У снягах драмае вясна

– Гэта адносна тваіх асабістых спраў. Давядзецца табе кінуць гэта.– Гм. А якая, я пытаю, твая справа да гэтага “асабістага”?Маркіч абурыўся, нават пачырванеў:– Як гэта няма справы?! Ты разумееш, што ты кажаш?! Камсамолу – і няма справы!– Не атаясамлівай сябе з камсамолам, чуеш? І лезці табе ў маё “святое” я не дазволю.Маркіч хутка знайшоў бязглузды, але звычайны для тых год аргумент:– Ты што ж, бялявая бестыя, надчалавек?– Цікава, – Берасневіч пачаў злавацца, – у чым ты бачыш маю прыналежнасць да надчалавекаў?– Як гэта ў чым? Хаця б тыя самыя лекцыі. Іншыя, бач, сядзяць на лекцыях Пірагоўскага, а ён не можа. У іншых адно “трэба”, а ў яго яшчэ нейкае “жадаю” завялося.Берасневіч зусім раззлаваўся і зрабіў, як выявілася потым, глупства. Чырвоны, ён вельмі ўдала скапіраваў Пірагоўскага і выказаў яго тонам, урачыста, як быццам зрабіў надзвычайнае адкрыццё:– Зямля, мае дарагія і пакуль што неасвечаныя юныя сябры, круглая. Так-так, круглая.І тут жа тонкім галаском вядомай курсавой падлізніцы Марыі Капасевіч падхапіў:– Як-як? Я не паспела запісаць... О, якая новая, якая арыгінальная думка!!!Пасля ўсмешка знікла з яго вачэй, і ён сказаў цвёрда:– Я не збіраюся захапляцца сцвярджэннямі, што зямля круглая. Я звычайна захапляюся ў такіх выпадках Капернікам, а не Пірагоўскім. А на лекцыях некаторых таварышоў лічу непатрэбным сядзець. Я сюды вучыцца прыехаў, узяць усё, а не ў бірулькі гуляць. Сяджу і буду сядзець на лекцыях Маркевіча, Маслава, Грушэвіча, Капержынскага, Назароўскага, Бялевіча, але да Івана Пірагоўскага не пайду... І наогул, чаго ты ўмешваешся ў мае справы?– А як жа ж. Патрэбна будзе – ва ўсё ўмяшаюся. Я ведаў, ведаў (палец Маркіча, падобны на жоўты аловак, качаўся ў паветры, торкаў у бок Берасневіча), ты такі строіш з сябе надчалавека.– Ты хаця чытаў Ніцшэ?– Не чытаў. І ганаруся гэтым.– Дарэмна, невуцтвам ганарыцца не рэкамендуецца. Раю табе прачытаць. Як жа ты фашызм будзеш ведаць без гэтай кнігі?– Цікавыя ты кнігі раіш чытаць.– Цьху, – толькі і плюнуў Берасневіч. – Ну і не чытай нічога, ну і слухай сабе сцверджанні Івана Пірагоўскага. І будзе якраз так, як у студэнцкай песні:“А наша зямля форму круглую мее, А кожны студэнт у Івана дурнее”.

VIIIАдхон пад ракою пакрыўся мяккай, як дзіцячыя валосікі, травою. За спіною былі дрэвы паркаў, перад вачыма – вялікая рака і блакітная далячынь Зарэчча.Алёнка, ужо ў летняй сукенцы, сядзела на траве, абхапіла калені тонкімі рукамі. Берасневіч ляжаў поруч на спіне і глядзеў, як лёгкія аблокі плылі некуды над зямлёй. Блакіт, бязмежны блакіт!І ў вачах Алёнкі быў такі самы блакіт, як у гэтым небе, як на шырокай рацэ, па якой плыў вялізны плыт.Жэнька, які прыйшоў з імі, некуды знік, а ім было добра. І каб было яшчэ лепей, Берасневіч павярнуўся на бок і сказаў:– Плыт ідзе. Алёнка, ты б жадала зараз паплысці на ім?– Адной?– Не, з Жэнькам, са мною... з сяброўкамі.– Мгм. А куды?– Ну, далёка-далёка... да сіняга мора. Уладзіслаў закусіў былку.– Ты яшчэ не ведаеш, як гэта добра.– Чаму не ведаю, – адказала Алёнка. – Гэта добра. Уначы спалохі над ракою. Цішыня... Вада вільгаццю, тванню пахне... каза дзікая п’е ваду.– А я налавіў рыбы, а мы яе варым. Агеньчык на цаглінах ліжа бок чыгунка.– І будан, абавязкова каб будан. Ведаеш, вялым лісцем пахне. Добра...Вочы іхнія блішчаць, яны заваражылі самі сябе магчымасцю шчасця, у якім яшчэ не могуць прызнацца.