У снягах драмае вясна

І ён прылёг да Паўлюка. Закурылі. Пачынала змяркацца.– А што, хлопча, – сказаў Берасневіч, усміхаючыся ў змрок, – добра будзе жыць цераз сто год. Я абавязкова дажыву. Уяўляеш, каля шляхоў абавязкова мора руж, людзі – як статуя дыскабола, ля гарадоў – лясы. Нават ільвоў вывелі такіх, што не кусаюцца. Ходзяць сабе, як бычэчкі.– Ільвоў забіць трэба.– Што ты, такі прыгожы звер! Не! А будынкі такія, што дух сціскае, высокія, блакітныя: шкло, мармур, золата. Бактэрый ніякіх. I, вядома, ніякіх пабеданосікавых. Іх, калі які дажыве, на месяц закінуць, няхай там руду капаюць на агульную карысць.– І ў кожнага самалёт. Ляці сабе куды хочаш.– Што самалёт. Самалёт глупства. А вось уяві: ледзь золак – звоніць тэлевізіёфон. Уключыў і бачу цябе. І ты збіраешся ляцець на Венеру. Там даўно ўжо вуглякіслы газ знішчылі, цёпла, і там курорты для такіх старых пясочнікаў, як мы. Лячыце сабе раматус. А ты ляціш, каб правесці там першую сусветную нараду камуністычных паэтаў.– Не, – сказаў Паўлюк, – я б нікуды не паляцеў. Нашто? Зямля такая цёплая, родная. Ты ведаеш, што пра маю Свету Янка напісаў?– А што?– Яна вучыцца ў сельскагаспадарчым, дык гэты яхіднік прыдумаў па-руску, у духу Дзяржавіна, на яе верш:О многомудрая обитель! О мой достопочтенный СХИ1! Твоей студентке сочинитель Шлет робко первые стихи. Светлана, милая Светлана, В тебе все мудрости сплелись, В твоем мозгу взыграла рьяно Сельскохозяйственная мысль. На огороде, несомненно, Ты только чувствуешь уют И, рвя редиску вдохновенно, В грядущем славу зришь свою.Берасневіч засмяяўся.– Вось я і думаю, – засаромлена сказаў Паўлюк, – што непатрэбна нам нікуды з зямлі ісці. Яна будзе яблыкі вырошчваць па шэсць кіло кожнае, а я буду дзяцей вучыць. Я думаю, яны і пры камунізме будуць хадзіць на галаве... І якіх жа я добрых людзей з іх выхаваю!– А я дык не хачу такога. Я свет хачу паглядзець, людзей. Цікавыя тады людзі будуць. А там і куды-небудзь далей зямлі махнуць.Вясна чакала за акном, уплятала свой голас у бег кропель, у вільготны, цяжкі шум таполяў за акном. І ўсё чакала: вось зараз дазволяць, вось возьме яна ў рукі зямлю, рассыпе паўсюль кветкі, кіне пад ногі людзям ліловыя кілімы сноў.Ціхая, нясмелая яшчэ, ішла на зямлю вясна.

VВось каштаны раскрылі свае салатнага колеру кулачкі, і выявілася, што ў кожнага лістка па сем пальцаў, і зноў, як дваццаць год таму, хвалюе гэта старое як свет адкрыццё. Голас Алёнкі: “Глядзіце, маладыя дрэўцы распусціліся хутчэй, ніж старыя. Чаму?”– Не ведаю.– А я ведаю. Яны проста больш даверлівыя, не думаюць, не ведаюць, што можа быць ранішні прымаразак. Лезе з зямлі трава і так расце пад цёплым дажджом, што прарывае стрэлкамі, у імкненні да святла, мінулагодняе шэрае лісце.А ўжо ж, дзеўкі, вясна прыйшла! Вясна! Вясна прыйшла! Адамкні зямліцу, Выпусці травіцу.Берасневіч спаў не спаў, а марыў, седзячы на паркавай лаве. Зямля аж дымілася пад сонцам: толькі што пасля дажджу прыгрэла сонца. Маленькія трыпутнікі лавілі язычкамі апошнія кроплі; рака яшчэ пузырылася на поўдні, куды адышла вялізная сіняя хмара, а былінкі лезлі з-пад зямлі, працягваючы ўслед дажджу маленькія зялёныя дзюбкі.– Дай піць! Дай піць!Ён чакаў Алёнку, якая была павінна прайсці тут па дарозе ў кансерваторыю. Лёгкі цёплы туман, кроплі збягаюць з галін, у вільготным бэзе б’юцца вераб’і.Паскудная птушка гэты верабей. Б’ецца, крычыць, лезе, сварыцца. Напэўна, калі б на зямлі стаў мароз у сто градусаў і ўсё жывое замерзла – усё адно, ледзь прыйшла вясна – верабей вылез бы аднекуль з-пад страхі і зацягнуў пераможнае “жыў! жыў!”. Як быццам увесь сусвет існуе толькі дзеля яго.