

Б а г у с л а ў с к і пайшоў.

Ганна. Ну вось, бачыш. Ён стаў нервовы, рассеяны.

Вярыга. Непрыемнасці якія-небудзь. Глупства.

Альжбета. Калі непрыемнасць цягнецца год, дык гэта страхоцце, а не непрыемнасць.

Янка. Я паеў. Я на вуліцу пайду.

Вярыга. Дык ты ўжо ўклаў? Апці-іт.

Янка ўходзіць. Маці праважае яго.

А Сяргей нешта ў гароху застаўся. Чаго гэта ты?

Альжбета. Пра паненак думае.

Сяргей. Якіх паненак, бабця? Сорам табе.

Альжбета. А пра тых, чыё фота ў цябе ў кішэні.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26