1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

КАРЦІНА ДРУГАЯ

Гасціная ў кватэры Багуслаўскіх. Двое дзвярэй направа ў сталовую і перадпакой: адна налева ў пакой Сяргея. Добра абсталяваны пакой. Акрамя звычайнай мэблі – вялікая кніжная шафа паміж двух шырокіх акон, канапа, старыя англійскія часы, падобныя на стаячую труну, пейзажы, пераважна малюнкі будынкаў. Камін. Перад ім два крэслы. На шафе прадмет нянавісці Альжбеты, ваза “з яшчурам”.

За вокнамі шырокі краявід горада.

Уваходзяць Ганна Вадзімаўна і Наташа.

Ганна. Дзе ты ўчора была, Наташачка?

Наташа.Выстаўка. Быкі, гарбузы, коні-ламавікі. Хай жыве Рубенс! I на гэтым фоне я, напаўжывая здыхля гарадскога тыпу.

Г а н н а. Наташа, што за словы? Паслухала б цябе мама.

Наташа. Я сама працую. Трэба ж мне, цётка Ганна, заводзіць нейкі свой слоўнік. Я дарослая.

Ганна. Дзіця ты яшчэ! I гэта жахліва ў твае гады мець такі характар. То разважлівая, як прафесар, то легкадумная, то размаўляеш, як дарослая жанчына.

Н а т а ш а. У мяне толькі рахметаўскія цвікі характар выхаваюць.

Ганна. I прафесіі мяняеш. То бібліятэка, то турысцкае бюро, то батанічны сад. Нашто табе, завочніцы, гэта?

Наташа. Прафесіі трэба мяняць. А то ўпрэцца чалавек лобам у адну сценку, “паставіць сябе” і сядзіць “ажнік” да самай смерці.

Ганна. I як гэты твой прафесар?

Н а т а ш а. Грубаваты мужык, але разумны. Не нагою смаркаецца.

Г а н н а. Ната-аша. Не, я проста жахаюся. Трэба ж неяк падрабляцца пад людзей, пад правілы прыстойнасці.

Наташа. О-ох, Ганна Вадзімаўна, я, можа, назнарок не падрабляюся. Мне быць з людзьмі хочацца, а не падрабляцца пад іх.

Ганна. Але...

Наташа. Родненькая, і вы ж не вельмі пад іх падрабляліся ў свае гады... Не хачу і я.

Увайшла Альжбета з талеркай.

Альжбета. Зараз, Наташачка, прыйдзе Сярожа. Дзень добры.

Наташа. Добры дзень, бабулечка! Надвор’е – цуд. Зімовая казка! Лёгкі мароз, шэрань. I здзіўляешся, як гэта людзі не зразумеюць адзін аднаго.

Альжбета. Чаго ж ты, родненькая, чайку з намі не папіла? Хрусты ёсць, пячэнне мігдальнае. Сама рабіла. (Ставіць талерку на стол.) Частуйся.

Наташа. Францаўна, вы проста краса і ўцеха. (Цалуе старую.)

Альжбета. А ты, Ганначка, яе не чапай. Нам маладых не заўсёды і зразумець можна. Мазгі не тыя. I гэта трэба старым памятаць.

Ганна (выходзячы з пакоя). Ох, маленькая жанчына, маленькая жанчына!

Альжбета. Наташачка, ты глядзі, што за пачвара! Яшчур! От каб яму за такі падарунак усё жыццё жывых яшчураў бачыць.

Наташа. Каму?

Альжбета. Бяскішкіну. Хто ж яшчэ такую поскудзь можа падараваць?

Наташа. Сапраўды. I лапамі – вось так.

Альжбета. Самае дрэннае, што лапамі – вось так. Ты адна мяне разумееш.

Н а т а ш а. А вы яго разбіце, Альжбета Францаўна. Як быццам незнарок.

Альжбета (смяецца). Я і то падумваю. Старая, нязграбная – чаму не разбіць? (Смеючыся, выходзіць з пакоя, размінаючыся ў дзвярах з Сяргеем.)

Сяргей. Здароў, Наташа.

Наташа. Здароў. Ты чаго ж на вылазку не прыйшоў?

С я р г е й. Госць прыехаў да бацькі. Разам у грамадзянскую ваявалі.

Наташа. Цікава. Героі яны. Бацька твой, дык наогул...

С я р г е й. Бацька ў мяне – герой. Я такім ніколі не буду. Самы адважны, самы вясёлы, самы разумны і таленавіты.

Наташа. Хопіць хваліцца, кулік. Гэта нікому не патрэбна. Аб гэтым усе і так ведаюць.

Сяргей. Ты што, смяешся?

Наташа. Я не смяюся. I я ніколі нікому не хлушу, час табе ведаць гэта. Але ты памятаеш, як наш клас глядзеў на Алеся Пятровіча. I ўсе сябры, уся моладзь. Ты – ганарыся ім.

Сяргей. Цікава на вылазцы было?

Наташа. Угы. Шкадаваць будзеш. Тым больш што я, здаецца, паеду да цёткі. Ты пішы. “Да запатрабавання”. Там суседка такая. Не паспееш падысці да дзвярэй, як яна ў імгненне высоўваецца са сваёй нары, халупы, кватэры, ці як там яно. I такія свае паводзіны тлумачыць жаданнем спаймаць злодзеяў, калі яны надумаюць дзерціся ў нашу кватэру. Самае трагічнае, што я яшчэ вымушана дзякаваць ёй за гэта.

Сяргей. Наташа, не трэба ехаць. Колькі тых вакацый, а ты знікнеш. Я сумаваць буду.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26