У снягах драмае вясна

– Чакай, – сказаў Паўлюк. – Ты мне тут зараз Сяляўку перапудзіш да смерці. Будзе ў яго мядзведжая хвароба – мы цябе тады...– Хай яго ліха. Спіць... Ты ведаеш, я свайго жыцця іншым не ўяўляю. Бацька мой у партыі з пятага года, дзядзька яшчэ раней. Я ўсё сваё куртатае жыццё пражыў добра, працаваў як вол, быў сувязным у партызан, яшчэ зусім хлопчыкам, пасля вайны – камсамольская праца ў Заходняй. Ледзь не забілі мяне там два разы. Я да гэтай справы нашай сэрцам прырос – толькі з крывёй і адарвеш. І вось мне нешта за апошні час тое-сёе пачынае не падабацца. Як злая воля нечая робіць многае, каб адштурхнуць сумленных людзей. Вось прыклад: пачаліся працэсы эканамічнай контррэвалюцыі. Добра, нягоднікаў трэба караць. Пры нашай беднасці яшчэ й мільённыя крадзяжы – за гэта вяроўкі мала. Але які дзіўны вынік вывелі некаторыя: “Хто вінен?! Жыды вінныя! Жонка кіраўніка кіеўскім малочным заводам ванны з малака рабіла!” Ах, сорамна! Як гэта яшчэ сядзіць у нашых душах дзікунства, цемрашальства... А я не веру! Няўжо Мішка Баўмфельд вораг? Ён жа са мною амаль поруч чатыры гады сядзеў, ягоны бацька быў камісарам яшчэ ў грамадзянскую... А размова з гэтымі, інгушамі рознымі? Скажам, былі здраднікі, але як жа можа адзін народ быць горшым за другі, што яго бяруць за шкірку, як шчанюка, і вывозяць з месца, дзе ён жыў, дзе нарадзіліся яго дзеці, дзе ён прызвычаіўся, дзе капцы бацькоў? Я не памятаю, здаецца, гэта Маркс сказаў: ”Адносіны да яўрэяў – пробны камень цывілізацыі народа”. Але няхай і не ён, усё адно– гэта праўда. Я не жадаю, каб нас, авангард чалавецтва, называлі дзікунамі. Сёння, выходзіць, іх, а заўтра мяне, беларуса.– Твая праўда, – сказаў Паўлюк. – Гэта не метад. Гэта хутчэй чыёсьці шкодніцтва чыстай вады.Берасневіч нервова закурыў. Дождж на вуліцы яшчэ больш хлюпацеў у рынвах.– Або вось яшчэ, метады выхавання. Зрабіў чалавек няпэўны крок – не вораг, наш чалавек. Заблытаўся трошкі. І тут адразу бюро, пярун з яснага неба, папярэджанне, выключэнне. Нашто гэта? Мне здаецца, трэба растлумачыць, пераканаць, зрабіць з таго, хто аступіўся, карыснага чалавека. А аступаюцца часцей за ўсё людзі разумныя. Сяляўка не аступіцца. Значыцца, разумным і таленавітым перш за ўсё па галаве трапляе з рук такіх, як Маркіч.Сяляўка заварушыўся на ложку, пасля зноў заціх. – Вось яшчэ Маркіч гэты, – сказаў Паўлюк. – Чорт яго ведае, за што такога лабідуду на такім месцы трымаюць. Дзеля таго, каб яму спадабацца, трэба піць, есці, баб кахаць і не думаць пра будучае, пальцам аб палец для будучай камуны не стукнуць. Даўно б яго трэба ў тры шыі ад камсамола гнаць. Гаворыць так праўдзіва, што хоць ты яго на неба жыўцом бяры, а ўчынкі – дрэнь і гніль, і не камсамольцам ад яго пахне, а Тарцюфам пад камсамольскай лічынаю. Мімікрыя! “Вова прыстасаваўся”. Словы якія, а сам, як крылоўскі манах, у хаце яйкі на свечцы пячэ.Берасневіч загасіў папяросу, паглядзеў у акно:– Ну, гэта ты дарэмна. Ён не такі ўжо благі хлопец. Можа, я, праўда, яго не ведаю? Я яму таксама не вельмі давяраю, антыпатычны ён мне. Але каб так казаць на чалавека – трэба мець факты.– Ёсць факты. Можа, турнем? – спытаўся Паўлюк.– Група незадаволеная.– Глядзі сам. Як група. Але на групу вельмі не спадзявайся. Група ў нас такая зрабілася, што падтрымлівае толькі ў калідоры, а на зборах сядзіць моўчкі. А нарэшце, чорт яго бяры, не варта рук пэцкаць. І ўсё гэта, пра што размаўлялі, таксама мінецца. Мы людзі чыстыя, што нам бруд!