У снягах драмае вясна

– Пакуль не даспяваецца, – іранічна заўважыў Маркіч.Берасневічу стала непрыемна.– Чакай, ты што гэта кажаш? Дзёрзкасці нейкія. Ты гэта, хлопча, пакінь. Фу, аж слухаць брыдка!– Брыдка – не слухай, – груба перабіў Маркіч. – Што гэта я за вамі заўважаю, таварышы? На зборах не былі, працу запусцілі. Замест гэтага з’яўляюцца сюды, сімфоніі слухаць. І гэта ўсё ты, Берасневіч, яе зводзіш з вернай дарогі. Глядзі, дрэнна скончыцца.– Не пужай, – аглядаючыся на суседзяў, сказаў Берасневіч. – Мог бы іншае месца выбраць для натацый. Але вось што: пра зборы я, напрыклад, не чуў нічога, праца ідзе нармальна. Яна таксама не дзіцёнак, каб я яе зводзіў. А наконт сімфоній, дык слухаць іх, мне здаецца, не забаранялі. I, зрабі ласку, не разважай пра тое, чаго яшчэ не зразумеў.– Ты таксама нічога не разумееш,– выбухнуў Маркіч.– Так, гэта праўда. Не разумею я, напрыклад, чаго гэта ты, Маркіч, такі назойлівы чалавек, як асенняя муха-жыгалка. Я да цябе не лезу, ты тут таксама не вельмі патрэбны, як я магу меркаваць. Чаго ж ты перашкаджаеш нам, чаго ты заўсёды псуеш нам настрой, лезеш са сваім ханжаствам? Ён – Ён думае, што гэта абавязак курсавога камсорга, – заўважыла Алёнка. – А абавязак камсорга не касцёльнай дзявоткай быць, а быць чалавекам. Між іншым, Уладзік гэта разумеў, калі быў камсоргам на першых двух курсах.– Што ж ты мне прыкажаш, патураць вам, ці што? Схіліцца вось тут зараз і “чаго вашай ласцы”?– Нашай ласцы зараз патрэбна, – канчаткова раззлаваўся Берасневіч, – каб ты пайшоў і не засланяў нам сонца.На іх пачалі аглядацца. Маркіч заўважыў незадаволены выраз на тварах некаторых з гледачоў і рэтыраваўся.Магчыма, Берасневіч, калі б ён пабачыў выраз на твары Маркіча, калі той ішоў алеяю прэч, паставіўся б да справы больш сур’ёзна. Маркіч амаль бег, сціскаў кулакі і лаяўся:– Д-добра. Н-ну добра. Зараз ваганням канец. Бестыя, паскудная бестыя! I такі яшчэ мае нахабства думаць пра аспірантуру, пра такую дзяўчыну, зводзіць яе з дарогі! Ну пачакай, ты атрымаеш такі ўдар, што наўрад ці застанешся жыць.Ён шчыра думаў, што ў яго грамадская нянавісць, а зусім не асабістая, і не ўглядаўся ў глыбіны свайго сэрца.

XVIЗборы пачаліся даволі позна, у восем гадзін вечара. Аўдыторыя пасля лекцый была душная, ды яшчэ ў гэту вялікую залу ўціснуліся зараз камсамольцы цэлага аддзела. У дадатак да ўсяго згасла святло і давялося запаліць некалькі свечак. Іх няпэўнае святло асвятляла толькі стол, за якім сядзелі некаторыя выкладчыкі, ды некалькі першых радоў. Па столі скакалі, рухаліся вялізныя цені, куткі залы губляліся ў цемры.Берасневіч сеў з усёй “вялікай камарыльяй” ля правай сцяны. Была Алёнка (на яе твар лёг рэмбрантаўскі цень), сядзеў поруч з ёй Жэнька, калмацячы чуб. Янка, вясёлы і з’едлівы, як заўсёды, жартаваў з Валяй, малюючы на яе карыкатуру. Прымасціўся поруч і Паўлюк. А вось непадалёку і Сяляўка, які чамусьці ўвесь чырвоны; хвалюецца, ці што?Далей галовы, як качаны на гародзе. Усялякія галовы: рыжыя, чорныя, бялявыя. Яшчэ далей, ля стала, Маркіч на калене перабірае нейкія аркушыкі, гатуецца. Яшчэ далей сядзіць Грушэвіч, з ім Холадаў і Пірагоўскі, выкладчыца замежнай мовы Лунінецкая, прыгожая сумная жанчына.Ля Маркіча сядзяць парторг курса Паўлоўскі і Марыя Капасевіч. Словам, зборы як зборы, нічога асаблівага. I пачаліся яны млява, і ішлі млява, хоць тэма была: “Паводзіны сапраўднага камсамольца”. Выступаў Мікола, расказваў пра справы камсамольцаў аддзела за мінулы год, расказваў і пра будаўніцтва стадыёна. Берасневіч знайшоў, што прамовы ён кажа горш, ніж дзейнічае кіркай. I наогул было нудна. Янка, напрыклад, даўно не слухаў, а пісаў сваю частку калектыўнай “дэкадэнцкай” паэмы, у якую кожны дабаўляў пасільна некалькі радкоў. Паэму вырашылі назваць “Крывапупныя бравэркі”. У Янкі радкі атрымліваліся абсалютна ідэальна бязглуздымі і ў той жа час смешнымі. Зацікаўлены Берасневіч глядзеў Янку пад руку.