У снягах драмае вясна

Берасневіч, трошкі прыгаломшаны, сеў нападалёку ад яе і змоўкнуў, як заўсёды поруч з тымі, хто яму падабаўся. Неяк адразу стала ясна, што ў яго даўно не прасаваны гарнітур, што няма куды падзець рукі і зусім, зусім няма пра што размаўляць. І ён пачаў хутка круціць у пальцах нейкую забаўку, якую ўзяў са століка.Раптам пачуў яе голас:– Скажыце, гаспадарам заўсёды трэба хаваць ад вас рэчы, якія могуць пабіцца?У кутках яе рота была гумарыстычная складка, але Берасневіч не заўважыў гэтага.– Н-не заўсёды, – збянтэжана буркнуў ён.– Гэта добра. А чаму вы такі чырвоны? Вам горача?І тут Берасневіча прарвала:– Не, мне проста сорамна за тых, якія незнаёмым людзям робяць заўвагі.Ён адразу ж спудзіўся сваіх слоў, але тут сябра крутануўся на канапе так, што заенчылі спружыны, і, трыумфуючы, крыкнуў:– Што, Алёнка, з’ела? Я табе казаў, што калі з гэтым хлопцам не пакінеш свайго тону, то атрымаеш феферу. Пераканалася?І раптам усе зарагаталі. Лядок растапіўся.– Прабачце, я не думала вас абразіць. Я толькі зберагала маёмасць яго бацькоў.– Я таксама не думаў вас абражаць. Але вы напомнілі мне майго сябра. Ён заўсёды кажа ўголас тое, пра што звычайна думаюць нішком. Напрыклад, выступае на сцэне яго сябра і пасля, за кулісамі, кажа яму: “Ох, як жа я асароміўся, як дрэнна спяваў!”. Звычайна чакае чалавек, што яго суцешаць, скажуць: “Нічога, нічога”. А той яму адказвае: “Так, браце, сапраўды абпэцкаўся ты. Так дрэнна спяваў, шо я нават і ад цябе не чакаў такога”. Называецца, суцешыў. Ён атаясамлівае такія паводзіны з “камсамольскай адвертасцю”.Зноў засмяяліся. А пасля Алёнка сказала, што дастане білеты на канцэрт Гілельса цераз некалькі дзён і будзе вельмі суцешана, калі Жэнька прывядзе да філармоніі свой “цень”.Жэнька кінуўся цававаць ёй жартам рукі, а Берасневіч, які за гэты час прывык да яе, са здзіўленнем адчуў, што гэта яму не вельмі прыемна. Затое пасля ён быў суцешаны, калі яна працягнула яму, Берасневічу, руку і з нейкай асаблівай, не бачанай яшчэ дагэтуль Берасневічам, усмешкай сказала:– Я спадзяюся, мы будзем сябрамі. Толькі не лайце мяне так жахліва.Ён паглядзеў у яе вочы і зноў адчуў тую ж гарачую хвалю замілавання.– І калі вы не будзеце рабіць мне заўвагі за дрэнныя паводзіны?Як міла пасур’ёзнелі вочы.– Мне здаецца, я не буду больш рабіць вам заўваг. Абавязкова прыходзьце.Сказала і пайшла. І усё. Але і гэтага было дастаткова. У галаве Берасневіча скакалі нейкія маленькія вясёлыя чорцікі, хацелася чамусьці зрабіць нешта надзвычайнае, напрыклад, скочыць зараз з балкона на брук і, вядома, застацца жывым.І гэты настрой збярогся ў яго сэрцы да самага вечара, калі ён развітаўся з Жэнькам і накіраваўся ў інтэрнат. Разы з два ў трамваі ён спрабаваў напяваць праз адстаўленую скавароднікам ніжнюю губу, але атрымлівалася так голасна, што той-сёй з пасажыраў глядзеў на яго са зразумелай цікавасцю.А потым, калі ішоў па бруднай вуліцы ўскраіны, быў такі святочны і радасны, што здольны быў, як хлопчык, весці палкай па жалезнай агароджы саду.Перад інтэрнатам спыніўся. Шапка ў руцэ, паліто на адным плячы, на вуснах шырокая ўсмешка.“Якая цудоўная, якая слаўная дзяўчына!”

IIГэта быў пакой на другім паверсе, які зваўся “дваццатым інтэрнацыяналам”. Калісьці вялікі пакой інтэрната перагарадзілі на дзве паловы, але збераглі старую нумарацыю: пакой нумар дваццаць “А” і нумар дваццаць “Б”.