У снягах драмае вясна

І ён выпіў. Маркіч таксама выпіў і вонкава павесялеў.І наогул усё атрымалася вельмі добра. Бацька выпіў чарку і адразу ахмялеў: распавядаў старыя анекдоты, паказваў надзвычайныя фокусы. Гэта быў чароўны, добры чалавек.І Берасневіч так любіў усіх, так радасна яму было, што ўсе яны – людзі, што надыходзіць вясна, што поруч Алёнка, што ў сэрцы бяздонная крыніца дабрыні. Нічога не было ў свеце лепшага за гэты вечар, за ціхую музыку, за Алёнку. А ён жа нават не ведаў, хто ён для яе. Зусім магчыма, што проста знаёмы Жэнькі, і не больш.Многа спявалі. Спяваў біёлаг маленькім, але прыемным галаском народныя песні, спяваў юнак з кансерваторыі “Старога капрала”, спявалі дуэтам Жэнька і Янка жартаўлівыя серэнады на гонар маладой гаспадыні, спявалі з надрывам, з утрыраваным “іспанскім” каларытам. Спявала і сама Алёнка.У яе быў голас рэдкі і прыгожы, сапрана такой чысціні і якасці, што здавалася, кветкі-званочкі звіняць недзе на лугах пад ветрам. Яна спявала даволі многа, але лепшае, што запомніў Берасневіч, быў “Маналог Чыо-Чыо-сан”. Спявала яна яго па-руску, і голас звінеў, скардзіўся, плакаў, чакаў. Гэта была больш чым песня, хоць жыцця, перажывання не так многа было ў выкананні Алёнкі, – яна ж не зведала такога ў жыцці. Былі ў яе толькі маладосць і чысціня:Я ж притаилась. Не говорю ни слова, Обнять его готова. Как сердце бьется!..І пад уражаннем ад гэтай песні Берасневіч з Янкам пайшлі дадому ў дзве гадзіны ночы. У перадпакоі, сярод паліто, ён узяў руку Алёнкі ў сваю і сказаў (чамусьці нейкая вільгаць была на веях):– Дзякуй вам.– За што?– За ўсё дзякуй. Дзякуй за тое, што ёсць такі голас, што ёсць вы....Берасневіч і Янка доўгі час ішлі па пустых гарадскіх вуліцах. Вецер прыносіў аднекуль салодкі водар пупышак, крокі гулка аддаваліся па асфальце і паміралі ў цішыні. І толькі калі падыходзілі да свайго завулка, Янка раптам сказаў з незразумелай злосцю:– Культура! Па-французску размаўляюць.– Ты хаця б не лаяў тых, чый хлеб еў, – абурыўся Берасневіч.– Я не таму. Яны добрыя, мілыя людзі, але я за цябе хварэю. Ты думаеш, я сляпы? А ты тут загінеш, я табе кажу. Не з тым рылам ты сюды ўвайшоў. І ты мне проста скажы: “Я не хачу, каб яе сям’ю лаялі”. Веру. Але за цябе баюся.– Янка, – узмаліўся Берасневіч, – пакінь, н етрэба, не псуй майго настрою!Янка паглядзеў на яго роспачны твар і памякчэў:– Я жартую. Я проста жартую, дружа. Я гэта таму, што ты студэнт, грашовых знакаў не маеш, портак добрых таксама, – куды табе пра каханне думаць. Вось я верш прыдумаў пад Ясеніна, на якога ты “падобны”, дарэчы. Хочаш, прысвячу яго табе?І ён заспяваў на матыў “Ты меня не любишь, не жалеешь”:И когда с другим по переулкуТы пройдешь, болтая про любовь,Выйду в “Гастроном” купить я булку,И мы встретимся с тобою вновь.Отвернув к другому ближе плечиИ настроясь на веселый тон,Ты мне тихо скажешь: “Добрый вечер”, –Я же спрячу под полу батон.И ничто души не потревожит,И ничто не бросит сердца в дрожь:Кто не ел три дня – любить не может, Отощавшего не увлечешь.Дык вось, хлопча. Зараз хочаш ты або не хочаш, а ў аспірантуру ідзі. Гэта я табе праўду кажу. Абавязкова! Іначай будзе табе непатрэбнае гора.Хоць, праўда, і ў аспірантуры бойкі і бітвы будуць. Як той самы Ясенін казаў:Пойду в аспирантуру я, Чтобы иметь излишек пищи, И друг любимый на меня Наточит нож за голенище.Вось такія нашы справы, братка. Гля-адзі.