У снягах драмае вясна

Берасневіч таму падсвядома зрабіў вельмі ўдалы дыпламатычны ход. Ён падумаў і ціха вымавіў:– Я не ведаю, ці будзе Алёнка мець ваш выраз у вачах. Але лепшага я ёй не пажадаю.– Алёнка наша адзіная, – упершыню з сумам і цеплынёй сказала Сабіна Аляксандраўна. – Яна яшчэ будзе, вядома, мяняцца. Але такі выраз мець крый яе божа. Былі ў маім жыцці вялікія пакуты. І ў вачах застаўся след, якога я ёй ніколі не пажадаю. Не, у яе будзе іншае жыццё, шчаслівае, лёгкае. На шчасце, яна мне верыць і, здаецца, любіць больш за ўсё на свеце.І прыбавіла пасля маўчання:– Ну вось бачыце, як мы з вамі шчыра разгаварыліся. Чамусьці мне з вамі лёгка... А цяпер не буду вас затрымліваць. Чуеце, там пачалі танцаваць.Усхваляваны яе апошнімі словамі, Берасневіч не зразумеў, што гэта была простая ветлівасць, якая ні да чаго не абавязвала. Ён быў у захапленні. І далей ён ужо амаль нічога не памятаў. Ён быў ля Алёнкі, глядзеў на Алёнку, сядзеў ля Алёнкі, размаўляў з Алёнкай. Ён нават хадзіў з ёю на кухню дапамагаць, спрытна рабіў тое, што загадвала.Перашкаджаў толькі Маркіч, які таксама круціўся поруч, з тым самым сонным выразам у вачах. Ён быццам не разумеў, што перашкаджае.Алёнка танцавала з Берасневічам мала.– Savoir vivre забараняе. Гэта мне маці калісьці так казала.Берасневіч не разумеў, што за важны такі пурыц гэты Savoir vivre, што ён можа забараніць танцаваць кожны танец з тым, з кім хочаш, але спрачацца не стаў. У перапынках ён, карыстаючыся тым, што людзі тут сядзелі зразумелыя, перамяшаў усю кампанію так, што груп ужо не было. Звёў студэнта-матэматыка і студэнта-біёлага. З першым расфантазіраваўся на тэму, якім бы быў свет, каб існавала толькі два вымярэнні і як у гэтым свеце галантны чалавек мог бы ўступіць дарогу дзяўчыне (вырашылі, што трэба было б пакласціся ёй пад ногі жывым мастом і пасля, калі яна пройдзе, стаць на галаву і чароўна пасміхнуцца да яе ў спіну). Біёлагу, ціхаму худому хлопчыку, казаў пра розныя таямніцы афрыканскай фауны: пра керыта, пра агогве і змяю Лаў.Словам, усім стала лёгка і проста, і Алёнка дзякавала яму за гэта прамяністым позіркам. І так добра даў Берасневіч кожнаму магчымасць праявіць сябе, што ўсе выявіліся таленавітымі, у кожнага быў свой “канёк”.А пасля сядзелі за сталом. Нейкі невядомы дабрадзей пасадзіў Берасневіча поруч з ёю. Гэта быў акіян раскошы: адчуваць яе, сядзець поруч, падаваць талерку.Адзін з тостаў сказаў Янка. Ён чамусьці паглядзеў на змрочнага Маркіча і падняўся:– Аднойчы адбыўся звярыны сход на тэму: “Што такое шчасце і ў чым мэта жыцця?” Спыталі ў малпы, яна адказала, што шчасце ў самаўдасканальванні; спыталі ў коршака, і ён адказаў, што шчасце ў справядлівасці; спыталі ў блыхі, і яна сказала, што шчасце ў тым, каб любіць усіх людзей; спыталі ў крата і атрымалі адказ, што шчасце ў бясконцых пошуках ісціны; спыталі ў ільва, які сядзеў у клетцы, і ён сказаў, што шчасце ў сіле, а мэта жыцця – быць мацнейшым за ўсіх.А калі спыталі ў чалавека, ён адказаў, што шчасце ў тым, каб самаўдасканальвацца, але не пахадзіць у гэтым добрым імкненні на малпу; быць справядлівым, але не так, як коршак, які дзярэ справядліва ўсіх; любіць усіх, але не так, як блыха; шукаць ісціну, але не так, як сляпы крот; быць моцным, але не ў клетцы. Карацей кажучы, шчасце ў тым, каб быць заўсёды чалавекам. І мэта таксама. Я дабаўлю да гэтага, што калі-нікалі шчасце ў тым, каб не бачыць вакол сябе змрочных твараў. Хай наша агульнае свята будзе сапраўдным святам. Я п’ю за тое, каб не было змрочных вачэй.