У снягах драмае вясна

– Адпачнем трошкі, – сказала яна цёмнымі вуснамі на блакітным твары.Берасневіч падплыў трохі бліжэй, падклаў ёй руку пад галаву, і яны навольна паплылі па цячэнню ракі.Ляжалі на вадзе, якая песціла іх мяккімі лапамі. Целы іхнія ўсплывалі, калі яны рабілі ўздых, і, каб не было нязручна, ім давялося нават дыхаць толькі разам.Затока пад месячным сяйвам. Доўгі час, усё жыццё будзеш ты, чалавек, памятаць момант найбольшага шчасця, момант, калі нават дыхаеш адным дыханнем, калі адчуваеш, што ты – гэта яна. І чаму, чаму так рэдка, чаму толькі раз ці два ў жыцці бываюць такія імгненні, імгненні зліцця ў адно нават да самага дыхання?Нашто жыццё раскідвае потым людзей і ўзнікаюць непаразуменні, звады і боль?На доўгі час, навекі запамятаеш ты гэта....I пасля дзевяць постацяў сядзелі ля агню. Пусты чаннік. Плыве папяросны дымок. За вогнішчам цемра. Бронзавыя рукі, бронзавыя твары. Не, не бронзавыя, быццам з расплаўленага золата адлітыя твары. І нейкая асаблівая глыбіня ў вачах.Гучы, гучы, старая казка.Берасневіч кажа, і словы яго гучаць таямніча. Вогнішча, рукі ламаюць сушняк, месяц над ракой.Вось ужо ўзялі Яліну вужакі, пасадзілі ў човен, заплецены белай лілеяю, павезлі па азёрах, павезлі па межытоках, прывезці да выспы, у змрочны замак вужынага караля. Каралева вужыная! Ужо табе светлай травы не таптаць, ужо табе кароўку ў лугі не ганяць. І маці тваёй на вяселлі не будзе, як быццам мёртвая яна.Ляці, ляці, салавеечка, На той свет па матухну.І салаўёў няма каля замка. Толькі вужакі ды балотныя агні плаваюць. Тут і сонейка не свеціць, тут і ноч кожны дзень. Адпрасілася Яліна дадому. Кажа ёй кароль: выйдзі кожны ранак на бераг, спытай у хваль...Калі жыў ты, калі чуеш ты, Як заву цябе, змарнелая, – Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь, Расплывіся, пена белая. Калі ж вочы твае ясныя Не глядзяць на свет, яскравыя, Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь, Пена алая, крывавая.Пена алая выплывае, – браты караля забіваюць. Не трымай мяне, светлая маці, і ты не пакінула б у бядзе сына свайго.– Не кахала!.. Не кахала... – шуміць над вірам сухая вольха. Ляжыць на дне пад вадою замест вужакі прыгожы юнак у залатым поясе, у срэбнай світцы.– Зачараваў мяне злы чараўнік і сказаў, што спадуць чары, калі пакахае мяне, вужаку склізкага, самая прыгожая дзяўчына на маёй зямлі. Зніклі чары... Забіты я, але без жалю паміраю. Кахаю я, кахаюць мяне. Праз боль немінучы, праз агні гаручыя, праз смерць ад мяча прайшло каханне. Не паблякла, а агнём заззяла. То й слава яму. Плыне, плыне срэбная рака, гарыць, гарыць вогнішча. Праз усё пройдзе каханне – не заржавее, не сатрэцца. А месяц свеціць і снуе, снуе казкі.Цішыня! Цішыня! Блакітныя з чорным карункі тчэ ў вербалозах месяц. Сядзяць людзі, слухаюць казку плячом да пляча, наіўныя і мудрыя, як першыя людзі на зямлі, як Адам і Ева.Усё знікла вакол, толькі вечны месяц, вечная рака, вечнае каханне, вечныя словы казкі, і вось толькі зараз упершыню запаліў чалавек агонь.Месяц! Месяц!

XIТрэба было рыхтавацца да апошняга семінара па марксізму. Берасневіч сядзеў у акадэмічнай чытальні, абклаўшыся канспектамі, філасофскімі слоўнікамі, сшыткамі, і адчуваў, што падгатаваўся ён, здаецца, горш, чым заўсёды. У зале было ціха, толькі пройдзе нехта на месца з новымі кнігамі, чыркне хтосьці кніжным нажом – і зноў цішыня.На вокнах у вазонах папірус, у зашклёных шафах кнігі ў цяжкіх скураных вокладках. Добра сядзець! Перашкаджае толькі Янка: часта курыць і абавязкова цягае з сабою і яго, Берасневіча. Гэта таксама добра, у курыльным пакоі спрыяючае асяроддзе для спрэчак і “рэжуцца” часта да пены на губах.