У снягах драмае вясна

– Бо дурні, калі не горш. Вядома, мне сваё падабаецца больш чужога, і тут нічога дзіўнага няма. А некаторыя, – ледзь пахваліш сваё, – пачынаюць гвалт крычаць. Я лічу, што гэта глупства. Кожны народ робіць сваю справу і існуе дзеля нейкай мэты на зямлі.– Ідэалізм слінявы.– Ды не, ты не зразумеў, – пачынаў гарачыцца Берасневіч. – Ну вось, напрыклад, Герояў Савецкага Саюза на Беларусі, скажам, многа, а ў сванаў, скажам, адзін. Гэта зусім не значыць, што адзін народ больш мужны за другі. Трэба ўлічыць, што адзін народ у некалькі мільёнаў, а другі ў некалькі тысяч. Або Нарвегія. Маленькі народ, мае сабе ў кожнай галіне мастацтва па генію. У літаратуры – Ібсена, у музыцы – Грыга. А хто скажа, што ён менш варты пашаны, ніж французы, у якіх гэтых геніяў як грыбоў.– Гм, – з’едліва сказаў Янка. – А я вось нядаўна чытаў, што Лабановіч у Коласа ледзь не крыміналіст.– Брэшаш, такога не маглі напісаць.– Слухай. Цытую: “Такія настроі ў той час не хавалі ў сабе асаблівай (Янка зрабіў націск на слове) небяспекі”. Гэта пра абуджэнне яго нацыянальнай самасвядомасці. Значыцца, усё ж такі некаторую небяспеку хавалі.Берасневіч сумна махнуў рукою:– Мне здаецца, аўтар гэтага артыкула сам не верыў у тое, што пісаў. Чаму, напрыклад, абуджэнне самасвядомасці Італіі пры Гарыбальдзі або Русі пры Пушкіне – станоўчая з’ява, а абуджэнне самасвядомасці Лабановіча – толькі што “не хавае ў сабе асаблівай небяспекі”. Логікі няма. I, мне здаецца, дзеля нейкіх невядомых патрэб гэты чалавек адышоў ад прынцыпаў Леніна. Памятаеце, Ленін казаў, што ў такіх абставінах абарона Бацькаўшчыны – гэта абарона дэмакратыі, роднай мовы, палітычнай свабоды супраць сярэднявечча. Вось яно як.– Дзе гэта ён казаў? – недаверліва запытаў Сяляўка.– Пашукай у дзевятнаццатым томе... І я яшчэ вось што скажу: самасвядомасці гэтай у нас – ой як не хапае. Не ведаем ні мовы, ні гісторыі, ні фальклору. Так што такія аўтары робяць дрэнную паслугу сваёй радзіме. А патрэбна, каб усе народы зрабілі ўсё, шго магчыма, каб праз паўтары тысячы год людзі ўспаміналі: “Вось былі калісьці беларусы. Многа зрабілі, чэрці, для светавой культуры не менш, ніж французы альбо рускія ці італьянцы”.– Паслухайце, – умяшалася раптам Валя. – Проста аж сядзець немагчыма. Калі ў вас гэтыя спрэчкі скончацца? Прыехалі на раку, ноч такая, вогнішча – а яны ўсё пра палітыку. Штрафую за гэта цябе, Уладзік, на якую-небудзь казку.– І то праўда, – сказаў Берасневіч. – Штраф прымаю. А зараз лепей бульбы напячы, дальбог.Месяц устаў над ракою, заліў святлом блакітныя пяскі на беразе, праклаў на вадзе залатую дарогу некуды далёка, у шчасце. Заснаваліся вербалозамі цені і казкі. Пачала крычаць перапёлка недзе ў зялёных жытах.І здарылася дзіва: тысячы светлых срэбных месяцаў рассыпаў месяц у хмызах, прасякнуў ваду і дайшоў да дна глыбокіх віроў, абудзіў ад сну вірлавокіх самоў і нават іх прымусіў марыць пра нешта, паводзячы вусамі.Нават самам не спалася ў гэту ноч, не кажучы пра людзей. І лес стаяў за спіною расісты, срэбны, дыхаў халадком і таямнічымі начнымі гукамі.Салоўка заспяваў. У гнёздах птушыных ціхая буркатня, і разважлівы дрозд прыкрыў сяброўку крылом: ад прастуды.Якая цішыня! Якая вялікая цішыня!Яны адышлі берагам метраў на трыста і зараз павольна плылі да затокі, на беразе якой палала вогнішча.Цёмна-блакітная вада, і ў гэтай вадзе светла-блакітныя рукі Алёнкі. Яна плыве нявольным брасам. Вось ён дагнаў яе.