У снягах драмае вясна

Карацей кажучы, на лекцыях панавала тое, што паэт Броўка трапна назваў “Абыціхабыло”. Нельга было толькі не хадзіць на лекцыі і семінары, выказваць самастойныя думкі, спрачацца і адказваць “сваімі словамі”. У гэтых выпадках лектар заўсёды пачынаў хрыпець і налівацца крывёй.– Зараз яго радзімчык схопіць, – казаў тады Янка.Яму і Берасневічу з іхнім вечным імкненнем “разабрацца”, “падумаць” на семінарах зараз бывала цяжка, і яны за які-небудзь месяц заслужылі з боку Холадава непрыязнае, амаль варожае стаўленне да сябе.Але ж і не любілі Холадава! Уся прыязнь да Маркевіча ператварылася ў адносінах да Холадава ў дыяметральную процілежнасць. Яму не маглі дараваць бяздарнасці і з жорсткасцю, уласцівай у такіх выпадках маладосці, называлі “адукаваным мясам”, “Балалайкіным нашага часу”, выдумвалі лухту, што ён некалі нібыта чытаў спецкурс па трацкізму, называлі “ваяўнічым ілжэчалавекам” і, ужо зусім не дасціпна, “вялікай Тадорай”. Непапраўны Янка казаў, што гэта менавіта пра яго, Холадава, і пра ягоную шляпу калісьці быццам сказаў Маякоўскі:Прафесар, падстаўце шляпу-парашу.Замест даверлівых адносін панавала варожасць. Цікавы, жывы прадмет ператвараўся ў нешта такое, чаму і назву цяжка было падабраць, у схаластыку, у догму.Нават Маркіч называў лекцыі Холадава “курсам гамілетыкі”.Было ясна, што доўгі час мірнае становішча не пратрымаецца.На гэтым семінары ішла мова пра перамогу сацыялізма і камунізма ў адной краіне.– Хадзячая догма чытае пра жывую сутнасць марксізма, – нявесела жартаваў Янка.Берасневіч сядзеў, не вельмі і паглыбляючыся ў тэму, калі пачуў голас лектара:– Ну, а як думае Берасневіч... кгм. Якая ўсё ж такі была думка Энгельса адносна перамогі сацыялізма ў адной краіне?Берасневіч сабраўся з думкамі і пачаў гаварыць:– Энгельс у сваёй рабоце “Прынцыпы камунізма”...– Чакайце, – перарваў Холадаў, – гэта работа ёсць у спіску, які я вам даваў?– Даруйце, – разгублена сказаў Берасневіч, – але ж думка Энгельса з найбольшай яснасцю выказана менавіта тут. Я чытаў гэту работу, і я думаю...– Не трэба залішне думаць. З Энгельсам усё адно вам не зраўнавацца.– Я і не раўнуюся, – пакрыўдзіўся Берасневіч. – Гэта было б глупствам. Але чытаць яго работы звыш праграмы...– Менавіта, менавіта... Але чытаць тыя яго работы, якія прадугледжаныя праграмай для філолагаў толькі пры здачы экзаменаў на кандыдацкі мінімум, – гэтага ад вас ніхто не патрабуе.Невялічкі шматочак паперы апынуўся пад рукою Берасневіча: “Скажы, што памыліўся. Капасевіч”.Берасневіч адсунуў яго ўбок і ціха сказаў Холадаву:– Ніхто не патрабуе, але ніхто і не забараняе. За тое, што хочаш глыбей ведаць марксізм, як я думаю, не лаяць трэба, а...– Ну добра, – супакоіўся раптам Холадаў, адчуваючы, як бачна, што перагнуў палку. – Далей, мой юны дружа.– Энгельс лічыў, што пабудова сацыялізма ў адной, асобна ўзятай краіне немагчыма. Гэта была, з пункту гледжання сучаснай марксісцкай навукі, памылка, але памылка, абумоўленая агульным узроўнем ведаў таго часу. Ленін, які...Берасневіч не адразу зразумеў, што здарылася ў аўдыторыі. Студэнты, гледзячы на твар Холадава, адразу прыціхлі.Стала чуць, як на акне білася з натужлівым гудзеннем муха, імкнучыся вылецець з пакоя. Твар у Холадава стаў чырвоным, вусны крывіліся. Рукі раптам сціснуліся і зламалі аловак.– Што-о-о!!??!!– Я не разумею, у чым справа?