У снягах драмае вясна

Ранак быў свежы і чысты, такія бываюць толькі ў канцы мая, калі кожнай ноччу ідзе дождж, а ранак устае з чыстым, трошкі затуманеным сонейкам, салодкімі спевамі залатога з зялёным гівала ў шатах мокрых дрэў, з чыстымі вясёлкавымі кроплямі на лісцях.Сабраліся ля універсітэта, узялі рыдлёўкі, кіркі і ламы і рушылі за хімічны корпус. Янка выскачыў з радоў і пайшоў задам наперад.– Гаворачку чую, гаворачку. Гэй ты там, вальнапісны Паўлюк, падабраць пуза! А гэта хто там? Студэнт Аляксандр Пушкін? Цягнешся, як цяжарны. Гэта табе не паэмы пісаць, Анегіяў Яўгеніных розных... Левай... левай! Пахаванне ідзе – галовы направа, глядзець весялей!Берасневіч канфідэнцыяльна і голасна, каб усе чулі, сказаў Паўлюку:– Вы, дзеці, на генерала Янку Галаўня не злуйцеся ўжо вельмі. Ён жа пра ўсіх вас думае. Ці лёгка гэта яму, без галавы, думаць?..Янка пад агульны рогат хутка стаў у рады. Недзе нарадзілася песня. Яе падхапілі. “Салдаты” з рыдлёўкамі знікалі ў алеі, і песня грымела, цягнулася, знікала за заваротам дарогі:Смело мы в бой пойдем За власть Советов.У катлавіне адкрылася руіна. Больш зручнага месца пад стадыён цяжка было знайсці. Спадзісты адхон, амаль не засмечаны і правільнай авальнай формы, падыходзячы памер плошчы будучага поля. Вось толькі на полі рабілася нешта падобнае на Дантава пекла: глыбокія ямы, перакручаныя жудаснай сілай рэйкі і арматура, на якой віселі вялізныя пліты жалезабетону, купы камення і цэглы, ямы ўніз, у нейкія скляпенні. Яшчэ трымалася збоку невялічкая вежка і арка ўвахода, але ўсё астатняе ляжала ў такім хаосе, у такім перапляценні камення, цэглы, бетону, рэек, што невядома было, да чаго прыкласці рукі. Некалькі грузавікоў чакала непадалёку.Берасневіч падышоў да камсорга факультэта, Міколы Касмача.– Мікола, я думаю, што вывазіць нам адсюль камень амаль непатрэбна.Мікола паскроб у патыліцы:– Ты што, хлопча, звар’яцеў?– Не, не звар’яцеў. Глядзі, што я прыдумаў. Цэглу трэба браць і насіць туды, пад дрэвы. Нашто нам пасля за яе грошы плаціць? Мы і з гэтай, – глядзі, цэлай сколькі, – можам зрабіць вакол стадыёна загарожу. Толькі муляраў трэба будзе наняць. З яе ж зробім і добрую браму. А можа, і муляраў не трэба будзе, самі навучымся.– Што ж, добрая думка. Трэба будзе толькі бітую цэглу вывазіць. Ну а што ты з бетонам гэтым думаеш рабіць?– А яго таксама. Глядзі, ёсць роўныя пліты. Можна будзе скласці з іх лавы для цэнтральнай трыбуны. Або ўкапаць іх у зямлю паміж лавамі – чыста будзе, як у метро. І яшчэ патрэбныя доўгія гарбылі, зробім з іх жолабы. Бачыш, якія тры вялізныя ямы. Тут, браце, бомбы не менш як па тоне падалі. Дык мы большую частку таго, што непатрэбна, скінем па жолабах туды, а калі да паверхні зямлі застанецца метры два з паловаю – засыпем астатняе добрай зямлёю. А камень таксама адцягнуць у адзін бок. Пасля можна будзе яго, каму трэба, па пяцьдзесят рублікаў кубаметр загнаць і на гэтыя грошы зрабіць апрацоўчыя работы. Хай на мяне сто пудоў ліха, калі гэта ўсё універсітэту хаця адзін рубель будзе каштаваць.У Міколы твар расплыўся ўсмешкаю.– Чорт бы цябе ўзяў, галава міністэрская. Так і зробім. Ты вось што, будзеш кіраваць зараз сваёй групай і “славянамі”, а я да “раманцаў” пайду. Давайце там хутчэй з гэтымі скляпеннямі. Калі там расчысціце – грузавікам будзе больш зручна пад’язджаць. – І ён пабег да другой групы. Мікола быў з пароды тых камсоргаў, што на перапынках мітусяцца і кідаюцца па калідорах з пончыкам у адной руцэ і блакнотам у другой і кожнаму сустрэчнаму крычаць: