У снягах драмае вясна

– Памылка ??!!?? – выціснуў Холадаў з глоткі. – У Энгельса памылка! І хто яго, бясхібнага чалавека, думае крытыкаваць?!Берасневіч стрымліваўся як мог.– Прабачце, таварыш лектар, можа, я і памыліўся ў слове. Мы не ведаем, вядома, усяго, што ведаюць выкладчыкі. Таму мы і сядзім тут, на студэнцкіх лавах, а не за сталом выкладчыка. Растлумачце нам, і яшчэ раз прашу дараваць мне.– Хіба ў Энгельса маглі быць памылкі!!! – не слухаў Холадаў.– І яшчэ раз даруйце. Але я сказаў “памылка з пункту гледжання сучаснай марксісцкай навукі”. Калі б рэвалюцыя адбылася ў той час, калі Энгельс пісаў сваю работу, калі яшчэ не было развітога імперыялізму, тады...Але гэта было ўжо занадта для Холадава. Не слухаючы слоў Берасневіча, не жадаючы іх слухаць, ён грымнуў з уласцівай яму грубасцю:– Ч-чорт! У вас што на рамёнах сядзіць, галава альбо... Выходзіць, Энгельс быў дагматык.Берасневіч адчуваў, што злосць так і кіпіць у яго сэрцы. “I што ён да мяне прычапіўся, прывязка”, – падумаў ён. А голасна сказаў:– Не, але я думаю, што ён пратэставаў бы, калі б быў жывы, супраць тых, што жадаюць зрабіць з яго дагматыка. Гэта быў геній, але гэта быў перш за ўсё Чалавек.Холадаў, як быццам не жадаючы разумець яго, зноў крыкнуў:– Значыцца, ён дагматык?– Не перакручвайце маіх слоў, – не вытрымаў Берасневіч. – Іхні сэнс для ўсіх зусім ясны. А калі для некаторых і не зусім ясны, дык у гэтым ім трэба вінаваціць не мяне, а некаторыя ўласныя асаблівасці.– Хто вас вучыў так размаўляць!!!– Вы толькі што ледзь не назвалі мяне дурнем, уласна кажучы, назвалі. Я больш стрыманы. А вучыў мяне Маркевіч. Ён быў, між іншым, выдатны выкладчык і, як усякі сапраўдны камуніст, вельмі памяркоўны чалавек. Ён ведаў, што мы вучымся, што мы не можам ведаць усяго, і не крычаў, а імкнуўся нам усё растлумачыць.У гэты момант чорт пацягнуў Берасневіча зірнуць на першую лаўку, дзе сядзелі сябры. Гэта было надзвычайнае відовішча: Алёнка была белая з перапуду за яго, Янка жоўты ад жоўці і злосці, Паўлюк чамусьці амаль сіні, Маркіч ружовы ад задавальнення (прадбачыўся скандал).“Вясёлка!” – прамільгнула ў галаве Берасневіча, і ён усміхнуўся, зусім забыўшыся на тое, як паставіцца да гэтай усмешкі Холадаў.А Холадаў знайшоў у ёй доўгачаканы выхад.– Ах, яшчэ і рогат з мяне? Прэч з аўдыторыі! Прэч! Прэч!Не растлумачваць жа было гэтаму чалавеку прычыну ўсмешкі. Берасневіч выпрастаўся, быццам яго сцебанулі пугай:– Не крычыце на мяне! На мяне яшчэ ніхто не крычаў. Я не хлопчык, я адказваю за свае ўчынкі. І я не шчанюк, каб мяне выкідвалі за шкірку без усялякай маёй віны.Зазваніў званок і даў магчымасць з годнасцю разысціся ўдзельнікам сцэны.Але пад час перапынку дэкан Грушэвіч спыніў Уладзіслава ў калідоры і з дакорам сказаў яму:– Эх, Берасневіч, Берасневіч! І собіла ж табе ляпнуць такое. Папярэджвалі ж цябе. І як Маркевіч будзе незадаволены, як даведаецца.Берасневіч апусціў галаву, але сказаў упарта:– Калі што мяне і трывожыць, дык гэта незадавальненне Маркевіча гэтай справай. Адносна ж Холадава – я не шкадую. Ён абразіў мяне, абражае студэнтаў, не карыстаецца ў іх ніякай павагай. Я не шкадую. І ніколі не буду шкадаваць.

XIIЦераз некалькі дзён (студэнтаў ужо адпусцілі, і трохі пазней павінны былі адбывацца экзамены) камсамольскае бюро факультэта вырашыла зрабіць нядзельнік. Уласна кажучы, гэтага патрабавалі самі студэнты. У горадзе там-сям яшчэ засталіся руіны, і адна з такіх руін ляжала амаль за самым універсітэтам, у катлавіне, адгароджанай ад яго сцяною велічэзных ліп і каштанаў. Мясціна была зручная для стадыёна. А стадыёна для студэнтаў у горадзе не было, і Берасневіч аднойчы кінуў прапанову зрабіць стадыён сіламі пятых курсаў і падараваць яго праз год той моладзі, якая толькі прыйдзе ва універсітэт, калі яны будуць канчаць яго.