1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Сяргей. Гэта не паненка. Гэта Наташа.

Ганна (уваходзячы). Там да цябе Наташа.

Сяргей. Ты запрасіла яе снедаць?

Ганна. Запрашала, не хоча.

Сяргей устае і ідзе да дзвярэй. Ганна выходзіць за ім. Альжбета і Вярыга п’юць чай.

Вярыга. Што за дзяўчына?

Альжбета. Сябруюць з Сярожкам. Добрая дзяўчына, нічога не скажаш.

Вярыга. Дык што, вяселле? Хацеў бы я паглядзець, якая з вас свацця будзе?

Альжбета. Аты паглядзі. Нешта я табе забараняю? Вось такая была б. (І раптам твар яе робіцца хітрым і дурным адначасова, вусны складваюцца ў саладзенькую ўсмешачку.) Справіла, бацюхна, я вяселле. Ледзь жывая засталася!

Вярыга (уключаецца ў гульню). Што так, матухна?

Альжбета. I вянчанне-та было на здзіўленне дзівоснае: народу ў царкве чалавек сорак альбо тышчу.

Цяпер абое нават чай пачалі піць прысёрбваючы, са сподкаў.

А нявеста, як ангеліца, уся ў белым: сукенка белая, туфлі белыя, валасы белыя.

Гульня, відавочна, дастаўляе абаім задавальненне.

В я р ы г а. А ў валасах грабеньчык, матухна. З каменнямі.

Альжбета. Так і свеціць, так і паліць!

Вярыга. Так свеціць, так паліць – аж пярэднія некаторыя распранацца пачалі.

Альжбета.А жаніх, як скапідон, увесь у чорным: вопратка чорная, валасы чорныя... морда чорная.

Вярыга. А за сталом-та, любая, за сталом як?

Альжбета (важна). А за сталом саджалі па плепорцыі. Каго на адным крэсле, каго – на двух, а маці-пратапопшу ледзь на трох усадзілі.

Вярыга (ледзь стрымліваецца). Ну а далей?

Альжбета. А далей прыйшла я да скапідона раніцой. А ён гойсае па пакоі, аж падцяжкі ззаду свішчуць. Паверыце, я жанчына кволая. Як кінуўся да мяне, як дасць у каршэнь, дык я праз галаву дваццаць чатыры прыступкі пералічыла.

I тут абое не вытрымалі, разрагаталіся. Вярыга абняў Альжбету.

Вярыга. Мне як шчасце ўяўлялася, што я буду калісь з нейкай сваёй бабуляй размаўляць: чысценькай, разумнай, хітраватай, добрай. Але сваццяй вы ўсё ж не былі.

Альжбета (расчулілася). Ах, бацюхна, хіба ў гэтым справа? А размову ж падтрымаць трэба. Ты невясёлы нешта сёння.

В я р ы г а. Невясёлы. Нейкае ў мяне такое прадчуванне, бы ў сабакі.

Альжбета. Ой, дарагі ты мой, не кажы. I ў мяне таксама. Не той Алесь Пятровіч. Што з ім – не ведаю, але не той. Весялосці, шчырасці, чысціні не стала ў доме. Адны толькі дзеці. Янка смяецца, Сярожка за дзяўчатамі пачаў упадаць – мне, старой, і лягчэй на сэрцы.

Паўза.

Знаёмыя Алеся нейкія не такія, як раней, калі ты быў. Ёсць тут такі Бяскішкін Авяр’ян Аркадзевіч. З жонкай. Няпэўны чалавечак. Падараваў нядаўна Алесю кітайскую вазу. I на ёй такая брыдота: яшчарка з шасцю нагамі. Я сказала, што ў сталовай гэтаму яшчуру не месца – я за апетыт кожнага адказваю... Ну хто з прыстойных людзей яшчура дорыць? Хто?

Вярыга. А можа, мы перабольшваем? Можа, ён нядрэнны чалавек?

Альжбета. Што ты! Яшчур такі, што брыдка за стол сесці. I ногі – вось такія, разлатыя. Цьфу!

3аслона

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26