У снягах драмае вясна

– Зараз значна лепей. Чакайце, вы ж, Берасневіч, былі там некалькі дзён таму?– Быў. Тады было цяжка. Толькі і размовы было, што ўзяў наш букет аранжарэйнага бэзу, панюхаў і сказаў: “Напэўна, апошні раз нюхаю. А калісьці я любіў “шчасце” шукаць. Адшукаеш кветку ў пяць пялёсткаў, ясі яе потым, і так добра на сэрцы”. Цяпер кажа, вам яго шукаць трэба, мы свой цяжар данеслі. Але вы, калі знойдзеце, не выпускайце з рук.– Ну, зусім раскіснуў, дзед. Нічога. Зараз ён папраўляецца, хоць становішча яшчэ даволі цяжкае. Толькі вы яго да кастрычніка месяца наўрад ці пабачыце.– Чаму гэта?– Прымусілі ўзяць доўгатэрміновы адпачынак. Запусціў сябе чалавек, з пачатку вайны не адпачываў. А цела ўсё пасечана, з вамі тут і мамант праз два гады ў Кіславодск запрасіўся б. Ну вось. Будзе там недзе медуз у моры лавіць.– А хто замест яго?– Здаецца, Куртаносаў, – адказаў дэкан. – А лекцыі разам з семінарамі Холадаў.– Гэта добра, – ажывіўся Маркіч.– Ну, не так ужо і добра. Куртаносаў – чалавек сухі. Холадаў таксама, – разважліва сказаў Паўлюк. – Лепшага чалавека, ніж Маркевіч, на такі пост цяжка знайсці.У дэкана пацяплелі вочы:– Правільна разважаеце, хлопцы. Лепшага сапраўды цяжка знайсці. Вам з ім пашанцавала. Ведаеце, што ён вам, Берасневіч, сказаў?– А што? – Берасневіч ажывіўся, усе паглядзелі на яго з зайздрасцю, як заўсёды, калі Маркевіч звяртаў на каго-небудзь увагу. – Вельмі ён бедкаўся перад крызісам, што пакідае жыццё і універсітэт так заўчасна: “Як яны там будуць? Я ж яшчэ, каму трэба, многім не дапамог, каго трэба не пагнаў!..” Даў парады, і тую, што ён даваў вам, я вам скажу. Ён сказаў, каб вы трошкі ўтаймавалі ваш халерычны тэмперамент, а то будзе вам бяда. Трэба быць больш вытрыманым. Я, кажа, ведаю, што нічога ў гэтым дрэннага няма, а хто-небудзь малазнаёмы можа і азліцца. Што будзе з хлопцам?– Перадайце яму маё дзякуй за парады, – расчулена сказаў Берасневіч. – Пастараюся стрымлівацца. І яшчэ перадайце ад нас усіх, каб хутчэй папраўляўся і прыязджаў. Нам без яго будзе вельмі сумна.Дэкан пайшоў, і група рушыла па галоўнай алеі, дзе смяяліся, пішчалі, інтрыгавалі, клікалі за сабою і заляцаліся маскі. Мора ўбораў, святло, смех, лятучыя стужкі серпантыну, але Алёнка і Берасневіч чамусьці адчувалі сябе чужымі сярод натоўпу. Ён глядзеў на Алёнку і думаў, што гэта – цуд. Тоненькая, у прыгожай белай сукенцы. Адкрытая шыя, маленькія туфлікі, рука, якая так зручна ўляглася ў яго вялікую руку (адны толькі рукі свае і лічыў прыгожымі Берасневіч).Полымя паліла іх яшчэ мацней, яны ўжо не здольныя былі ні пра што думаць.І яны, не дамаўляючыся, уцяклі ад усіх астатніх. Сцяжынка, над якою спляліся хмызы і дрэвы, вяла ўніз, да ракі, была цёмная і падобная на тунель. Весела было імчаць па ёй уніз, да ракі, між бэзавых галін, якія пахнулі так соладка і вільготна, што круцілася галава. Хутчэй, хутчэй да ракі, якая блішчыць срэбнай луской.Сцежка завярнула ўбок і знікла. Яны спыніліся.І раптам за спіною ў іх быццам выбухнула бомба, і сотні рознакаляровых змей шуганулі ў паветра, заквітнелі зоркамі, заззялі ялінкавымі шарыкамі. Закруціліся агністыя колы, глыбокімі рознакаляровымі ценямі засяліўся сад. Цені ад дрэў узнікалі то з аднаго, то з другога боку; нараджалася і зноў памірала ў самых глухіх кутках саду цемра.Берасневіч глянуў на Алёнку. Бледная, з закрытымі вачыма, яна хілілася наперад, быццам вось-вось гатовая была ўпасці. Ён падхапіў яе адной рукою. Яна задрыжэла і бязвольна прыхілілася галавою да яго грудзей. Вусны яе былі напаўразяўленыя, вочы паўзаплюшчаныя.