У снягах драмае вясна

Жэнька непрыкметна падышоў хмызамі, яму няёмка перашкаджаць, але стрымацца ён таксама не можа і кажа ў тон ім:– Уладзь лекцыі табе чытае...Яны здрыгануліся, а Жэнька працягвае:– Доўгія лекцыі, энцыклапедычныя. Пра глебы Беларусі, пра яе жывёльны свет. Табе гэта нудна, бо ты па натуры касмапаліт. Будуць пінскія балаты... Пасля ён цябе ўласнымі вершамі будзе душыць да непрытомнасці і будзе патрабаваць справядлівай крытыкі, – гэта значыць, бессаромных пахвал. Астабрыдне гэта табе, скінеш ты касцюм пастаральнай пастушкі і ўцячэш ад яго на баль, туды, дзе музыка, густ, прыгажосць, весялосць – і ўсе твой талент хваляць.Берасневіч раптам бачыць, як на Алёнчыных вачах накіпаюць слёзы. Яна амаль крычыць:– Не смей! – І потым да Берасневіча: – Уладзік, не слухай, гэта ён наўмысна. Я зусім не такая... ну, можа, часам і такая, але я не хачу быць такой.Ён і не слухае. Ён пакрыўдзіўся не за сябе, а за яе. – Вось што, уявіць сабе шмат чаго можна. Ну, напрыклад, цераз дваццаць год я прыехаў да цябе ў госці. Ляжу, і ў суседнім пакоі, чую, ты размаўляеш з жонкаю, той самай Валяй, якая табе падабалася. Ты хочаш мяне добра пачаставаць, а яна кажа: “Ат, не хворы. Няма чаго па гасцях ездзіць. Будзе селядзец, бульба, яблыка парэжу на дваццаць кавалкаў і раскладу па вазе, каб больш здавалася”.Усе засмяяліся. Але раптам Жэнька сказаў сумна:– Ты добра ведаеш, я да Валі вельмі абыякавы.– То-то ж бо.З гэтага дня Берасневіч і Алёнка зразумелі, што цягнуцца адзін да аднаго, але нейкім праўдзівым інстынктам, неўсвядомленым разуменнем бераглі гэтую цягу, не дазвалялі ёй перадчасна расплюхацца, бераглі адзін аднаго, дрыжэлі над тым, каб не выявіць пачуцця. А яно ад гэтага палала мацней і мацней. Яны гарэлі гэтым прыхаваным полымем, яго можна было заўважыць у іхніх жэстах, на вуснах, у тым, як яны імкнуліся пераглянуцца, дакрануцца да якой-небудзь рэчы, што належала іншаму, нават у тым, як яна брала ў скверы на рукі чужых дзяцей.Іншым, калі яны бачылі водбліск гэтага агню, рабілася шчасна і трошкі сорамна за іх.Вядома, так доўга цягнуцца не магло, але ім гераічна ўдалося пратрымацца два месяцы.

IXУ сярэдзіне мая, у парку, які прылягаў да ракі і спускаўся па адхоне амаль да самых яе хваль, адбываўся маладзёжны вечар з феерверкам. На галоўных алеях гарэлі ліхтарыкі, шумны натоўп у масках і касцюмах імкнуўся да атракцыёнаў, да танцавальнай пляцоўкі, да стадыёна.Група з’явілася амаль цалкам. Нават Маркіч з’явіўся. Быў ён у сінім строгім гарнітуры, купіў нават маску (нейкую пачварную морду з высалапленым языком), але насіў яе ссунутай на патыліцу. Дзіўна, але прыйшоў нават стары дэкан Грушэвіч з жонкаю і дачкой. Праходзячы паўз Маркіча ў буфет, ён агледзеў яго і спытаў, дзе ў яго маска і дзе сапраўдны твар. Студэнты засмяяліся. Грушэвіча любілі: на лекцыях у яго было заўжды цікава, ён любіў у вольны час распавядаць пра свае сустрэчы з Горкім, пра тое, як яму давялося працаваць некаторы час з Леніным. Як у многіх старых людзей, была ў Грушэвіча шырокая памяркоўнасць, і ён не даваў крыўдзіць нікога са студэнтаў. Ён ды яшчэ Маркевіч, парторг універсітэта, які вёў дыямат і гістмат, былі ўлюбёнцамі ўсіх студэнтаў. Але Маркевіч не з’явіўся, ён быў вельмі хворы, казалі нават, што ледзь не памёр з тыдзень таму.Дэкана абкружылі, спыталі пра здароўе Маркевіча. Грушэвіч спахмурнеў: