У снягах драмае вясна

Ідуць людзі. Столькі людзей у гэтым горадзе, а яна адна, і яна не йдзе. Ён чакае, і вось з-за павароткі алеі выходзіць постаць, якую ён адрозніў бы сярод тысяч іншых. Ветрык развявае плашч і сукню. Вось яна абмінае лужыну. Ён падняўся насустрач, ён маўчыць, але яна заўважыла, і – шчасце маё! – якой радасцю (а можа, толькі здалося) запалалі любыя махнатыя вочы.– Гэта вы? Я так рада.Ён ідзе поруч, а Алёнка сваім срэбным галаском шчабеча легкаважна і весела, як тыя птушкі ў мокрых бэзавых лісцях. Ён хоча дапамагчы ёй несці ноты, яна не дае, пальцы іхнія сутыкаюцца... І яны ідуць далей такія сур’ёзныя, быццам Аўстралія раптам правалілася ў акіян. Гэта вельмі сур’ёзная справа, калі сутыкнуліся ўпершыню пальцы.– Дрэвы якія... зялёныя, – нарэшце выціскае з глоткі Берасневіч.– У Бялыніцкага-Бірулі ёсць такія, на яго карцінах. Люблю я яго, хаця не адразу звыкаеш да яго бляклай фарбы. Адыдзеш, а пасля, праз некалькі дзён, зноў цягне ў музей, карціна здаецца больш прыгожай, ніж на самай справе. І зноў, калі пабачыш, нейкае расчараванне... І зноў цягне. I, нарэшце, застаецца тое ж самае ўражанне, і гэта ўжо назаўсёды.Берасневіч засмуціўся. Заўсёды, калі іншыя размаўлялі пра мастацтва, яму здавалася, што чалавека дурнейшага за яго няма на свеце. I, аднак, было ў яго тое, чаго не бывае часам і ў крытыкаў-мастацтвазнаўцаў: стыхійнае разуменне прыгожага, неабходнага і лішняга ў карціне.– Я не ведаю Бялыніцкага. У мяне, наогул, дзіўныя густы. З беларусаў я люблю Кавальскага, з рускіх – Левітана – асабліва “Над вечным спакоем”. Гротгера люблю з палякаў. А чаму люблю – не ведаю.– Я таксама іх люблю. У нас аднолькавыя густы. Берасневіч раптам раззлаваўся.– Чорт. Як усё ж такі мала таленту дадзена людзям. Вось я вершы пішу, дрэнныя вершы. А як бы я жадаў быць мастаком. І ведаеце чаму? Няма славутага на ўвесь свет беларускага мастацтва. Калі б я ўмеў маляваць, я б толькі гэта і рабіў. Не ведаю як, але намаляваў бы, напрыклад, дождж. На дарозе прыбіла пыл; таполі срэбныя, і дожджык срэбны. Парканы пацямнелі... Каб кожнаму, хто паглядзеў, так і здалося, што вось-вось гівал засвішча мядовым голасам.– На гэта быў вялікім мастаком Чэка, іспанец.– Не ведаю, як ён там маляваў Іспанію. А я б сваё, роднае. Каб слёзы на вочы наварочваліся. І яшчэ намаляваў бы паляну, а на ёй папараць. І ўсю гэту папараць сонца святлом заліло, стаіць яна светла-зялёная. А ў папараці на конях б’юцца Ян Прыгожы і Балотны Уладар. За спіною ва Уладара – дрыгва, за спіною Яна – родныя лясы. І Ян – гэта народ. А папараць сонечная ўся вышэй аднаго ўзроўню, і здаецца, што коні плаваюць у паветры. Эх, што казаць! Але вось і кансерваторыя. Алёнка затрымлівае руку Берасневіча ў сваёй і кажа:– Уладзік, праз тры дні мае імяніны. Прыходзьце, калі ласка, вельмі вам буду ўдзячная. Прыходзьце ў сем.– А хто яшчэ будзе?– Мілорд, дзе ваша грэчнасць, як казалі галантныя продкі? Хто пра гэта пытаецца? Там буду я – хіба гэтага не досыць?.. Ну добра, досыць жартаў. Будзе з агульных знаёмых Жэнька. Для весялосці можна Янку запрасіць... Ну і Маркіча яшчэ.Напэўна, у Берасневіча нешта прамільгнула ў вачах, бо Алёнка жартам сказала:– А што? Ён жа начальства.Развітвацца заўсёды гора. Берасневіч такім тонам сказаў “бывайце”, што Алёнка трохі здзівілася.А ён разоў дзесяць абараціўся, ідучы плошчаю ад кансерваторыі.А пасля раптам пабег алеяю. Іначай саўладаць з радасцю было немагчыма. Яна спявала ў сэрцы, і грудзі дыхалі перарывіста.