У снягах драмае вясна

На тым боцы, ля берага, лін ваду калыша. Лін ваду калыша, лін ваду калыша, Алёначка без Уладзі гадзін не прадыша, Гадзін не прадыша, гадзін не прадыша.Я таксама не прадышу без цябе і хвіліны. Далей слоў песні не пішу, далей трошкі сумна. А ў нас будзе зусім не так. Любая мая, пішы, не дай памерці перадчаснай смерцю, сумуючы па табе. Зорка мая яснавокая, бывай.Назаўжды твой УладзіслаўГурзуф. 10 ліпеня 1952 г.Дарагі мой Уладзік!Сёння ў мяне дзень шчасця. Першага ліста я, вядома, не атрымала, але сёння атрымала другі. Дарагі мой, добры друг, дзякую за шчырае пачуццё. Маё шчасце таксама толькі з табою, я гэта цвёрда ведаю. Я ведаю, маці было б непрыемна, каб яна ведала, што я так адверта пішу табе гэта, але я іначай не магу. Не сумуй, дарагі. Усё міне, міне і разлука. Праўду казаць, я чакаю гэтага, але іншы раз мне страшна, занадта ўжо мы шчаслівыя. Я купаюся ў моры, загарэла і, здаецца, пачала добра спяваць. Спяваю не я, спявае маё шчасце. Я лічу дні. З радасцю буду потым заўсёды з табою, прыеду да цябе.Жанчыны наспявалі табе праўду, чуеш? Толькі ты сказаў: зімою, а я думаю, што вясной будзе лепш. Мы не расплюхаем па дарозе шчасця, яно стане яшчэ мацнейшым. А нарэшце ўсё будзе так, як захочаш ты.Ты будзеш аспірантам, пасля вучоным. Будзе ў нас невялікі пакой, і абавязкова будуць пад акном квітнеючыя вішні. Будзем працаваць. Мне здаецца, я раблюся дурная ад шчасця, калі памыслю пра гэта. Я шчыра буду кахаць цябе, твой няпросты лёс, твой светлы розум, твае вочы, твае прытульныя, добрыя, вялікія і прыгожыя рукі.Чакай. Усё будзе добра. Усё-ўсё наперадзе, у будучым. Цалую цябе.Твая Алёнка

XVІ стала восень. Верасень жаўціў дзе-нідзе лісце на бярозах, а каштаны на цэнтральных вуліцах горада, дзе было шмат машын, зусім пажоўклі.Павуцінне з малюпасенькімі павучкамі, – “пража маткі боскай”, як яго яшчэ і дагэтуль называюць у глухіх кутках Беларусі, – залятала нават у горад, ляцела сівымі ніцямі ў паветры, чаплялася за рамы, за галіны дрэў, за клумбы, дзе дагаралі незгасальным агнём чырвоныя вяргіні.З каштанаў падалі зялёныя калючыя шары, разбіваліся аб асфальт, і з мясістай абалонкі выглядаў вільготны карычневы плод. Дзеці падбіралі іх і рабілі каралі. Нават дарослым хацелася часам, калі ніхто не бачыў, прыкласці халодны карычневы шарык да вока ці да шчакі. А закаханыя, калі знаходзілі два каштаны ў адной калючай бомбе, бралі іх сабе “на шчасце”.Над ракою пачынаў ужо віцца туман, і, як неапалімыя купіны, гарэлі на ўлессях прыгарадных лясоў асінкі, як быццам жадалі сказаць людзям, што пакуль яны гараць і грэюць неба – няма чаго баяцца ранішнікаў і халадоў: асіна заўсёды чырванее першай, калі яшчэ цёпла. Яна – зябкае дрэва і нават летам дрыжыць пад цёплым ветрам.Берасневіч прыехаў у горад раней за іншых студэнтаў, і для яго з Алёнкаю пачалася другая вясна. Увосень пачуцці робяцца больш вытанчанымі, яны прасякнутыя як быццам сумам адыходзячай вясны і памірання жоўтых лісцяў. Іншы раз здаецца, што поруч з табою не каханая, якую ты ведаеш да апошняга жэста, а любімая сястра, з якой добра, радасна, прытульна і трохі спакойна жыць на зямлі.Так было і з імі. Пачуццё як быццам драмала, захаванае, каб зноў вырвацца на волю, калі прыйдзе час. І толькі калі-нікалі ўладна казала: “Я тут. Я прыйду. Сцеражыцеся”.Спачатку Берасневічу нават стала жудасна ад гэтай раптоўнай перамены. Яны, – а ён у першую чаргу, – столькі разоў уяўлялі сабе дзень сустрэчы, што, калі ён прыйшоў, – не абышлося без расчаравання. Яна сустрэла яго трошкі халаднавата (дарэчы, і маці яе была ў кватэры), ён разгубіўся. У пакоі была і Алёнчына сяброўка, яна пачала задзірацца з Берасневічам, ён адказаў ёй дзёрзкасцю. Пайшоў быў ад іх з такою злосцю на сэрцы, што да твару было пайсці і скокнуць з высокай званіцы куды-небудзь на брук. Пасля злосці надышла чарга адчаю.