У снягах драмае вясна

І невядома як занеслі Берасневіча ногі на цвінтар старой царквы, што амаль над самай ракою.Тут быў зацішак і можна было сесці на камень ля старога, дрэнна атынкаванага мура і глядзець на Зарэчча, дзе яшчэ ляжалі снягі і лёд на межытоках узняўся і пасінеў.Стрэлкамі лезла паміж камянёў зялёная трава, вільготны, пругкі вецер часам штурхаў у твар, сука лізала ля вартоўні тоўстага, як качулка, шчанюка.І чамусьці Берасневічу стала сумна і нейкая вясенняя знямога ахапіла сэрца, і захацелася ці то пайсці кудысьці далёка, ці то яшчэ што. І быццам чакала чагосьці сэрца, і быццам жадала кудысьці. Больш бы гора, больш бы радасці, толькі б не гэты непакой, не гэтая знямога. Што было ў жыцці, ці бачыў ён тое, вялікае, пра што марыць чалавек? Аднойчы толькі падмануў сам сябе, пераканаў у тым, што кахае. Можа, не дано? Не, нешта павінна адбыцца, хутчэй за ўсё нядобрае, бурлівае, неспакойнае.Нельга! Нельга так! Хутчэй да людзей! Да Жэнькі!Ледзь толькі выйшаў ён старой брамаю на вуліцу, як горад ахінуў яго звонам трамваяў, спевамі рэпрадуктараў. Імкнуўся вузкім міжгор’ем вуліцы шалёны натоўп. Але на людзях толькі яшчэ больш узмацнела ў сэрцы адчуванне, што нешта павінна было адбыцца.Хутчэй за ўсё сэрца проста гатова было прыняць тое насенне, што рана ці позна кіне ў яго вясна, але ўсё адно наступнае было падобна на цуд.Цесная кватэра, у якой жыў Жэнька, была застаўлена рэчамі колькі мажліва, а сам Жэнька ляжаў на канапе, задраўшы доўгія ногі кудысьці пад столь, і чытаў канспекты.Берасневіч ляснуў яго далонню па мяккаму месцу, якога ў Жэнькі, уласна кажучы, не было (быў вельмі хударлявы), і толькі тут заўважыў, што сябра глядзіць на яго дзікімі вачыма.І не толькі ён. Ля дзвярэй на балконе сядзела худзенькая дзяўчына, і вочы яе былі вялікімі ад здзіўлення.“Добра яшчэ, што не вылаяўся”, – падумаў Берасневіч і пачырванеў.– Знаёмцеся, – зухвала сказаў Жэнька. – Вось гэты чалавек – а зваць яго Уладзіслаў Берасневіч – адбярэ лаўры ў Шахматава, Булахоўскага альбо ў Петраркі (ён сам яшчэ не ведае, у каго). А гэта Алёнка. Мы дружым з дзяцінства, і яна фліртуе з гэтай… ну як яе… Мельпаменай, Кліо, Мегерай… ну, той самай асобай, што заведуе спевамі. Карацей кажучы, вы паразмаўляйце тут хвілін пятнаццаць, а я тым часам дачытаю канспект.І ён зноў лёг на жывот.Але Берасневіч амаль не чуў яго слоў. Алёнка падала яму цёплую маленькую далонь, якая патанула ў яго руцэ, і зноў села. Ён толькі і паспеў пабачыць пушыстыя валасы над чыстым ілбом, міндалевідныя сінія вочы, маленькі прамы нос, трошкі велікаватую ніжнюю губку, тонкую, дзіцячую яшчэ, шыю, агульны выраз чагосьці дзіцячага, нясмелага і, разам з тым, хітрага.Гарачая хваля пракацілася ў яго грудзях.“Якая цудоўная дзяўчына! Дзе гэта я яе бачыў? – урыўкам думкі падумаў ён. – Ага, у мастака Сарта ёсць карціна “Мадонна з гарпіямі”. Непадобная, і ўсё ж надзіва агульны з ёю твар”.Ён першы пасмяяўся б гадзіну таму над тым, хто сказаў бы яму, што гэта можа зваліцца так нечакана. Ён не любіў сантыментаў.Зрэшты, ён зусім не ведае яе, яна назвала толькі імя, і, можа, яна… Але раздумваць не было часу. Неверагодна, але яму спачатку стала радасна, а пасля ён неяк падсвядома і толькі на хвіліну зразумеў, што, здаецца, ён загінуў, прапаў, памёр і гэтай дзяўчыне толькі і застаецца, што кінуць жменю зямлі на яго труну.Ён быў яшчэ вельмі наіўны і, адпаведна ўзросту, улюблівы, але гэта было чымсьці адметным. Можа, пачаткам Сапраўднага?