У снягах драмае вясна

Толькі б не сагнуцца, толькі б не ўпасці. Тады канец.І Берасневіч закрычаў. Крык атрымаўся нейкі няпэўны, і яго, відаць, не пачулі. Берасневіч закрычаў яшчэ – атрымалася яшчэ слабей.– Кідай! Кідай! – прахрыпеў Сяляўка.– Пачакай трошкі. Пачакай, дарагі, – маліў яго Берасневіч. – Хві-лі-нач-ку!Пачуццё нейкага замілавання, радасці, любові да гэтага, зусім непатрэбнага яму Сяляўкі запаланіла яму душу. Ён адчуваў, што хутчэй здохне, сплыве крывёй, будзе расплясканы, ніж кіне гэтую пліту.На лобе ў яго выступілі жылы, твар стаў ліловым, ногі як быццам уціскаў нехта ў жывот.“Толькі б не адпусціць. Толькі б не...”А пліта спаўзала ўсё хутчэй і хутчэй, зараз ужо не на Сяляўку, а яму, Берасневічу, на рамёны.Перад вачыма паплылі вогненныя пчолы. Яны ляцелі некуды з ціхім звонам, і вакол іх была чорная, як аксаміт, цемра.– Вось і ўсё. Алёнка! Бедная Алёнка!Успамін надаў яму сілы. Ён крыкнуў трэці раз, але з грудзей вылецеў не крык, а напаўстогн-напаўроў.У вачах пасвятлела, але Берасневіч з жахам адчуў, што ён не можа дыхаць. Выдых атрымліваўся добра, але ў лёгкія паветра не йшло. Не такая цяжкая ўжо была б пліта, каб не гэта жахлівая дыхавіца.– Паветра. Паветра б хоць трошачкі, – шапталі вусны.Пот ліўся з яго лба, дрыжэлі ногі, зноў пачалі плаваць перад вачыма чырвоныя мухі. Дыхаць было ўжо немагчыма, так сціснула грудную клетку. Прайшла, напэўна, гадзіна (а на самай справе хвілін сем-восем), пакуль ён пачуў дружны тупат ног. Відаць, пачаў крычаць Сяляўка, але Берасневіч не чуў гэтага.У сутарэнне, якое стала ў два разы ніжэй, удзерліся Янка, Паўлюк, Маркіч, яшчэ некалькі хлопцаў.Берасневіча было цяжка пазнаць. Фіялетавы, з бруднай, пераблытанай шапкай валасоў, з ашклянелымі вачыма, ён усё яшчэ трымаў скляпенне. Янка стаў поруч з ім, і ён, атрымаўшы нарэшце змогу гаварыць, прасіпеў:– Прэч, цягні Сяляўку... Хлопцы, там, ля ўвахода... бервяно. Цягніце сюды.Хлопцы пабеглі за бервяном. Маркіч і Паўлюк паімкнуліся былі да Берасневіча, але ён са страшнай, змучанай грымасай на твары ледзь выціснуў з грудзей:– С-с-спачатку яг-го.Лом Янкі падважыў пліту, Паўлюк пацягнуў да сябе вызваленую нагу Сяляўкі, ускінуў яго на плячо і пабег з сутарэння. Янка стаў поруч з Берасневічам, але пліта ціснула не менш: занадта спаўзла.– Кідай! Кідай пліту! – у роспачы закрычаў Маркіч Берасневічу, на якога споўз амаль увесь край пліты.Вочы Берасневіча трохі не закаціліся пад лоб.– Н-нельга... Адразу ўпадзе. І ты... не паспееш. Пачуўся тупат. Хлопцы з Паўлюком уцягнулі ў склеп невялікае бервяно і паставілі падпорку ля галавы Берасневіча. І тады з амаль жывёльным рыкам з грудзей ён упаў на калені. Яго падхапілі пад рукі, пацягнулі далоў, з сутарэння.Ледзь яны выбраліся, як пліта яшчэ спаўзла на які аршын, пачуўся трэск дрэва, і, відаць, арматура не вытрымала, вялізная брыла абурылася ўніз, загрукацела, упала, узняла ў паветра вялізную хмару рудага пылу.Дзяўчаты ля дрэў толькі зараз зразумелі, што ў хлопцаў адбылося нешта надзвычайнае. Ад іхняга гурту аддзялілася маленькая фігурка і паляцела з гары ўніз.Берасневіча правялі яшчэ некалькі крокаў, але раптам ён апусціўся на калені:– Пусціце мяне... Жывот баліць... Я, здаецца, падарваўся.А тая, што бегла з гары, падбегла да Берасневіча, расштурхала людзей, упала ля яго на калені.– Уладзік! Любы! Уладзік! Што з табою, Уладзік?!!“Як яна галосіць, – падумаў Берасневіч. – Як вясковая жанчына...”