1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

Н а т а ш а. Я падумаю. Але ў такім разе ты павінен скарацца перад мною. Тады... магчыма, не паеду.

Сяргей. Ой, Наталка, якая ты разумная!

Н а т а ш а. Калі я здаюся табе разумнай, значыцца, мая песня спета. Які ж хлопец рызыкне пакахаць разумную дзяўчыну?

Сярге й. Наташка! Дам!.. А ты што, хочаш, каб я цябе пакахаў?

Наташа.Спаймаў мяне на слове. Не, я не ў цябе закаханая. Мне наогул лухту хочацца балбатаць. I каб ты абавязкова сядзеў на дрэве.

Сяргей. А ў каго ты закаханая?

Наташа. У Жана Габэна, Жэрар Філіпа і...

Сяргей. ...і?

Наташа. А далей не скажу.

С я р г е й. Ты навучышся калі-небудзь да канца дагаворваць?

Наташа. Не. Я шматкроп’і люблю. Паставіў – і ніякіх гваздоў. Гора з плячэй, і разумей як ведаеш.

С я р г е й. А я, ты ведаеш, толькі цябе і пакахаў бы. Астатнія жанчыны або авечкі або курыцы.

Наташа.Па-першае, не ўсе. А па-другое, большасць мужчын кахае і аўцу, і курыцу, і кракадзіла разам – і не заўважае гэтага.

Сяргей.Я не такі. Таму што ты не такая.

Наташа (задумліва). Ой, Сяргей, ты такі добры, што я сама не ведаю, колькі б я табе прыемных слоў нагаварыла. Ды толькі баюся.

Сяргей. Чаму?

Наташа.У цябе галава ўходзіць у завоблачныя вышыні, дзе холад, туман і, наогул, непрыстасаваная для жыцця атмасфера. Звышчалавечыя помыслы.

Сяргей. Пахваліла.

Наташа. Сярожа, ты ведаеш...

Сяргей. Што?

Наташа. Учора на рабоце мне пацук на ногі скочыў. Я крыкнула і на стул. Сяджу і здзіўляюся: я маўчу, а крык працягваецца. Пасля зразумела – гэта ўжо другія... Я княжне Тараканавай з-за пацукоў спачуваю, а не з-за немінучай пагібелі. Вада – глупства!.. I ўсе пытаюць: “А які ў яго хвост!” Што, Сярожа, хіба ў пацука нейкі асаблівы хвост?

Сяргей. Ты доўга нада мною здзекавацца будзеш?

Наташа. Прачытай вершы ў мой гонар.

Сяргей (стае ў позу). “О, артыкулярная Наташа!”

Голас Альжбеты з-за сцэны: “Сяргей, на хвіліначку”.

Зараз, Наташа, прыйду. (Пайшоў.)

Наташа. Сказаў... А што – невядома. У слоўніку, можа, паглядзець? (Адчыняе шафу, дастае слоўнік, гартае яго.) Тры значэнні. 1) Ускідваць стрэльбу, у кагосьці цэлячыся... Не тое... 2) Выкідваць фокусы – гм. Пахваліў або аблаяў? 3) Выглядаць смешнай... Зусім нешта дзіўнае.

З’яўляецца С я р г е й.

Слухай, я патрабую тлумачэнняў. Гэта што, здзекі такія?

С я р г е й. Дальбог, толькі перафразіраваў з “Энеіды”.

Н а т а ш а. Ты навучышся калі-небудзь гаварыць добрапрыстойныя словы? Што гэта за непрыстойныя намёкі такія?

С я р г е й. Нічога, дальбог, нічога, любая.

Н а т а ш а. Ну, чакай.

Сяргей бяжыць вакол стала. Яна – за ім. Дагнала і ўчапілася ў чуб.

Вось куды я цэлюся. Вось якая я смешная!

Сяргей. Ратуйце!

I рукі яго кладуцца на плечы дзяўчыны. Ён абдымае яе. Вусны іх сустракаюцца.

Павольна адпускае яго валасы і спаўзае яму на плячо рука Наташы.

Наташа. Не трэба, Сярожа.

Ён не адпускае яе, мякка гладзіць далонню валасы.

Ты ведаеш, мне вельмі прыемна, што ты мяне шкадуеш. Быццам я хворая, а да мяне нехта добры прыйшоў. А за акном май і кветкі.

Сяргей. Зіма за акном. Далёка да вясны.

Наташа. Нічога, яны кароткія, зімнія дні. Яны хутка бягуць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26