1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26

Трошкі далей ад Месяца

С я р г е й. I ўсё адно зіма не перашкаджае кахаць цябе. Я цябе кахаю. Прыходзь заўтра ў восем вечара на бульвар. Не ад’язджай толькі.

Наташа. Я прыйду.

Сяргей. I зараз не ідзі. Мне добра з табою.

Янка (прасоўваючы галаву ў дзверы). Гэй, вы, шызоіды, там нехта звоніць.

Сяргей ідзе адчыняць. Наташа ставіць у шафу слоўнік.

Н а т а ш а. “О артыкулярная Наташа!” (Усміхаецца.) Нікуды я, вядома, не паеду...Нудота ў той цёткі – сківіцы звернеш, пазяхаючы.

У пакой увайшлі А н э л я Ш ы ц і к, С я р г е й. За імі непрыкметна ўшчаміўся Я н к а.

Сяргей. Знаёмцеся. Мая аднакурсніца Анэля – мая добрая старая знаёмая Наташа.

Наташа. Вельмі прыемна.

А н э л я. Цешуся знаёмствам.

Усе сядаюць.

Павінна табе сказаць, Сяргей, што Ігнат – агідненькі хлопчык і вельмі нагадвае супрацьхалерную вакцыну. Ледзь адчуе бацылу ўласнай думкі – адразу пачынае рэагаваць.

Сяргей. Чорт з ім. I вы і ён гарачыцеся, кусаеце адзін аднаго за глотку. Памяркоўнасці трэба больш. Я не ведаю, чаму павінны ўзаемна адмаўляць адзін аднаго паэт Н. і які-небудзь паэт X. Хай сабе жывуць.

Анэля. ... і пладзяцца. Эх, Сяргей, абодва яны дрэнь.

Сяргей. Катэгарычна сказана. А хто не дрэнь?

Анэля. У музыцы – ты, у жывапісе – малпа Бетсі, у літаратуры – Марынеці, д’Анунцыё.

С я р г е й. Дзякуй за паралель. Апошнія два стараваты. Пакінь ты выломлівацца, Анэля. Ты ж не такая.

Анэля.Эх, Сяргей, усе ведаюць, што ты чысты. Але табе лёгка такім быць. Дык не перашкаджай і іншым рабіць, што хочуць.

Сяргей. Я не перашкаджаю. Не мая справа. Але няхай вось Наташа скажа, хто лепшы ў мастацтве.

Наташа. Той, хто чалавечны. А як піша – яго справа.

Анэля. Чалавечны? А за колькі тысяч маральны і чалавечны? I ці ёсць яна наогул на зямлі, маральнасць?

Сяргей. Мы пытаем, адкуль узялося на зямлі зло. I не пытаем, адкуль узялося дабро?

А н э л я. Таму, што чалавек прыкідваецца добрым. А на самай справе ў кожным ужываецца поруч з князем Мышкіным змяя-акулярніца. Гісторыя робіцца людзьмі дзеля кавалка хлеба.

Наташа. Гэта няпраўда, Анэля. Жыццё багацейшае за людзей.

А н э л я. Жыццё. Што мы паспелі зведаць у жыцці? Наш выкладач ледзь не са слязьмі кажа пра Трыстана і Ізольду, а сам трэці раз жанаты.

Сяргей. Пачакайце хвілінку, дзяўчаты. Я Альжбеце дапамагу, яна прасіла.

Выходзіць. Анэля і Наташа сядзяць і разглядаюць адна адну. Анэля ўсміхнулася.

Анэля (рэзка). Табе патрэбны шпількі?

Н а т а ш а (праводзіць рукою па цяжкіх валасах). Патрэбны. А што?

А н э л я. Магу дастаць. (Багацце мімікі неверагоднае.) Мара!

Н а таша. Што гэта за шпількі? З чаго зроблены?

Анэля. Са шкуры.

Наташа. Як са шкуры?

Сяргей стаіць у дзвярах і з дакорам глядзіць на дзяўчат.

Анэля. О, дык ты яшчэ кураня. А кажаш пра жыццё.

С я р г е й. Гэта туфлі, Наташачка. А ты, Анэля, пакінь яе дапытваць. Туфлі гэта яшчэ не жыццё. Бярыце лепей па яблыку – украў ад Альжбеты. А ты, Наташа, каб не лічылі цябе адсталай, рабі выгляд, што адукаваная па гэтай частцы не менш за іх.

Янка. А мне яблык? А то я Альжбеце скажу.

Сяргей. Даносчыку галаву выкручваюць. I ў яго...

...плач очей печальных

Меж ягодиц струится бороздой.

На табе мой яблык... Ты чаго гэта сядзіш, быццам цябе няма, і слухаеш?

Янка. Няма чаго тут слухаць. Усе дзяўчаты дурныя, як курыцы. Пра туфлі спрачаюцца, пра іншае. Усю галаву задураць. I гэта ў век космасу. Каб гэта да рэвалюцыі, дык у манастыр уцёк бы.

Сяргей. Ану вэк адсюль.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26