У снягах драмае вясна

Не памятаючы сябе, ён правёў вуснамі па яе лобе, шчацэ і, нарэшце, знайшоў яе вусны.Цемра пасля апошняй ракеты накрыла іх....Пасля гэтага пачалася цэлая эра шчасця, сустрэч, таемных позіркаў, беглых пацалункаў, слоў, споўненых толькі ім адным вядомым сэнсам. Яны маўчалі, але схаваць свой запал ад іншых усё адно не маглі: немагчыма схаваць жар пад сухім лісцем, – спачатку здрадзіць дым, а пасля праб’юцца і языкі агню. Яны шукалі адно аднаго і не маглі разлучыцца і бачылі паўсюль толькі адно, сваё бязмежнае каханне. Яно было паўсюль: у дрэвах, пад якімі яны ішлі, у гуках скрыпкі на канцэрце, у вадзе той крыніцы, з якой яны пілі аднойчы ў лесе (пілі проста губамі, лежачы на жываце, сутыкаючыся лбамі).

ХГэта была звычайная рыбалка, з жой не прывозяць рыбы, але затое прывозяць загарэлыя рукі, мазалі на далонях і добры настрой. Паехалі на цэлую ноч. Дзяўчаты “начавалі” адна ў адной, а хлопцам, вядома, не трэба было і прасіцца. На рацэ, вышэй ад горада, знайшлі добрае месца і высадзілі на яго з двух чаўноў “пірацкі дэсант”. Янка падсучыў порткі, высадзіў усіх на бераг, выцягнуў чаўны на сухое месца і, граючы на губах нейкі марш, павёў хлопцаў за сушняком. Хутка запалала вогнішча, бо ўжо ноч спусцілася на зямлю. Берасневіч і Паўлюк хутка зрабілі з брызенту нешта накшталт індзейскіх вігвамаў (Берасневіч цярпець не мог без патрэбы ламаць на будан зялёнае галлё) і перацягнулі туды ўсё, што магло намокнуць. Жэнька адразу пайшоў лавіць рыбу, каб толькі з’явіцца цераз дваццаць хвілін і сказаць:– Не клюе, трасца на яе на тым і на гэтым свеце.Сяляўка разбіраў прыпасы, выкладаючы тое, што магло спатрэбіцца, на газету. Дзяўчаты ўзяліся за свае справы: Янкава Марыя і Паўлюкова Святлана пайшлі гатаваць ежу, Алёнка і Валя проста пабрылі да ракі.Ноч была цёмная (месяц тымі начамі ўставаў позна), зрэдку ў вадзе гучна біла рыба, крычаў недзе ў полі, за вербалозамі, няўсыпны драч і гэтым толькі падкрэсліваў бязмежную цішыню. Было ціха і трошкі сумна на сэрцы. Ціха граў на гітары Паўлюк, дзяўчаты слухалі яго. Тут жа, ля вогнішча, спрачаліся Жэнька і Янка, а Сяляўка сядзеў і слухаў іх з сонным выглядам, напаўразявіўшы рот.Берасневіч выйшаў з кустоў, трымаючы ў адной руцэ калкі пад чайнік, а ў другой – сякеру. Заліты чырвоным сяйвам вогнішча, ён вельмі нагадваў бронзавую статую.Янка падняў на яго вочы і ўсміхнуўся:– Глядзіце, Рабінзон Круза або, яшчэ лепей, Зверабой. Так бы мовіць, Тарзан на ўлонні прыроды. І што вы думаеце, некаторым падабаецца. Як у адной кнізе водзываў у кіно было напісана: “Пяць разоў глядзела другую серыю “Тарзана”. Мужчыны! Я вамі пагарджаю!!!”– А яшчэ што там было напісана? – змрочна спытаў Берасневіч.– А яшчэ там была аб’ява: “Мяняю жонку тыпу “Джэн” і цешчу тыпу “Кракадзіл” на малпу тыпу “Чыта”. Але гэта яшчэ не самае галоўнае. Там яшчэ нейкі разумны чалавек напісаў: “Жонка! Хаця ты і сем разоў глядзела “Тарзана”, але ўсё адно дура”. На Янку немагчыма было злавацца, і таму Берасневіч спытаўся толькі:– Пра што спрэчка была?– Ат, спрачаліся пра літаратуру. Дзе межы паміж нацыяналізмам і патрыятызмам, – адказаў Паўлюк.– Дык гэта проста. Няхай ты хоць як хвалі сваю Радзіму, узнімай яе хоць да нябёс, – пакуль ты паважаеш другія народы, ты патрыёт. Напрыклад, Шаўчэнка і яго верш “Каўказ”.– З-загнуў, – сказаў Янка. – Чаму ж гэта ў некаторых людзей наконт гэтага іншая думка?